У Менску ў выдаўца А.М. Вараксіна выйшла кніга вершаў сталага аўтара “Нашага слова” Уладзіміра Барысенкі “Водгук фабрычнага гудка”.
Беларускі паэт і журналіст БАРЫСЕНКА Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся 5 студзеня 1949 года ў Фабрычным пасёлку (в. Якаўлевічы) Аршанскага раёна. Бацька, Уладзімір Лукіч – ветэран ВАВ, працаваў механізатарам у калгасе імя Дзяржынскага. Маці, Настасся Іллінічна, працавала медсястрой Якаўлевіцкай участковай бальніцы больш за 40 гадоў.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1975), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Кампартыі Беларусі, з адзнакай (1991). Пасля школы працаваў памочнікам камбайнера ў калгасе імя Дзяржынскага Аршанскага раёна, электраманцёрам на Аршанскім ільнокамбінаце. У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Дэлегат Х Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Берліне (1973). Удзельнік Усесаюзнай нарады маладых журналістаў у Маскве (1977 г.) Працаваў літсупрацоўнікам газеты “Знамя юности” (1975), у “Сельской газете” (1975 – 1998), у часопісе “Беларуская думка” (1998) , у газеце “На страже” (1999 – 2009) і інш. Сябар Беларускага саюза журналістаў з 1977 г., Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г.
Дэбютаваў вершам “Живой памятник” у газеце 2-й асобнай Чырванасцяжнай арміі супрацьпаветра-най абароны “Воздушный часовой” (1969). Аўтар кніг: “Прописан на этой земле” (1978), “Рельсы судьбы” (1994), “Запаленне душы” (1996), “Вірус адзіноты” (2000), “Калінавы лес” (2003), “Транспортная милиция. История и современность (літаратурны запіс) ” (2004), “Cлужба охраны столицы” (2017), “На варце грамадскага спакою” (2018), “Перамовы з жыццём” (2020), ну і “Водгук фабрынага гудка” (2022).
Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001), нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік друку Беларусі” (2001). Заслужаны журналіст БСЖ (2008). Пераможца творчага конкурсу “Спадчына”, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у намінацыі “Лепшы літаратурна-публіцыстычны твор” (2017), шматразовы лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР і Беларускага саюза журналістаў. Уладальнік “Падзякі” выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” за вялікі асабісты ўклад у стварэнне персанальнай энцыклапедыі “Уладзімір Караткевіч” (2020).
Аўтар паэтычнага прысвячэння Уладзіміру Караткевічу “Капсула часоў”, надрукаванага ў “Аршанскай газеце”, часопісе “Маладосць” і кнізе “Вірус адзіноты” (2000) і артыкула-пераможцы літаратурна-мастацкага конкурсу, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння У. С. Караткевіча (2005) “Сучаснік будучыні” (упершыню надрукаваны ў “Аршанскай газеце”, пасля ў “Рэспубліцы” і кнізе “Калінавы лес” (2003).
Жыве ў Менску.
Кніга Уладзіміра Барысенкі “Водгук фабрычнага гудка” складаецца з чатырох раздзелаў: “Смак роднага слова”, “Памяць час перамагае”, “Шчасце пмраз слёзы”, “Мой улюбёны адрасат” і ўтрымовае вершы, якія ў той ці іншай ступені адпавядаюць назвам раздзелаў. Некаторыя з іх ужо друкаваліся ў “Нашым слове”, таму сёння прапануем чытачам адвольную падборку, не маючы на мэце перадаць дух усёй кнігі, а проста папесціць чытача шчырай паэзіяй на розны густ.
ТАЛАКА
Тарчма лыжка – густата смятаны,
на дражджах пузатыя бліны
ды яечня, яек сем, на ранак,
наглытаўся, ўспамінаючы, сліны.
Бабка Маша дзеда папярэдзіць:
– Болей ты яму не налівай,
бо, як бацька, можа потым збрэндзіць,
калі п’яніца – тады, лічы, гультай, –
і працягне, – хутка на балота,
лапцікі, ля печкі, надзявай,
разумею, што няма ахвоты,
ды які ж без торфу каравай?
На балоце ў ямцы распачатай
лоўка дзед кіруе разаком,
з трох слаёў нарэзвае багата,
ў сціртах паліва, цяпер пара дамоў.
На вячэру сотачку дазволіць
хлебнага бабуля першаку,
тут і участковы падыходзіць –
толькі гэткую ён любіць талаку.
Падышла чарга лазы на дровы,
душу хмеліць валяр’янавы разліў,
раніцой заходзіў участковы
і прасіў, каб дзед яму наліў.
ШТО ЗАСТАНЕЦЦА
Тленнае ўсё, і ў пыле забыцця
згубяцца і радасць адкрыцця,
і перамогі, і парады, і нагоды,
і раны, і прыцуды, і прыгоды,
і помста пакалечанай прыроды,
і фарс ганебны, і трагедыя, і драма,
і даўгавая невылазнейшая яма,
і кукіш у пакрыўджаным жупане,
і сходы, і нарады, і планёркі,
і пасяджэнні, і дзяленні на суполкі.
I слава, і бясслаўе, здзек, магілы,
і позірк дарагі, ўлюбёны, мілы,
і вёскі роднай выгляд сіратлівы.
Застануцца з патрэб і непатрэб –
Слова, учынак і надзённы хлеб.
ДАРОГА I ЧАС
Шмат дарог на шляху чалавечым,
ды сапраўдная – толькі адна,
хібяць дзеці і ўнукі спрадвечна,
не ўсім яна добра відна.
Батальёны пралікаў, памылак
маршыруюць, трасуць кулакамі,
і, бывае, вядомы асілак
мусіць збочыць, прычым з сінякамі.
Выпадае адзіны выпадак,
якім трэба змагчы скарыстацца,
не парушыць душы распарадак,
у хадзе дзіваком не застацца.
Трэба дужа ўсумніцца, замераць
словы, крокі, якія навокал,
і самому самога праверыць –
верабей ты, варона ці сокал.
Ды пазбавіцца многіх хваробы –
прыход часу дпя справы чакаць,
выніковай не дасць гэта спробы,
час народжаны толькі знікаць.
НАЧНЬІЯ ВЕРШЬІ
Заложнік творчасці, калі толькі світае,
раблю сабе залатакорневы адвар,
начныя вершы дрэў разгубленых гартаю,
як школьнік стомлены загадкавы буквар.
Шмат дзён, калісь здавалася, у Бога –
ўзараць, пасеяць, вырасціць, сабраць
паспею, ды гады часцей з трывогай:
пара прыйшла каменні ўжо збіраць.
А як збіраць, калі не так раскідваў,
часам не там, не з тымі, што й казаць,
і сумняваўся, і бажыўся, і прыкідваў,
ды не прадбачыць лёс, яго не прадказаць.
Незразумеласці маёй няма ні межаў,
ні таго часу, што ў палон малым узяў,
галінкі дрэў старых люляе вецер свежы,
што ж ён за одум да нябёс з сабой узняў?
Вятрыска, родны, за табой – падтрымка,
не ведаю, рабіць мне што з сабой,
хай твае цёплыя, сяброўскія абдымкі
сагрэюць маё сэрца, дзень, настрой,
астылы ў Менску залатакорневы напой.
ЗІМОВЫ ДОЖДЖ
Зімовы дождж… Ну што табе сказаць?..
Цябе ў Фабрычным, ведай, не чакалі,
што землякам, скажы, там прадпрымаць,
каб да вясны цябе ўпэўнена прагналі?
Далі б яны там кожнай кроплі па цукерцы,
калі б нядоўга ты паплакаў, нудны, шэры,
сагрэлі б у любым, на выбар, месцы,
каб адхіліўся ад прыроднае аферы.
Пакліч, урэшце, белы снег доўгачаканы,
які радзей прыходзіць з кожным годам,
ён гэтулькі разоў людзьмі ўзгаданы,
што ўжо дайшлі да хворасці, да стомы.
Пакліч сумёты ў нова-старыя двары,
дастань канькі з каморак, лыжы, санкі,
каб не шукалі іх там з дзецьмі ў буквары,
каб падбяліць хоць крышку чорныя дзянькі.
НАЧОЎКІ ПАРТВЕЙНУ
Ніяк не ўцямлю, хто каго баіцца –
ці зімка восень, ці яна яе,
настрой такі, што хочацца напіцца,
ды ні здароўя і ні грошай не стае,
хіба што на балтыйскую нулёўку,
і тое зрэдку, можа, ў квартал раз,
партвейну ж сняцца поўныя начоўкі,
што асушалі з Ларыёнавым не раз.
Калі б не піў, мне кажуць, не зрабіў бы
“шэдэўраў” – можа, хтось і прачытаў.
Не да катурнаў мне было, ў сабо я
сматкаць чарніла ўранні пачынаў.
Таму й далёка да Катула ці Сафокла,
да іншых, прачытаць каго вам раю,
ў начоўках муза памутнела і прагоркла,
што з ёй рабіць – стаю і разважаю.
Вось такія рознапланавыя вершы з даволі цэльнай кнігі. Кнігі пра беларускае жыццё і для беларусаў. Ад філасофіі да рэліктавага ўжо сялянскага побыту, які яшчэ памятае старэйшае пакаленне і які ўжо па кніжках вывучаюць маладыя.
Яраслаў Грынкевіч.