Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сцюдзёны холад увесну

Сцюдзёны холад увесну

12 красавіка 2022, 22:25 Грамадства, Культура 14
Сцюдзёны холад увесну

Імпрэза памяці пісьменніцы Людмілы Сівалобавай

Дзень 27 сакавіка 2022 года ў Менску выдаўся вельмі халодным. Моцны, нечакана аднекуль прарваўшыся арктычны вецер пранізваў да самых костак. Раніцай нават зацярушыў снег. Але ўсё гэтае надта халоднае для канца сакавіка надвор’е якраз адпавядала настрою людзей, якія сабраліся ў гэты дзень у сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога. Тут адбылося мерапрыемства, арганізаванае літаратурным клубам “Экватар” і прысвечанае памяці пісьменніцы Людмілы Аляксееўны Сівалобавай, якая пакінула гэты свет 20 сака-віка бягучага года ва ўзросце васьмідзесяці сямі гадоў.

Спадарыня Людміла з’яўлялася найстарэйшым членам суполкі: яна была сябрам “Экватара” з моманту заснавання літаратурнага клуба і да самай сваёй смерці (гэта значыць, дванаццаць год). Выдала тры зборнікі кароткай прозы: “Новеллы” (2011 г.), “Сюрприз” (2012 г.), “Повести и рассказы” (2014 г.). Штогод друкавала свае творы ў альманаху “Літаратурны экватар” – апошнія гады ў асноўным у перакладах на беларускую мову Інгі Вінарскай.

Праводзілі імпрэзу: паэт, пісьменнік, журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар” Вячаслаў Корбут і шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская. Яны вельмі добра ведалі Людмілу Сівалобаву пры яе жыцці і доўгі час сябравалі з ёй.

Вячаслаў распавёў пра знаёмства з аўтаркай, пра тое, як нялёгка даліся ёй першыя  крокі  ў літаратуры, калі яна спрабавала пісаць вершы, і як разам удалося знайсці аптымальны варыянт для яе  творчасці, калі за аснову была ўзята спроба складаць невялікую па аб’ёме прозу: апавяданні і навэлы. Аўтарка была захопленая характарамі людзей, вастрынёй сюжэту, мела добры жыццёвы досвед, і гэтае рашэнне аказалася правільным. Людміла Аляксееўна змагла  знайсці сілы, творчы  імпэт, адпрацаваць уласны стыль, і, што казаць, – гэта стала цікава.

Вячаслаў Корбут  узгадаў, з  якой увагай на паседжаннях літаратурнага клуба “Экватар” усе слухалі кожны “свежы” празаічны твор аўтаркі, бо і чытала, і пісала яна ўжо з тым захапленнем, якое з’яўляецца ў сапраўднага празаіка не часта. З кожнай новай кнігай яна дадавала майстэрства, раслі якасць зместу, вастрыня вобразаў, з’явіліся ноткі ўласнага падколістага гумару, які надаваў творам непаўторнасць і вастрыню. Спадарыня Сівалобава нават паспрабавала сябе ў дакументальнай прозе, дзе здолела  распавесці пра сваё ваеннае  дзяцінства, пра бацьку-франтавіка, пра жыццё ў пасляваеннай Беларусі. Але гады  бралі сваё, і  ствараць было ўсе складаней і складаней, тым не менш, талент аўтаркі паспеў развіцца, і, хто яго ведае, калі б яна пачала пісаць прозу раней, то ў нашу літаратуру магла ўвайсці свая  беларуская Агата Крысці.

Напрыканцы сваёй прамовы пра Людмілу Сівалобаву Вячаслаў Корбут прачытаў верш, прысвечаны ёй і напісаны спецыяльна для імпрэзы 27 сакавіка:

Вы пайшлі ад нас, Людміла, пані…

Свет маркотным стаў,

                                  ён лепш не стане.

Жыць Вам болей не было прасторы,

Вы далёка ўжо – усім нам гора.

Болей не напішаце пра ружы,

Ды дзвярам не рыпнуць

                                  тым няскрушным,

І не гляне госць да Вас употай…

Погляд Ваш быў з іранічнай нотай,

Шчырыя для нас усіх дарункі –

Застануцца, бы жыцця карункі.

Доўга сумаваць кот велькі будзе,

І, канешне, не забудуць людзі.

Свечка згасла – вецер непуцёвы…

Хлеб счарствеў, ды скамянелі словы…

 

Наступнай выступала Інга Вінарская. Яе з Людмілай Аляксееўнай звязвала даўняе знаёмства і сапраўднае літаратурнае сяброўства. Па словах спадарыні Вінарскай, яна страціла блізкага чалавека.

– Я прывыкла да таго, што ў мяне ёсць гэты сябар, гэты голас у тэ-лефоннай слухаўцы, – сказала Інга. – А цяпер – ні сябра, ні голасу… І гэта невымоўна цяжка…

Як адзначыла спадарыня Вінарская, яны з Людмілай Сівалобавай маглі гадзінамі абмяркоўваць новыя творы: і свае, і  калег па  цэху, гаварыць на самыя розныя тэмы, спрачацца, знаходзіць і развіваць цікавыя творчыя сюжэты. Маючы  глыбокі  жыццёвы досвед, Людміла Аляксееўна заўсёды  знаходзіла трапны выраз  ці  давала такую ацэнку сітуацыі, што можна было нават падзівіцца яе празарлівасці і дасканалай інтуіцыі.

Інга Вінарская зазначыла, што менавіта з Людмілай Аляксееўнай яны часта абмяркоўвалі дызайн і распрацоўку новых нумароў альманаха, а яе аналіз рукапісаў і новых кніг аўтараў клуба мог быць вельмі змястоўным і ўсебаковым. Яна заўсёды першай знаёмілася  з новымі кнігамі і  альманахамі, чытала іх ад “коркі да коркі”, хоць і мела не вельмі добры зрок і цалкам здароўе – узрост усё ж такі. Літататура захапляла спадарыню Сівалобаву,  яна  асбаліва  любіла  чытаць па-беларуску, сама  добра валодала роднай мовай і ганарылася тым, што беларуска і мае непасрэднае  дачыненне да  літаратурнага працэсу. Сціпласць і прыродная цікаўнасць зрабілі яе сапраўдным аўтарам.

Спадарыня Вінарская распа-вяла прысутным, што менавіта яна займалася стварэннем арыгінал-макетаў усіх трох кніг прозы Людмілы Сівалобавай: Інга была ў іх рэдактарам, дызайнерам, тэхнічным спецыяліс-там, а таксакма пісала да іх уступныя артыкулы. І гэта добра, што пасля зы-ходу спадарыні Сівалобавай засталіся гэтыя тры зборнікі прозы, бо кнігі аўтара, калі ён, канешне, таленавіты творца, – гэта  дарога ў вечнасць.

Далей слова перайшло да паэта Вячаслава Данілава, які ўжо даўно з’яўляецца сябрам літаратурнага клуба “Экватар”. Вячаслаў добра ведаў Людмілу Сівалобаву, памятае яе і вельмі паважае яе літаратурны талент. З цеплынёй спадар Данілаў распавёў сабраўшымся, што доўгія гады літаратурны клуб “Экватар” збіраўся на кватэры ў спадарыні Сівалобавай (пакуль дазваляла яе здароўе). Гэта былі файныя вясёлыя пасядзелкі, сапраўдныя літаратурныя сустрэчы ў нефармальнай абстаноўцы – з нагоды нейкіх там святаў ці выхаду ў свет новых кніг ці нумароў альманаха “Літаратурны экватар”. Вячаслаў Данілаў часцяком прымаў удзел у такіх вечарынах і дагэтуль успамінае іх з прыемнасцю…

За музычную частку мерапрыемства 27 сакавіка адказвалі адразу два таленавітыя выканаўцы: кампазітар, музыкант, педагог Вольга Воінская і оперны спявак, бас, саліст Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзмітрый Максімавіч Марозаў.

Вольга Воінская асабіста Людмілу Сівалобаву не ведала, але шмат чула пра яе, як пра цудоўнага чалавека, таму прыйшла падтрымаць “эк-ватарыяльную” суполку ў сумныя часы. Спадарыня Вольга выканала на фатэпіяна два творы ўласнага напі-сання: “Імітаванне эпохі Мендэльсона” і “Адвечная памяць і скруха”. Музыка гучала сапраўды пранікнёна і, пэўна, кранула сэрца кожнага з прысутных.

Дзмітрый Марозаў жа, наадварот, добра быў знаёмы са спадарыняй Сівалобавай і нават сябраваў з ёй. Пазнаёміліся яны ў літаратурным клубе “Экватар” і хутка знайшлі агульныя кропкі судакранання. Аказалася, што калі Дзмітрый Марозаў служыў салістам у оперным тэатры, Людміла Сівалобава падпрацоўвала там акторкай мемансу, хоць мела тэхнічную адукацыю і працавала практычна па спецыяльнасці. Таму, як зазначыў Дзмітрый Максімавіч, гэта вельмі сімвалічна, што мерапрыемства памяці Людмілы Сівалобавай праходзіць у Міжнародны дзень тэ-атра (так атрымалася). У памяць сваёй добрай сяброўкі спявак выканаў народную песню “Ой, рэчанька, рэчанька…”

Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадстаўлялі на жалобнай імпрэзе два навукоўцы: паэт, празаік, перакладчык, бард Серж Мінскевіч, а таксама паэтка, празаік, вядоўца літаратурных вечарын Таццяна Барысюк.

Серж Мінскевіч звярнуўся са словамі спачування да сяброў літаратурнага клуба “Экватар”, а шэф-рэдактара клуба і сваю даўнюю сяброўку Інгу Вінарскую нават абняў у знак падтрымкі. Спадар Мінскевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі думкамі пра жыццё і смерць, пра значнасць літаратурнай творчасці. Прысутныя пачулі ў яго выкананні вельмі цікавы па форме верш-выступ:

Хай паміраюць імгненні, але не мы.

Хай паміраюць хвіліны, але не мы.

Хай паміраюць гады, але не мы.

Хай паміраюць стагоддзі, але не мы.

Хай паміраюць эпохі, але не мы.

І гэта сапраўдная праўда для тых,

                                            хто не нямы.

 

Таццяна Барысюк распавяла, што Людмілу Аляксееўну Сівалобаву ведала мала: сустракала пэўную колькасць разоў на паседжаннях літаратурнага клуба “Экватар”, заходзіла да яе дамоў, каб забраць свае экзэмпляры альманаха “Літаратурны экватар”, бачыла яе апошняга ката вялікіх памераў, які належыў да пароды Мэйн Кун. І добра,  што кіраўніцтву “Экватара” удалося ўжо “прыстроіць” гэтую жывёліну, і цяпер кот жыве ў катэджы ў прыгарадзе Менска. Спадарыня Таццяна зазначыла, што Людміла Сівалобава была добрым чалавекам і таленавітым празаікам.

Але ў сваім выступленні Таццяна Барысюк закранула не тэму смерці, а супрацьлеглую – неўміручасці, якой прысвяціла сваю вялікую навуковую працу пад назвай “Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі”. Пра бессмяротнасць пісалі І. Кант, Ф. Ніцша, М. Фёдараў, У. Салаўёў, П. Фларэнскі. Існуюць наступныя віды неўміручасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі: сацыякультурная, духоўная, біягенетычная, фізічная і метафізічная…

Спадарыня Барысюк шчыра падзякавала літаратурнаму клубу “Экватар” за ўшанаванне памяці сваіх памерлых сяброў.

Празаік, дакументаліст, навуковец, грамадскі дзяяч Якаў Рыгоравіч Анапрэенка распавёў сабраным пра тое, што вельмі добра ведаў і памятае Людмілу Аляксееўну Сівалобаву. Ён заўсёды з вялікай цікавасцю і захапленнем чытаў і слухаў у вы-кананні пісьменніцы яе новыя творы. Спадар Якаў зазначыў тонкі псіхалагізм, вялікую дасведчанасць, увагу да дэталяў, напружанасць, што ўласцівыя творам спадарыні Людмілы. На ягоную думку, пісьменніца Л.А. Сівалобава пакінула пасля сябе вельмі цікавы і змястоўны празаічны скарб. У памяць Людмілы Аляксееўны Якаў Рыгоравіч прачытаў некалькі сваіх невялікіх празаічных твораў.

Паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў у “экватарыяльнай” суполцы не так даўно, таму ён асабіста Людмілу Сівалобаву не ведаў, але звярнуўся да сабраўшыхся са шчырымі словамі спачування. Прысутным ён прачытаў нізку сваіх сумных, лірычных вершаў на тэму жыцця і смерці. Але быў сярод іх і твор на тэму тэатра, а дакладней оперы, пад назвай “На рэках Вавілонскіх”, прысвечаны Дж. Вердзі:

Пагасла дзённая пара…

Рабы ля рэчышча Еўфрата,

Пакутуючы ля кастра,

Пяюць крадком… Зладзеявата

 

Бушуе памяць пра Сiнай,

Пра водар гронак вiнаграду,

I згвалтаваны iмi рай

Iх вабiць хiжа, як прынада.

 

Прыносяць клятвы нiчые

Развалiнам Ершалаiма,

Дзе цень мiнулага ўстае,

Як наяве, клубамi дыму…

 

– О, вырвi, Божа, мой язык!

Прабач сярод чаканняў нiцых!..

I звонам здраднiцкiх вярыг

Буяе ноч у iх вачнiцах.

 

Далей слова перайшло да паэта і навукоўцы Ігара Яўгенавіча Шыршова. Было відавочна, што смерць даўняй сяброўкі літаратурнай суполкі вельмі моцна кранула яго. Спадар Шыршоў знайшоў пранікнёныя словы падтрымкі і павагі, якія пачулі сабраныя. Ігар Яўгенавіч прачытаў некалькі сваіх вершаў у памяць Людмілы Сівалобавай.

Паэты Валянціна Акулёнак і Міхаіл Баранчык прыйшлі выразіць спачуванні літаратурнаму клубу “Экватар” ад імя літаратурнай гасцёўні “Дзясятачка”, у якой з’яўляюцца кіраўнікамі. Яны чыталі сумныя лірычныя вершы, што адпавядалі тэме мерапрыемства.

Такіх непадобных, на першы погляд, паэтку Тамару Смірнову і педагога і навукоўцу Раісу Марозаву абх’ядноўвае адна моцная рыса: абедзве яны з’яўляюцца моцна веруючымі ў Бога жанчынамі. У памяць спадарыні Сівалобавай Тамара Смірнова выканала шэраг сваіх вершаў на царкоўную тэму, а Раіса Марозава прачытала некалькі твораў свайго памерлага мужа Уладзіміра Марозава, які доўгі час быў сябрам літаратурнага клуба “Экватар”.

Закрываў канцэртную праграму сумнай імпрэзы 27 сакавіка паэт, празаік Юрась Нераток. Ён падзякаваў суполцы за тое, што тут памятаюць сваіх памерлых сяброў, з павагай і пашанай ставяцца да іх літаратурнай спадчыны. У выкананні спадара Юрася сабраныя пачулі шэраг камерных вершаў, сярод якіх быў і гэты, пад назвай “Пара”:

 

Як ні нацягвай лейцы –

Час апантана бяжыць,

А ўсведамленне смерці

Перашкаджае жыць.

 

Форсу хапае і фарту

На віражы і віры.

Толькі чацвёртую карту

З прыкупу лепш не бяры.

 

Раптам адчуеш без жаху,

Як безраздумны герой,

Сумесь іглічнага паху

З пахам зямліцы сырой.

 

Жартам нуду супакоіш,

Выціснеш сум з-пад пяра…

Глянеш – наўкола ўсё тое ж.

…Толькі сыходзіць пара?.

 

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй. Гэта была сумная імпрэза, але ўсё ж такі на ёй прысутнічалі, па адчуваннях сабраных, святло і цеплыня, яны літаральна  луналі ў той дзень у бібліятэцы Талстога. І было адчуванне прысутнасці духу памерлай пісьменніцы, таленавітага празаіка, цудоўнага чалавека і адданага сябра “Экватара” Людмілы Аляксееўны Сівалобавай…

Інга Вінарская,

Вячаслаў Корбут.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Далучайцеся да нас