Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Зміцер Захарэвіч. ВЯЛІКДЗЕНЬ ПРЫЙДЗЕ

Зміцер Захарэвіч. ВЯЛІКДЗЕНЬ ПРЫЙДЗЕ

26 красавіка 2022, 22:49 Культура 10
Зміцер Захарэвіч. ВЯЛІКДЗЕНЬ  ПРЫЙДЗЕ

ЦІ ПРЫЙДЗЕ ВЯЛІКДЗЕНЬ?

 

Яшчэ рудзела на пяску

Ахвяры кроў,

 

А дзіда Лонгіна1

На сонцы зноў гарэла,

 

Калі прыйшоў да вучняў

Той, які ўваскрос,

 

Смерць зваяваўшы

На здзіўленне малаверам.

 

Бацькоўскі край,

Ці хто патрапіць адказаць

 

Забраным душам

На пакуты без збавення –

 

Калі мы здолеем

Наблізіць, прычакаць

 

Вялікі дзень

Твайго святога ўваскрашэння?

 

ПЕСНЯ

 

Наследванне А.Сысу

 

Крыжыкам на шыю мне

Вышывалі долю

Роснымі сцяжынамі,

Ніткаю тугою

Хвоі па-над Іслаччу,

Нёмнам і Дзвіною.

Я ж гадаў, ці выстарчу

На шывок спакою

Між начмі разгульнымі

Ды світанкаў хворых,

І вачыма любымі,

Поўнымі дакораў.

Крыўды – справа звыклая,

Нат без дай прычыны.

Дождж хвастаў і выплакаў

Хмары па лагчынах,

Над якімі ў рэшаце

Гадунец свабоды –

Вецер носіць-цешыцца

Модлы і мелодыі.

Песняй пакаяннаю

Долі не пазбыцца,

Сшытае з туману мне

Тонкаю ігліцай…

 

АДКАЗ

 

Што я магу разумным адказаць? –

Калі няма ўсцяж веры ведам:

Пануе забабон над светам

І сіляцца гару няздары ўзяць.

 

Што я магу няўцешным адказаць? –

Калі ў жыццё прыходзім з болю,

Таму на ветры мімаволі

Злятае з веяў знічкаю сляза.

 

Што я магу шаленцам адказаць? –

Калі рве хрыпам конь мой цішу,

У скачцы цуглі закусіўшы,

І ўжо ані спыніць, ані стрымаць.

 

На розных полюсах нам астываць,

У немым холадзе рот сцяўся –

Калі ніхто не запытаўся,

Што я магу цікаўным адказаць?

 

* * *

 

Не выбіць з рук змагарных меч

Ударам хвацкім з-за пляча,

Калі пайшоўшыя на смерць

Не маюць у руках мяча.

 

Заўсёды спляжаць, пасякуць –

Будзь шчырым хоць з самім сабой –

Тых летуценнікаў, што йдуць

У бой бяззбройнай грамадой.

 

Ні сцяг, ні кветкі, ні крыжы

Не здолеюць уратаваць –

На бітву ў рукі меч бяры,

Каб іх угору не падняць.

 

ВЕЦЕР

 

Шамасціць без перастанку лісце,

На дварышчы белы пух мяце –

На таполі вецер пер’е чысціць.

Выйду на выправу паглядзець.

 

– Ці далёка, пан?

                      – У ветраў вырай,

Дзе спакон вякоў Барэй жыве,

Аб званіцы там не зраню крылаў,

І млынар мяне не запражэ.

 

Маю там прастору для разгону,

Там свавольна ветракі кручу,

Там няма ні межаў, ні законаў…

– Дык вазьмі з сабой маю душу.

 

На зямлі, дальбог, марнее, чэзне,

Як закінуты нашчадкам маярат,

У дарогу дам без ліку песняў

І нічога не вазьму ў заклад.

 

…Цішыня, нібыта брата страціў.

Узіраюся ў бязвоблачны прадон.

Раптам нехта валасы ўскудлаціў,

Пёрка срэбнае паклаўшы на далонь.

 

ЗБОЧЫЎШЫ…

 

Суграмадзян сузіраю на вуліцах:

Ходзяць пад ручку, раз-пораз цалуюцца,

Жычкі ўзаемных пачуццяў на банцікі

Скрозь завязаўшы, фарсухі і францікі.

 

Хлюпае слота пад крокамі парачак,

Дробная прыкрасць – вясна ж прачынаецца.

Палячы моўчкі, з усмешкай падумаў я:

“Хоць бы ў маёй душы штось зварухнулася”.

 

Колісь даўно, як усё было новым мне,

Свет успрымаў цераз лінзы ружовыя,

Толькі мінулі дні непаўналетнія,

Следам за імі – настроі букетныя.

 

Сёння, жыццём гнуты, праўда, не схілены,

Часам здаюся то блазнам, то цынікам,

Маю сяброўства не з цішай – з маланкамі –

І не згадаю сэнс слова “рамантыка”.

 

Золату зор адспяваў панегірыкі,

Ні на страфу не знайду ў сабе лірыкі,

Ды закаханым дарогу дам, збочыўшы, –

Хай ходзяць вольна пад ручку, як хочацца.

 

 

ВАДОХРЫШЧА

 

Вось яно, сапраўднае Вадохрышча:

Адштурхнуўшыся ад стромых берагоў,

Апантана прэч з бясчасся пошасці

Самахоць ляцім у беспрасвет віроў.

 

Больш імгненне тое не паўторыцца,

Калі пушчанай за небакрай стралой,

Назаўжды прыземленасць адолеўшы,

Цела выструніш між сонцам і ракой.

 

Ад нырцоў шчэ роўнядзь не разломіцца,

Як пачнуць па ёй хвастаць, нібы свінцом,

Перабрэхамі, хлуснёй, праклёнамі,

Пасыланымі ўзляцелым наўздагон.

 

Б’юць наўскід, наўдачу, не выцэльваюць,

Выракаючы свавольнікаў на скон,

Пасьміхнуўшыся ў вусы, надзейныя

Вартавыя ладу безаблічных дзён.

 

Асляплёны ўласнаю вялікасцю,

На стральцоў забавы з-за аблок зірні:

Безліч нас, нікчэмных і пакліканых,

Захлынаецца цямрэччу ў глыбіні.

Прыгадай, таксама недавяркамі

Колісь страчаны Твой папярэднік – Ян,

А цяпер штодня плёскае ў чаркі нам

Перагорклымі струменямі Ярдан.

 

Не заві гібеючых блюзнерамі,

Бо з Табой мы аднае крыві, Хрыстос,

Але цэльнае віно без меры п’ем,

Паміж жорнамі віроў прыняўшы хрост.

 

 

НЕ БАЛІЦЬ

 

Не баліць. Не ўзрушае. Не мроіцца.

Пустата. Цішыня. Немата.

Сэрца роспачным болем не кроіцца,

Нібы гэнага сэрца няма.

 

Нібы трапіў у чэрава кратэра,

Дзе адно попел мёртвы й імгла.

У найдальшы лес да ліхаматары

Простай мовай натхненне паслаў.

 

Я не чую адвечнага вохкання

Паламаных жыццём і жыўцом,

Чорна-белы ані не палохае

Краявід уначы за вакном.

 

Дарма лезеце ў вочы з кантычкамі,

Чужых думак і слоў спажыўцы,

Мяне вашыя прымхі не тычацца –

Нам дарогамі рознымі йсці.

 

Іншым жальцеся, з іншым маліцеся,

Бо, п’ючы долі кубак да дна,

Не хачу ні парадаў, ні літасці,

Нібы сэрца напраўду няма.

 

 

* * *

 

Няхай наўсцяж дарогі вырвы і глыжы,

А змрочны крук благі канец прарочыць,

Сабой застанься да расстайнае мяжы,

Каб глянуць годна нават Богу ў вочы,

Калі па-над вузлом тваіх спраў і сцяжын

Свавольніца бязлітасная ўночы

Насупраць прышласці, якую не пражыў, –

Сняжынка – знічкаю паставіць прочырк

І ў неба колераў чарніцаў і ажын

Душа самотна назаўжды пакрочыць.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3418
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0218
Далучайцеся да нас