“Лідская газета” ўзнагародзіла пераможцу чарговага моўнага конкурсу
Шаноўныя аматары роднага слоўца! Час ляціць вельмі хутка. Здаецца, за акном яшчэ зіма, а сонейка не-не ды і паверне на вясну. Вось і я вітаю вас у новым сезоне нашага моўнага праекта, які па жаданні чытачоў быў распачаты “Лідскай газетай”, лічы, каля двух гадоў назад. За гэты час на яе старонках мы сустракаліся з вамі каля дваццаці разоў, шчыра разважалі як аб праблемах ужывання беларускай мовы ў нашым паўсядзённым жыцці, так і аб яе слоўным багацці.
Асабліва ўражвае ваша актыўнасць, шаноўныя чытачы, тое, з якім вялікім імпэтам вы ўдзельнічаеце ў нашых моўных конкурсах, што асабліва яскрава сведчыць аб вялікай павазе да роднага слова ў нас, на Лідчыне.
На жаль, падступная пандэмія прымушала час ад часу ўносіць змены ў графік выхаду рубрыкі, перашкаджала своечасоваму ўручэнню прызоў пераможцам моўных віктарын, але, да нашага агульнага гонару, нікога з прыхільнікаў роднай гаворкі не збіла з панталыку.
Узнагарода знайшла свайго героя
“Тусуюцца словы роднае мовы, патрапіць імкнуцца ў рытмічны слупок…” – так называўся апошні артыкул, надрукаваны ў рамках моўнага праекта “МАТЧЫНА МОВА: гаворым па-беларуску” ў “Лідскай газеце”. У якасці задання прапаноўвалася перакласці на рускую мову незвычайны паэтычны твор лідскай паэтэсы Алесі Бурак, які складаўся з мноства сакавітых слоўцаў-дыяментаў, характэрных для беларускай народнай гутаркі. Я нават не спадзяваўся, што сярод чытачоў знойдзецца шмат ахвотных далучыцца да гэтай нялёгкай справы, прычым самага рознага ўзросту. Па ўмовах конкурсу былі вызначаны нават не адзін, а тры пераможцы.
Першай адгукнулася вучаніца 9 “А” класа СШ №9 Вікторыя Ягорава, якая даслала свой варыянт адказу па электроннай пошце і словамі: “Здравствуйте, я Вика, мне 15 лет. Я решила попробовать свои силы в этом задании из рубрики “Матчына мова: гаворым па-беларуску”, – здзівіла не толькі добрым веданнем дзвюх моў, але і сваёй шчырасцю і непасрэднасцю. На жаль, яна не ўказала свайго зваротнага адрасу ці тэлефона, не адказвала на нашы запыты па электроннай пошце, і нам доўга давялося блукаць па многіх школах горада ў пошуках гэтай няўрымслівай дзяўчыны. Вялікі дзякуй работнікам упраўлення адукацыі райвыканкама, што дапамаглі ў гэтай нялёгкай справе.
На жаль, пандэмія каранавіруса, якая раптоўна пайшла ў наступленне, не дазволіла своечасова ўручыць прызы, бо трэба было захоўваць умовы каранціну. Але, як кажуць, узнагарода рана ці позна знойдзе свайго героя. Нядаўна мы выкраілі момант і па ўзгадненні з дырэктарам навучальнай установы, дзе вучыцца Віка, Інай Мікалаеўнай Хартановіч наведалі СШ № 9 і былі прыемна здзіўленыя добразычлівасцю як настаўнікаў, так і вучняў. Шчыра прызнаюся, што асабіста ў мяне, як аўтара рэпартажаў пад рубрыкай “Не магу маўчаць” з вулічных хваляванняў у 2020 годзе, дзе прымала ўдзел нямала юнакоў і дзяўчат, да гэтага часу захоўвалася крытычнае стаўленне да нашай моладзі. Пасля наведвання СШ № 9 такое негатыўнае меркаванне разбілася, як пустая бутэлька аб камень. Ужо ў двары групка юнакоў-старшакласнікаў ветліва павіталася і пацікавілася, хто мы і з якой нагоды завіталі ў іхнюю школу. Неўзабаве намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Яўгенаўна Швакель запрасіла нас у чытальную залу бібліятэкі, дзе і адбылася доўгачаканая сустрэча, якую адкрыла в. а. дырэктара – галоўнага рэдактара Дзяржаўнай установы “Рэдакцыя “ЛідаМедыя-Кампанія”, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч. Яна прысвяціла сваё выступленне патрыятычнаму выхаванню моладзі і таму, як важна захоўваць высокамаральныя якасці ў наш складаны час. Напрыканцы запрасіла ахвотных паспрабаваць свае здольнасці ў школе маладога журналіста, якая існуе пры “Лідскай газеце”.
Ну, а я не мог не падзяліцца сваімі паэтычнымі творамі і быў прыемна ўражаны, што ўсім асабліва спадабаўся мой верш “Каб любіць Беларусь нашу мілую…”.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу запрасіць гарадскія і сельскія школы да больш актыўнага ўдзелу ў нашых моўных конкурсах, а ўсім чытачам пажадаць не цурацца роднага слова і разам з тым памятаць: чым больш чалавек ведае моў, тым ён багацейшы, але найперш трэба ведаць сваю – родную!
- S. Таксама просім адгукнуцца для ўручэння прызоў Клаўдзію Багдановіч з Ліды і Івана Ганевіча з аграмястэчка Дворышча (тэлефануйце па нумары 544593). А ўмовы чарговага моўнага конкурсу будуць апублікаваны ў наступны раз.
Тадэвуш Чарнавус.