Да 110-годдзя беларускага паэта Анатоля Іверса (1912-1999)
Нарадзіўся Анатоль Іверс (Іван Міско) 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры на Слонімшчыне. Праз два гады сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе. Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў “перавучвацца” ў польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучнем беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам. Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Наваградскай гімназіях, але і адтуль “бунтар” Міско быў выключаны. Яго “ўніверсітэты” закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску. У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Іверс былі апублікаваны ў першым студзеньскім часопісе “Літа-ратурная старонка” за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але з друкарні ўсё ж удалося вынесці некалькі нумароў. Вокладка першай кніжкі Анатоля Іверса. Праз некаторы час вершы Анатоля Іверса пачалі часта друкавацца на старонках выданняў “Літаратурная старонка”, “Калоссе”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Наша воля”, “Асва”. А ў верасні 1939 года ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Песьні на загонах”. Аб чым пісаў малады слонімскі паэт? Ды пра тое, як шуміць жыта, як “хтось расчэсваў зялёныя сосны”, як “заігралі ветры ў полі” і як “залацілася раніца ападаючым шэлестам”. А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:
Адзначыць каб добрую ўдачу,
Я зораў з сабой набяру
І жменяю сыпну – няйначай,
На славу табе, Беларусь.
Калі прыйшлі “першыя саветы” і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета “Вольная праца”, яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на працу на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным паседжанні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету “Барацьба”, лістоўкі, дапамагаў выпускаць падпольную “Вольную працу”. Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Пасля вайны, замест творчай працы Іван Міско працаваў на смолазаводзе, у хімлясгасе, а калі пайшоў на пенсію – быў адказным сакратаром Слонімскага раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А першы пасляваенны зборнік вершаў выйшаў з друку толькі ў 1970 годзе. Ён называўся “З пройдзеных дарог”. Сюды ўвайшлі вершы, напоўненыя пачуццём шчырай любові да роднага краю і яго працавітых людзей, а таксама паэма пра камсамольца Валодзю Бялько. У сваіх паэтычных радках Анатоль Іверс стараўся праўдзіва адлюстраваць перамогі над усімі акупантамі, якія не давалі спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі:
Перамога! Перамога!
Абіваем з ботаў пыл.
І на пройдзеных дарогах
Ставім новыя слупы.
Вецер гутарыць з ліствою,
Ад кастра адносіць дым.
А слупы ўсё пахнуць хвояй,
Нашым лесам маладым.
Але як цяжка Анатолю Іверсу не было і дзе б ён не працаваў, заўсёды пісаў вершы, ніколі не цураўся матчынай мовы. Паэт трываў і “шчасце спазнаў” у сваіх вершах. Трэці зборнік паэзіі “Жыву ў бацькоўскім краі” пабачыў свет у Менску ў 1982 годзе. Ва ўступным слове да яго Алег Лойка трапна заўважыў, што “вершы Анатоля Іверса другой паловы 1960-1970-х гадоў раскрылі жыццёвы лёс паэта найбольш шырока і глыбока, і іх дэкларацыі – часцей за ўсё менавіта ёмістыя паэтычныя формулы жыцця і барацьбы, вернасці Радзіме, праўды лёсу чалавечага, як, напрыклад, гэтыя:
Таварышы, паверце,
Хачу не проста жыць,
Хачу да самай смерці
Радзіме паслужыць”.
Нялёгка было ў правінцыі жыць, але вершы пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: “Я пайшоў бы ўслед за летам…”(1987), “Прыдарожныя сосны” (1995), “Травень” (1997) і іншыя. Васіль Быкаў аднойчы сказаў: “Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры”.
Сяргей Чыгрын.