Памёр Аляксей Пяткевіч з Гародні… Неверагодная і балючая вестка, несправядлівая, непатрэбная, сумная. Гародня ў гэтыя дні зноў асірацела на адну вялікую асобу. У 1992 годзе ў Гародні завяршылася эпоха Аляксея Карпюка і Міхася Ткачова, у 2017 годзе – Ігара Жука, у 2020 годзе – эпоха Юркі Голуба… За імі следам завяршылася эпоха Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. Пісьменніка. Педагога. Прафесара. Як жа без яго будзе Гародня і ўся творчая інтэлігенцыя горада над Нёманам?.. Мы ж яго любілі, слухалі, шанавалі, бралі прыклад, вучыліся ў яго тактоўнасці, дабру, шчырасці, спакою, адданасці сваёй Бацькаўшчыне і, вядома ж, творчасці. І ён нас любіў бязмежна, як любіць бацька і дзед сваіх дзяцей і ўнукаў.
Побач з ім мы адчувалі сябе лепш, салідней, цікавей, мужней, смялей. Нават не верыцца, што няма ўжо Аляксея Міхайлавіча. Няўжо ён не паедзе з намі ў вандроўку па родным краі, няўжо ён ніколі не выступіць на Гарадзенскім абласным свяце паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне, няўжо мы разам не абмяркуем свежы выпуск “Новага замка”, няўжо больш ніколі ў жыцці не атрымаю ад яго з Гародні пісьмы, бандэролькі, тэлефонных званкоў?.. Няўжо ніколі ён мне не дашле штогадовы Гарадзенскі настольны краязнаўчы перакідны каляндар, які ён рыхтаваў і выпускаў разам са Станіславам Суднікам з 2010 года?.. Як жа так?.. Гэта проста невычэрпныя жаль і боль. Асобаў такога маштабу гісторыя і лёс дорыць кожнай нацыі адзінкамі. Нават пражыўшы 91 год, не здзейсніліся яшчэ творчыя задумкі Аляксея Міхайлавіча, не прачытаем мы яго новых кніжак, не пачуем цікавых выступленняў і абмеркаванняў на розных сустрэчах і прэзентацыях. Каронавірус забраў нашага таленавітага земляка, пісьменніка, вучонага.
Нарадзіўся Аляксей Пяткевіч 30 сакавіка ў 1931 годзе ў Новым Свержані на Стаўпеччыне. Скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ (1954) і аспірантуру (1957). Быў кандыдатам філалагічных навук. Абараніў дысертацыю на тэму “Псіхалагічны аналіз і праблема характару ў прозе Кузьмы Чорнага”.
У Гародні пісьменнік жыў з 1957 года. Быў адным з ініцыятараў і актыўным змагаром за наданне Гара-дзенскаму ўніверсітэту імя выдат-нага класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры. Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец з 1958 года.
У Саюз пісьменнікаў, як успамінаў сам Аляксей Міхайлавіч, яго “ўпіхнуў” Васіль Быкаў у 1971 годзе. На прыёмнай камісіі Іван Мележ па праву старшыні задаў яму паўжартам пытанне: “Ну што, Аляксей Міхайлавіч, як вы дайшлі да такога жыцця?”. Аляксей Пяткевіч неяк спалохана адказаў: “Я не вінаваты, гэта ўсё Васіль Быкаў”. І, сапраўды, было так. Аднойчы Васіль Уладзіміравіч сказаў яму скласці для яго спіс літаратуразнаўчых публікацый. Аляксей Міхайлавіч не надаў асаблівай увагі гэтаму, але, калі Васіль Быкаў просіць, то, значыць, яму трэба гэты спіс. У спісе было каля 30 артыкулаў і рэцэнзій. Праўда, гэта Васіля Быкава не спыніла і ён напісаў Аляксею Пяткевічу рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў. А потым параіў Дануце Бічэль зрабіць тое ж самае. І вось праз пэўны час гарадзенец Аляксей Пяткевіч становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У 1968 годзе ў Менску выходзіць зборнік артыкулаў і нарысаў “Наднёманскія былі”, суаўтарам якога быў і Аляксей Пяткевіч. Кніга адкрывалася яго артыкулам “Сцежкамі роднага краю”. На 92-х першых старонках аўтар распавёў пра літаратурную Гарадзеншчыну.
Следам за гэтым выданнем, але ажно ў 1981 годзе, выдаецца першая кніга даследчыка пра прозу Кузьмы Чорнага “Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага”. Потым Аляксей Пяткевіч прымае ўдзел у напісанні “Гісторыі беларускай літаратуры. XIX – пачатак ХХ ст.” і г.д. З-пад яго пяра выходзяць цікавыя і карысныя кнігі “Людзі культуры з Гродзеншчыны” (2000), “Старонкі спадчыны” (2006), “Слова і кніга Прынёмання” (2016), “Аўтографы – разам” (2018), “Водгулле з маёй дарогі” (2021) і іншыя. Ён быў у свой час старшынём Гарадзенскай рады ТБМ імя Францішка Скарыны, сябрам Рэспубліканскай рады ТБМ, Рэспубліканскага навуковага савета “Народная творчасць і быт беларусаў”, Міжнароднага камітэта беларусістаў, Міжнароднага Купалаўскага фонду, старшынём Гарадзенскай гарадской суполкі “Ветэраны Адраджэння” і г.д., і г.д.
Вельмі любіў Аляксей Міхайлавіч свой родны куток Новы Свержань на Стаўпеччыне, які ён называў мястэчкам. Тым больш, што гэты статус быў нададзены яму афіцыйна ў 1568 годзе. Сёння ж гэта буйное паселішча – 15 вуліц, больш за дзве тысячы жыхароў. Для пісьменніка гэта была найдаражэйшая ў свеце мясціна, яна яго выгадавала. Адсюль ад’ехаў ён на вучобу ў Менск. У маладосці наведваўся ў Новы Свержань часта, то адзін, то з сям’ёй. Асабліва, калі жывыя былі бацькі. У апошнія гады – радзей: адзін-два разы ў год. Адзін раз – абавязкова, бо збіраліся, папярэдне дамовіўшыся, як правіла ў жніўні ў бацькоўскай хаце ўсе блізкія і далёкія родзічы з малымі дзецьмі. Вытрымліваючы рытуал, садзіліся за стол. Затым ішлі на Нёман, які тут зусім блізка, пасля – на могілкі. Заўсёды трымаў сувязі з землякамі, тэлефанаваў ім. І яны таксама – з ім. Стараўся заўсёды сачыць за жыццём роднага мястэчка. Супрацоўнічаў на гэтую тэму з рэдакцыяй стаўпецкай раённай газеты “Прамень” – пісаў пра гісторыю Свержня, пра яго сённяшнія складаныя праблемы. Чым далей каціліся гады, тым мацней клікала да сябе яго дарагая мясціна, тым мацней шчыміла туга па ёй. Але была ў гэтай тузе і высокая светлая нота далучанасці да роду, да зямлі маленства. Таму вельмі часта ў апошнія гады вяртаўся “дадому”, бачыў сваю хату з двума вокнамі на фасадзе, высокай вішняй у палісадніку, рэчачку перад хатай і таўшчэзную магутную таполю на супрацьлеглым беразе. Чуў скрып веснічак, што вядуць у двор, і галасы дзяцей – унукаў сваёй пляменніцы, якая жыве з сям’ёй у гэтай хаце. Яму здавалася часта, што адрозніваў там і свой колішні голас.
У Аляксея Міхайлавіча было шмат сяброў. Многія, з кім сябраваў, адышлі ўжо ў лепшы свет. І цяпер забралі і свайго сябра. Сярод сяброў быў Мікола Мельнікаў з Гародні, а таксама Алесь Белакоз з Мастоўшчыны. З Алесем Белакозам, чалавекам беларускай ідэі, настаўнікам, краязнаўцам сябраваў даўно. Яго ведалі як стваральніка ўнікальнага дзяржаўнага музея ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне. Ён выпакутаваў гэты музей цаной усяго жыцця і здароўя. Выстаяў, праявіўшы сапраўдную сілу духу. Стараўся Аляксей Пяткевіч яму дапамагаць з самага пачатку яго барацьбы з ідэалагічнымі “апекунамі”, але больш падтрымліваў маральна. Усё ж жылі на адлегласці. Праўда, сустрэчы ў маладыя гады былі частымі. А потым часцей – тэлефанаванне, паштоўкі. Былі, вядома ж, і сустрэчы.
У Гародні найбліжэйшым яму чалавекам і сябрам быў Ігар Жук, доктар філалогіі, таленавіты беларускі літаратуразнавец, інтэлектуал. Яны разам добра і лёгка разумеліся. І душы іх знаходзіліся, здаецца, на нейкай адной хвалі сённяшняй цяжкай беларускай рэальнасці. Было нямала іншых прыгожых постацяў у жыцці Аляксея Пяткевіча, найперш, гэта Адам Мальдзіс і Арсень Ліс…
У жыцці Аляксея Пяткевіча найбольш хвалявала рэзкае выцясненне з афіцыйнага ўжытку беларускай мовы, масіраваная русіфікацыя Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, звужэнне жыццядзейнасці нацыянальнай культуры. Страты беларускасці хвалявалі яго тым больш, што праз усё сваё жыццё выкладчыка ўніверсітэта, ён стараўся выхоўваць у студэнтаў нацыянальную свядомасць, пачуццё роднага, без чаго не можа скласціся духоўна паўнавартасны чалавек. Аляксей Міхайлавіч лічыў, што трэба вяртаць велізарную духоўную спадчыну краю нашым сучаснікам, адраджаць яе. У прыватнасці, яго трывожыла праблема ўшанавання вялікіх асобаў Гарадзеншчыны: у назвах вуліц, у адкрыцці помнікаў і мемарыяльных дошках…
Пра Аляксея Міхайлавіча можна пісаць і разважаць бясконца. Я вельмі спадзяюся і веру, што з цягам часу значэнне асобы Аляксея Пяткевіча будзе толькі большаць. І хоць завяршылася пры жыцці эпоха нашага таленавітага літаратуразнаўца, але справы яго, задумкі і мары нас чакаюць наперадзе.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Фотаздымкі з архіва аўтара.