У Менску ў выдавецтве “Проф-Пресс” накладам 1008 ас. выйшла кніжачка Святлана Лугаўцовай “Шляхецкімі ваколіцамі: Белагруда – Тарнова – Лебяда – Мажэйкава -Мураванка – Вялікае Мажэйкава – Ішчална: дарожныя нататкі”.
Дарожныя нататкі “Шляхецкімі ваколіцамі” – ваш праваднік у свет самастойных вандровак па Беларусі. Гэта гатовы маршрут, па якім можна выправіцца ў падарожжа. На гэтым шляху вас чакае гісторыя архітэктурных пярлін, цікавосткі пра іх уладароў, знаёмствы з помнікамі прыроды, парады, дзе паснедаць ці заначаваць, што купіць у мясцовых майстроў. Галоўнае ў кожнай вандроўцы – сустрэчы з людзьмі, стваральнікамі нашага мінулага і сучаснага. Яны жылі і жывуць на беларускай зямлі, любоў да якой вымалёўвае ў іх лёсах самыя нечаканыя ўзоры. Чым глыбей мы ведаем нашу гісторыю, тым больш спазнаём сябе, набліжаемся да адказаў на спрадвечныя пытанні: Адкуль мы? Хто мы? Куды ідзём?
“Дарогі як складаныя інжынерна-тэхнічныя збудаванні, што забяспечваюць хуткі і камфартабельны рух колавых транспартных сродкаў, з’явіліся ў Расійскай імперыі ў другой чвэрці XIX ст. Сапраўдным “бацькам” расійскіх дарог стаў імператар Мікалай I. Інжынер па адукацыі і механік па складзе розуму, ён павысіў стандарты галоўных дарог імперыі да ўзроўню еўрапейскай “шашы”, упарадкаваў правінцыйныя гасцінцы, наладзіў бесперабойную працу паштовай службы.
Аднак нашая вандроўка пачы-наецца ў эпоху бездаражы. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793 і 1795 гг. беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. У 1796 г. па загадзе імператрыцы Кацярыны II віленскі генерал-губернатар Мікалай Рапнін пачаў рэканструкцыю старой дарогі ад Ліды да Гародні. Гэты тракт праходзіў праз вялікія панскія двары: Тарноўшчыну, Лебяду, Вялікае Мажэйкава, Ішчалну, Шчучын і Каменку. На гасцінцы пабудавалі заезныя корчмы са станцыямі коннай пошты…”
Месцамі тут яшчэ захаваліся рэшткі гэтага Кацярынінскага тракту амаль нечапанымі. Асобныя ўчасткі пакрыты асфальтам, але атмасфера тракту… Ну, проста трэба ехаць!
Яраслаў Грынкевіч.
Святлана Лугаўцова нарадзілася і вырасла ў Менску. Скончыла Бсларускі дзяржаўны педагагічны ўнівсрсітэт імя Максіма Танка. Абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Палітыка расійскага самадзяржаўя ў адносінах да дваранства Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.”. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. У 2000-2020 гг. выкладала гісторыю Расіі і Украіны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце З’яўляецца адным з аўтараў падручнікаў па гісторыі Расіі, Украіны, Беларусі.
Сфера навуковых зацікаўленняў: саслоўная палітыка расійскага ўрада ў XIX ст., удзел беларускай шляхты ў паўстаннях, дзейнасць таемных таварыстваў у першай палове XIX ст., гісторыя дзяржаўных устаноў Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, гістарычна-дэмаграфічныя даследаванні.