Даклад Станіслава Судніка на ІХ Лідскіх чытаннях
Лідскі пісьменнік Леанід Лаўрэш, шукаючы матэрыялы да артыкула пра Ракавіцкую парафію, выйшаў на кнігу польскага пісьменніка Віктара Гамуліцкага “Сёмы аман ягамосці пана Макрэцкага”, галоўным героем якой з’яўляецца лідскі чашнік пан Антоні Казімір Макрэцкі. Леанід Лаўрэш здабыў тэкст аповесці ў інтэрнэце і перадаў мне. Пачалася даследчая праца. У Польскай паўшэхнай энцыклапедыі перш за ўсё знайшлі інфармацыю пра самога аўтара.
Віктар Гамуліцкі, псеўданім Fantazy і інш., нарадзіўся 17.10.1848 г. у Астраленцы, памёр 14.11.1919 г. у Варшаве. Паэт, пісьменнік, эсэіст, літаратурны крытык, даследчык гісторыі Варшавы і калекцыянер. У 1866 – 1869 вывучаў права ў Галоўнай школе. Супрацоўнічаў у т.л. з “Тыгоднікам ілюстраваным” (тут у 1866 г. дэбютаваў як паэт, а ў 1891 – 95 гг. рэдагаваў хроніку), з “Кур’ерам штодзённым” (ад 1875 г.), быў чальцом рэдакцыйнай суполкі “Кур’ера Варшаўскага” (1872 – 1874 і ад 1885 г.), караткачасова рэдагаваў сатырычныя выданні “Муха” і “Кольцы”, а таксама “Тыгоднік паўшэхны” (1989 – 90). У 1918 г. атрымаў літаратурную ўзнагароду імя Элізы Ажэшкі.
Знаўца і аматар даўняй і сучаснай яму Варшавы, пасвяціў ёй значную частку сваёй творчасці. Увёў у польскую паэзію гарадскую тэматыку, паказваючы адначасова гістарычныя традыцыі старой Варшавы (паэмы “У камяніцы пад Акрэнтам”(“У камяніцы пад Караблём”, 1886-1887), “Спатканне” (1907 г.), падаваў малюнкі з жыцця варшаўскай беднаты (вершы “Накарміць галоднага”, “Без мэты”, “На папялішчы”), дробных чыноўнікаў (“З нізкіх лёсаў”), яўрэйскай люднасці (“El mole rachmim”). У лірыцы Гамуліцкага моцна выступае філасофская плынь і мастацкія рэфлексіі (вершы “Дзе прыгожа?”, “Што такое песні?”). Гуманітарны змест яго паэзіі сведчыць у т.л. пра сувязь з паэзіяй В. Гюго, а яе мастацкая форма – пра зацікаўленасць сучаснай яму французскай паэзіяй. Апублікаваў “Паэзію” (1873, у 3-м сшытку “Кнігі песняў”, рэд. А. Міхаўкс), “Паэзію” (1882, у 2-м томе зборніка “Польская ліра”), “Паэзію” (1886), “Новыя песні” (1896), “Выбраныя вершы” (1900), паэму “Песня пра Гданьск” (1900), “Вершы” (1901), “Белы штандар” (1907), “Свячэнні” (1919).
Проза Гамуліцкага ўключае шматлікія замалёўкі, навелы і апавяданні, змешчаныя ў тым ліку ў тамах “Каляровых замалёвак” (1868), у “Праўдзівых замалёўках” (1868), “Пры сонцы і пры газоўцы” (1888), “Выбраныя навелы” (т. 1-3, 1899), “Забароненае” (1906), “Пакалоссе” (1913), а таксама гістарычныя аповесці, з якіх вялікую папулярнасць атрымала “Чароўная мяшчанка” (1897) і “Меч і локаць” (1903); у аповесці “Дробныя сошкі” (1904) паказаў варшаўскае літаратурна-журналіскае асяроддзе ў канцы ХІХ стагоддзя. Вялікай папулярнасцю карысталіся яго аўтабіяграфічныя “Успаміны блакітнага мундзірчыка” (1906), якія адначасова паказвалі стасункі ў школе пад расійскім заборам. Гамуліцкі апублікаваў таксама шмат нарысаў і распрацовак, датычных Варшавы, у т.л. “Апавяданні пра старую Варшавы” (3 серыі, 1900-09, новае выданне 1960), “Warschau” (1917. ням. выд. у Мюнхене), эсэ і гістарычна-літаратурных лекцый “Каласы з польскай нівы” (1912), “Літаратурныя сілуэты і мініяцюры” (1916), папулярных гістарычных нарысаў “Касцюшкаўская рэвалюцыя” (1906), “Рэвалюцыя 1830-1831” (1906). Сабраў шмат матэрыялаў, датычных Варшавы старадрукаў, рукапісаў, малюнкаў, гравюраў. Высока цаніў забытую ў той час паэзію Норвіда і планаваў напісанне манаграфіі пра яго. Перакладаў у т.л. В. Гюго і Ш. Бадлера.
Часы Сасаў – часы, калі на польскім троне знахо-дзіліся кароль Аўгусі ІІ Моцны і яго сын Аўгуст ІІІ.
Аўгуст ІІ Моцны, таксама Фрыдрых Аўгуст I Саксонскі і Аўгуст II Польскі (12 траўня 1670, Дрэздан – 1 лютага 1733, Варшава) – курфюрст Саксоніі з 7 траўня 1694 года, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 15 верасня 1697 года (абвяшчэнне каралём 17 чэрвеня 1697года) па 16 лютага 1704 года (1-шы раз, фактычна да 24 верасня 1706 года) і з 8 жніўня 1709 года (2-гі раз).
Для таго, каб заняць польскі пасад, пратэстант Аўгуст прыняў каталіцызм 1 чэрвеня 1697 года. Яго спробы ўнутраных рэформаў і ўзмацнення каралеўскай улады абярнуліся правалам, адначасова дазволіўшы Расійскай імперыі ўзмацніць уплыў у гэтым рэгіёне. Саюзнік Пятра I у Паўночнай вайне (1700-1721) супраць Швецыі.
Валадаранне яго было эпохай падзення народнага дабрабыту Рэчы Паспалітай і ваяўнічага духу яе жыхароў. Пры Аўгусце II польскае войска паменшана было з 80000 да 18000 і падзелена на дзве часткі, з якіх адна складалася з нацыянальных, другая – з замежных войскаў.
Аўгуст III Саксонец (17 кастрычніка 1696, Дрэздан – 5 кастрычніка 1763, Дрэздан) – кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 30 чэрвеня 1734 (абвяшчэнне 5 кастрычніка 1733), курфюрст саксонскі з 11 лютага 1733 як Фрыдрых Аўгуст II.
Пасля смерці Аўгуста II большасць сойма абрала на пасад Ляшчынскага, але частка шляхты абвясціла каралём Аўгуста, абапіраючыся не толькі на заявы Аўстрыі і Расіі пра недапушчэнне на пасад Ляшчынскага, але і на рускую ўзброеную сілу (1733).
Часы Сасаў – часы шляхочай вольніцы. Дзяржава была амаль некіраваная. Не маглі прыняць ні аднаго закона. Рэч Паспалітая кацілася да падзелаў.
І нарэшце – сам ягамосць пан Макрэцкі.
На Лідчыне былі вядомыя дзве лініі Макрэцкіх: першая ўласна ў Ракавічах – Макрацы каля Ражанкі і другая ў Дзітрыках каля Тарнова.
У аповесці гаворка ідзе пра Антонія Казіміра Макрэцкага з-пад Ражанкі, чашніка Лідскага павета, а таксама ротмістра Вялікай булавы Вялікага Княства Літоўскага.
Гэта рэальная гістарычная фігура.
Дзяржаўца рагачоўскі Антоні Казімір Макрэцкі (Макрыцкі) з 10.06.1728 г. быў лідскім канюшым, на пасаду лідскага чашніка намінаваны 10.02.1757 г. і займаў гэтую пасаду да 06.02.1764 г. Памёр у траўні 1766 г. Лідскі чашнік Антоні Казімір Макрэцкі прысутнічае і ў “Перапісе шляхты Лідскага павета 1765 г.”. У аповесці падзеі адбываюцца ў 1753 годзе, калі паводле біяграфіі Макрэцкі чашнікам яшчэ не быў. Недзе маем недакладнасць: ці ў біяграфіі, ці ў аповесці.
Чашнік у часы Сасаў – пасада ўжо чыста намінальная. Калі ў часы Сярэднявечча чашнік ВКЛ падаваў віно вялікаму князю і пры гэтым павінен быў спрабаваць з кожнай чашы, ці раптам віно не атручана, то што тычыцца чашніка Лідскага павета, то нікому нічога ён не падаваў, нічога паводле пасады не рабіў, і ніхто яму за гэтую пасаду не плаціў, назва пасады сталася тытулам, бо прыгожа гучала і дадавала шляхочага гонару. Другая пасада пана Макрэцкага – ротмітр Вялікай булавы Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ўжо больш сур’ёзна. Ротмістр павінен быў весці ў бой каля сотні шляхты, але, як было згадана раней, войска Рэчы Паспалітай было неміласэрна парэзана, то і пасада ротмістра была ўжо таксама хутчэй намінальнай.
Аповесць пачынаецца з таго, што пан ротмістр і чашнік бярэ паперу і пачынае пісаць нешта накшталт успамінаў. Магчыма, гэтыя ўспаміны існавалі ў рэальнасці і трапілі ў рукі варшаўскага пісьменніка, сталі так званай “рыбай” для мастацкай аповесці.
“20 ліпеня 1751 года наймілейшая жонка мая, дабрадзейка, а сёмай гадзіне пасля паўдня гэты свет пакінула, маючы веку 46 гадоў.
Пражылі мы з ёй 20 гадоў з ласкі Пана Бога нашага, як бы 20 тыдняў пры дабраславенстве Пана і Бога нашага.
Пахавана ў ракаўскай царкве.
Няхай да яе Пан Тварэц неба і зямлі будзе міласцівы і душы яе дасць спачынак па пратэкцыі Най-свяцейшай Панны і падтрымцы ўсіх святых Панскіх, асабліва патронак яе святых Кацярыны і Ефрасінні.
Аман. …”
Далей пан Макрэцкі ўспамінае сямёра дзяцей ад гэтай жонкі, чацвёра з якіх памерла не дажыўшы да года. Гэта ў багатага магната такая дзіцячая смяротнасць, што пра бедных казаць? Пасля малітвы за кожнае дзіця пан ротмістр прамаўляе: “Аман”.
Атрымалася пяць аманаў.
Чуць пазней пан Макрэцкі ўспамінае сваю першую жонку, з якой пражыў тры гады і з якой меў дзвюх дачок.
Гэта шосты аман.
А далей тчэцца канва самой аповесці, у якой пан ротмістр Антоні Макрэцкі са сваім памочнікам, дробным, але эклектычна адукаваным шляхціцам Пафнуціем Млечкам пражывае трохі больш за год у звыклых шляхочых клопатах і прыгодах.
Тут поўны набор:
– прыезд гасцей;
– паездка па справах з заездам у многія месцы і масай дарожных прыгодаў;
– балі, хаўтуры, зноў балі;
– наезд суседкі на сенажаць пана Макрэцкага;
– паездка да князя Ульдарыка Радзівіла, каб прыстроіць да навукі сына;
– трэцяя жаніцьба, і гэта ёсць той самы сёмы аман. Праўда, па кім будзе той аман: па даволі маладой удаве па суддзі ці ўжо па самім пане Макрэцкім, сказаць яшчэ цяжка. Магчыма, гэта проста аман па пражытай частцы жыцця.
Атрымоўваецца такая пазітыўная шляхочая рапсодыя ў досыць цяжкія часы для ўсёй дзяржавы.
Асаблівасці і каштоўнасці аповесці.
– высокая дакладнасць фактуры, што робіць аповесць з мастацкай амаль дакументальнай;
– у аповесці варшаўскага аўтара начыста адсутнічаюць палякі: ёсць ліцвіны – гэта магнаты і шляхта, ёсць беларусы – гэта ў асноўным простыя людзі, ёсць яўрэі, ёсць цыганы.
– дзяржава ў аповесці называецца Літвой і Вялікім Княствам Літоўскім, адзін ці два разы згадваецца Рэч Паспалітая;
– сама мясцовасць, па якой едзе пан Макрэцкі з Лідскага ў Ваўкавыскі павет, называецца Белай Руссю;
– ёсць асаблівасць у назве жанчын. Не ўжываюцца традыцыйныя польскія словы “кабета, невяста”. Ужы-ваецца слова “белагаловая”. Што праўда, пан Макрэцкі ў запале лепіць і слова “баба”. Але ў спакойнай канве – “белагаловая”. Я заўважыў гэтае слова і раней у Антонія Гарэцкага, паэта і свата Адама Міцкевіча, але тады не прыдаў значэння, так і пераклаў “белагаловая”.
– упершыню мы атрымалі імя па бацьку славутага і трагічнага лідскага старасты Вайдылы – Вайдыла Клаўсгайлавіч. Мабыць, рэальна будзе Вайдыла Кезгайлавіч. І тут разбіваецца ўшчэнт прыгожая легенда Пятра Бітэля пра Вайдылу як беднага беларускага хлопчыка, які розумам дайшоў да магнацкіх вышынь, што праўда, нават вышэй, аказаўся над усімі магнатамі і князямі, бо быў павешаны Кейстутам на даволі высокай шыбеніцы, мы бачым, што Вайдыла быў яцвяг, як і ўся ліцвінская знаць. Што праўда, даецца гэта са слоў шляхціца, які распавядае пра свой радавод, дзе і выдумак хапала, але прынамсі даецца;
– у аповесці Ліда згадваецца некалькі разоў, згадваецца Ваўкавыскі павет, згадваецца Мсцібаў, а вось таго ж Шчучына не заўважна. Згадваюцца больш двары магнатаў, чым вёскі ці мястэчкі. Розныя населеныя пункты згадваюцца ў тытулах. Пан Макрэцкі – чашнік лідскі, першая яго жонка – Багуміла з Галіеўскіх, дачка скарбніка Ашмянскага павета, другая жонка – Кацярына Ефрасіння Гуневіч, дачка стражніка Ашмянскага павета, яе маці Ганна з Красінскіх, дачка гомельскага старасты. І так па ўсёй аповесці…
– узгадваецца і Смаргонь, а дакладней – славутыя смаргонскія абаранкі. Колькі версій прыдумана пра паходжанне беларускага слова “абаранак”, а пра паходжанне рускага слова “баранка” – яшчэ больш. Гэтая “баранка” з бакалеі куды толькі не прабралася – “Крепче за баранку держись, шофёр” і г.д. А разам з тым з простай размовы пана Макрэцкага з Пафнуціем Млечкам мы даведваемся ўсю этымалогію гэтага слова. Не, яны пра паходжанне слова “абаранак” не гавораць, проста правільна вымаўляюць назву: “Смаргонскі абваранак”. І ўсё. І ўсё ясна. Слова “абваранак” – ад “варыць”, “абварыць”. Абваранак – прадукт абварвання. З часам літара “в” выпала, з “абваранка” зрабіўся “абаранак”, і “пайшла пісаць губерня”…
– ёсць у аповесці і яшчэ адзін цікавы момант, які нейкім чынам збліжае яе з “Пінскай шляхтай” Дуніна – Марцінкевіча. Гаворка ідзе пра шляхочы гонар. Памятаеце, у “Пінскай шляхце” лупцаваць шляхціца розгамі можна было толькі, падаслаўшы дзяружку, а калі на голай зямлі, то гэта знявага шляхочага гонару. У аповесці на сенажаць пана Макрэцкага зрабіла наезд нахабная суседка са сваімі людзьмі. У зацятай бойцы наезнікі былі павязаны. І вось тут выступае тое самае датрыманне шляхочага гонару. Сыноў вяльможнай наезніцы, вяльможных шляхцюкоў пазвязвалі ядвабнымі шнуркамі. Шарачковых шляхціцаў пазвязвалі канаплянымі вяроўкамі. Мужыкоў пазвязвалі лыкам. Кожнаму сваё. Хоць сінякоў у бойцы ўсе атрымалі як мае быць, шляхочы гонар парушаны не быў;
– не мог аўтар абысціся і без жартаў адносна стасункаў паміж хрысціянамі і яўрэямі. Пан Пафнуцій Млечка напіўся ў яўрэйскай карчме і ўчыніў п’яны скандал, у якім, зачапіўшыся за нейкую дробязь, пан Млечка пераходзіць да традыцыйнага абвінавачвання ў тым, што яўрэі распялі Хрыста, і ў злачынстве, якое адбылося 1700 гадоў назад, пачынае абвінавачваць сучасных яму яўрэяў:
– Ты – першы бандыт, – крычыць. – Пану Хрыстусу цвікі ў найсвяцейшыя рукі ўбіваў! Ты – другі воцатам і жоўцю найсвяцейшыя губы паіў! Ты – трэці Сына Божага каля слупа бічаваў!
Тут яўрэі на калені падаюць і крычаць:
– Гэта абман! Гэта плётка! Я ў гэты час на кірмашы ў Мсцібаве козы прадаваў!
– Я прысягаю, што ў той час па сваёй Рыфцы на набажэнстве сядзеў!
– Я сведак пастаўлю, што ў той час меў паскудную хваробу і зусім на брычку сесці не мог!
Крык паўстаў агульны, гармідар.
У той момант выйшаў з алькова сам карчмар – яўрэй тоўсты, спакойны, звыклы раз’емца скандалістаў і забіякаў. Прыціхлі іншыя, ён жа, зняўшы ярмолку, пакланіўся да самых ног пана Макрэцкага і паважна з расстаноўкай засведчыў.
– Прашу ласкі яснага кашталяна. Ясны ваявода мусіць выслухаць, што скажа карчмар Іцак Школьнік. У мяне ўсе бываюць, таму я ўсіх ведаю. За тутэйшых яўрэяў я магу паручыцца, што яны таго не зрабілі. Яны чыстыя, спакойныя і глядзяць адно, дзе які тынф зарабіць. А калі ясны гетман хоча ведаць, хто гэта зрабіў, то я скажу. Гэта зрабілі тыя паскудныя багатыя яўрэі з Ваўкавыска – тыя эпікурэйцы, што адна трэф, крымкаў не носяць і дачок сваіх па-французску вучаць. Яны на ўсякае злачынства заўсёды гатовы…
Апраўдаліся. Цяпер няхай ваўкавыскія яўрэі чакаюць Пафнуція Млечку з яго прэтэнзіямі.
– і адно расчараванне. Падчас візіту пана Макрэцкага да князя Ульдарыка Радзівіла князь згадвае паэтэсу Альжбету Дружбацкую. Ведаючы, што канва аповесці вельмі блізкая да рэальнасці, і бачачы, што прозвішча Дружбацкай абсалютна не польскае, мы звярнуліся да энцыклапедыі. Сапраўды, была такая паэтэса, дзе нарадзілася – не сказана, а памерла ў Тарнове. Ну, думалі, пашанцавала – яшчэ адна наша лідская паэтэса. Аж не, пакапаўшыся глыбей, Леанід Лаўрэш устанавіў – пахавана яна ў польскім Тарнове. Род Дружбацкіх быў вядомы на Валыні, а менавіта там большую частку жыцця пражыў Ульдарык Радзівіл, які нарадзіўся ў нашым Дзятлаве. Але тое, што Ульдарык Радзівіл, які доўга жыў на Валыні, ведае і хваліць менавіта валынскую паэтэсу, яшчэ раз падкрэслівае, наколькі дакладна прапісана ў аповесці кожная дэталь.
Такім чынам лідзяне, а разам шчучынцы ды ваўкавысцы, ды, што там, усе беларусы маюць цікавы літаратурны твор, які, безумоўна, узбагачае нашую літаратуру, нягледзячы на тое, што напісаў яго чыстакроўны паляк. Але ж талент ёсць талент. Янка Маўр у беларускай вёсцы апісаў Вогненную зямлю. Жуль Верн апісаў увесь свет, не выязджаючы з Францыі. Дык чаму ж варшавяк Віктар Гамуліцкі не мог напісаць пра лідскага чашніка пана Макрэцкага? І, мабыць, за гэты таленавіты твор ён і атрымаў узнагароду імя Элізы Ажэшкі.
Станіслаў Суднік.