Тое, што ў пачатку чэрвеня адбывалася ў Гародні – сапраўды ўнікальная з’ява. XIII Рэспубліканскі фэст нацыянальных культур заявіў пра сябе карнавалам яркіх фарбаў і феерверкам шчырых эмоцый. Сёлета ў свяце сяброўства ўдзельнічаюць 30 нацыянальнасцяў.
– Форум у Гародні – важная падзея для ўсіх 156 нацыянальнасцяў, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны. Беларусь – адна з нямногіх у свеце, дзе захаваны міжнацыянальны і міжканфесійны мір. І сённяшняе мерапрыемства – яркае таму пацверджанне, – каментуе намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Генадзь Владыка.
Цэнтр Гародні ператварыўся ў Горад майстроў. На выставу-кірмаш з’ехаліся народныя ўмельцы розных нацыянальнасцяў з усёй Беларусі – сотні тысяч каларытных работ і сувеніраў. Гасцей завабліваюць і водарамі нацыянальных страў.
У фэсце нацыянальных культур бяруць удзел і лідзяне. Да свята далучыўся танцавальны ансамбль “Красовыя забавы” Лідскага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, народны ансамбль польскай песні “Красавяцы” Палаца культуры горада Ліды, ансамбль “Смерычка” Лідскай раённай арга-нізацыі “Трэмбіта” Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”.
Святочную атмасферу ствараў падворак “Мая Беларусь”. На ім былі прадстаўлены ўсе рэгіёны нашай краіны.
У прэзентацыі падворка Гарадзенскай вобласці прынялі ўдзел калектывы ГУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, якія прадставілі міні-выставу і майстар-клас па белаўзорыстым ткацтве Панямоння, народным касцюме Гарадзеншчыны. Задорнымі песнямі і яркімі нумарамі пацешылі гасцей свята ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыва “Талер” і народнага лялечнага тэатра “Батлейка” з п’есай сярэднявечча “Патрыкей”. Прэзентацыю страў з ільняным насеннем прадставіў народны клуб традыцыйнай народнай культуры “Ульяніца” філіяла “Ганчарскі Дом культуры”. Ну і, вядома, не абышлося свята без народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”.
Таксама ў рамках свята адбыўся VI абласны фэст кнігі “Гарадзенскі літфэст “Нас аб’ядноўвае Беларусь”. Тэматычную пляцоўку на ім прадставіла Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.
Сёлета фэст нацыянальных культур адбыўся ў трынаццаты раз. За час свайго правядзення ён не толькі змяніў статут на міжнародны, але і стаў візітнай карткай Гара-дзеншчыны, абзавёўся індывідуальным лагатыпам, знакамі. Напрыклад, вось ужо некалькі гадоў удзельнікаў і гасцей гэтай значнай падзеі суправаджае кветачка-сяміколерка. А сёлета яна яшчэ і паўстала ў выглядзе шклянога сувеніра, вырабленага майстрамі найвышэйшага класу шклозавода “Нёман”.
Ідэя стварэння галоўнага прыза фэсту належыць вядучаму мастаку прадпрыемства Васілю Самахвалаву (ён браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі і іншых фэставых прызоў). А працавала над шкляным шэдэўрам каманда больш, чым дваццаці таленавітых спецыялістаў эксперыментальна-мастацкага ўчастка.
Першыя шэдэўры са шкла да самага першага фэсту нацыянальных культур прыдумала і вырабіла заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Людміла Мягкова,
Па меркаванні Васіля Самахвалава, у кветачцы-сяміколерцы зліліся разам беларускае, нацыянальнае і народнае. У яго некалькі складовых частак. На крыштальнай падстаўцы з подпісам – дзве крыштальныя стэлы з беларускім арнаментам і сімвалічным малюнкам эмблемы фэсту. Самымі складанымі элементамі выраба і для выдзімальнікаў, і для шліфоўшчыкаў сталі пялёсткі.
– Над новай арыгінальнай задумкай пачынаеш працаваць не за месяц і нават не за два да фэсту, – распавядае мастак. – Можна сказаць, ужо цяпер трэба думаць пра галоўны прыз XIV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур. Пры тым, што асноўных знакаў не так ужо шмат, новы прыз таксама павінен быць арыгінальным і непаўторным.
Вольга Капцевіч.