Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Звонкія галасы Ігнаткаўцаў: “Вялік святы нам дзень настаў”

Звонкія галасы Ігнаткаўцаў: “Вялік святы нам дзень настаў”

11 мая 2022, 16:51 Культура 63
Звонкія галасы Ігнаткаўцаў: “Вялік святы нам дзень настаў”

“Вялік святы нам дзень настаў…” – звонка, голасна зацягваюць  вядомыя на ўсю Лідчыну пажылыя жыхаркі вёскі Ігнаткаўцы Ходараўскага сельсавета – удзельніцы фальклорнага гурта “Ігнаткаўскія весялухі” Надзея Гомза, Надзея Дзятчык і Дар’я Каспорская. І ў кожнага, хто апынецца побач, міжволі пранікае радасць – вялікая і жывая, адтуль разліваецца эліксірам, дорачы адчуванне свята.

Прыехаць у Ігнаткаўцы – вёску, аддаленую ад райцэнтра і нават цэнтра сельсавета, – варта проста дзеля таго, каб пачуць іх жывое выкананне і жывыя ўспаміны, атрымаць асалоду ад прыроднага таленту і прыгажосці вясковых людзей, зарадзіцца пазітывам і жыццёвымі сіламі.

Калектыў з вясковых бабуль, адной з якіх 94, другой 89, а трэцяй каля 80, поўнасцю адпавядае сваёй назве: нягледзячы на ўзрост, перажытыя нягоды ды цяжкую працу, яны вясёлыя, жвавыя, актыўныя і вельмі галасістыя. Яшчэ ў маладосці жанчыны працавалі разам на мясцовай ферме і ў паляводстве, хадзілі на вячоркі і на танцы. І ні адну справу не рабілі без песні. Міналі гады, дзесяцігоддзі, а яны па-ранейшаму сябруюць і ўсё жыццё спяваюць. У адно творчае цэлае, калектыў з такой трапнай назвай “Ігнаткаўскія весялухі”, іх калісьці аб’яднала былая загадчыца Голдаўскага клуба-бібліятэкі Наташа Гомза.

Бабулі не толькі любяць спяваць, але і добра памятаюць песні, аб-рады сваёй маладосці. Вось ужо шмат год нідзе ў ваколіцах Голдава не ходзяць валачобнікі. А пажылыя жыхаркі Ігнаткаўцаў, каб хоць крышачку больш сілы і здароўя, і зараз пайшлі б!

– Калісьці, у нашай маладосці, ні адзін Вялікдзень не абыходзіўся без валачобнікаў, – расказваюць бабулі. – Спачатку, у ноч з суботы на нядзелю, ішлі на ўсяночную ў царкву ў вёску Лебяда. А ў нядзелю апоўдні на вясковай вуліцы з’яўляліся валачобнікі. Найчасцей гэта былі мужчыны. Бралі гармонік, кошык, у які гаспадары складвалі для іх пачастункі. Стукаліся ў кожную хату. Віталіся, зычылі дабрабыту, спявалі. Ганьбай было не прыняць валачобнікаў. А калі яны заходзілі ў хату, гэта лічылася добрай прыкметай, давала надзею на спраўджанне ўсіх пажаданняў. Так і хадзілі ад хаты да хаты, а вярталіся, бывала, пад раніцу – пеўні ўжо спяваць пачыналі.

– Вялікдзень святкавалі чатыры дні, – працягваюць аповед жанчыны. – Гулялі, спявалі. Ладзілі біткі яйкамі, пускалі іх з горкі.

Па-даўнейшаму, з прыгожымі песнямі, сабраліся “Ігнаткаўскія весялухі” і сёлета на свята Вялікадня. Як заўсёды, у хаце Надзеі Васільеўны Дзятчык. За накрытым сталом заспявалі: “Вялік святы нам дзень настаў…” Гучна, каб і на вуліцы пачулі. Каб кожны аднавясковец атрымаў часцінку святочнай радасці і сардэчнай цеплыні. Ды і самі адчулі велікодную радасць: у вачах ігралі жывыя агеньчыкі, а ў сэрцы вярнулася маладосць. “…Усе весяліцеся, людзі, скрозь: Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос!”

Вольга Яхантава,

lidanews.by.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас