Home
Мова

Гадзіннікі “Мова” зроблены па дызайне “Упэўненасці”

Гадзіннікі “Мова” зроблены па дызайне “Упэўненасці”

21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы быў адзначаны яркім мерапрыемствам – адкрыццём выставы “Гадзіна мовы”, якая з’явілася, дзякуючы сумеснаму праекту ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод” і Музея кнігі НББ.  Выдатная ідэя – бачыць родную мову ва ўсіх аспектах жыцця!

Таму ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі побач з літаратурнымі творамі была прадстаўлена ўвазе наведвальнікаў лімітаваная калекцыя гадзіннікаў “МОВА”, у якой 7 мадэляў.

На адкрыцці выставы выступіў намеснік дырэктара ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод” Рафік Саркісян, які звярнуўся да прысутных па-беларуску.

– За аснову дызайна “Мінскі гадзіннікавы завод” узяў вокладку першага зборніка вершаў Пімена Панчанкі “УПЭЎНЕНАСЦЬ” 1938 года, дзе паэт услаўляе хараство і багацце роднай зямлі. Выпушчаны две партыі гадзіннікаў па 150 штук.  21 лютага ў Дзень роднай мовы гадзіннікі паступілі ў продаж ва ўсіх фірменных крамах “Луч”, якія знаходзяцца ў Менску ў “Галерэі” і ў “Грыне”, а таксама – у Берасці, Гародні, Віцебску і Гомелі.

Гадзіннікі дапамогуць беларускім вытворцам і мэнеджарам, іх уладальнікам, адчуваць сябе ўпэўнена ў сваім бізнэсе і штодзённых справах. 

З Міжнародны днём роднай мовы павіншаваў гасцей намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

На адкрыцці выставы выступіла ўнучка Пімена Панчанкі – Кацярына Андрэеўна Панчанка.  З прывітальным словам да гасцей звярнулася супрацоўніца Народнага музея П. Панчанкі 199-тай сярэдняй менскай школы Таццяна Уладзіміраўна Курашэвіч.

“Кожны з нас прыпасае

                                       Радзімы куток,

Каб да старасці чэрпаць успаміны”,

 – працытавала Таццяна Уладзіміраўна словы П. Панчанкі.

 

Таццяна Курашэвіч распавяла пра дзейнасць музея:

– Наш музей быў створаны 24 кастрычніка 2003 года і знаходзіцца на вуліцы Пімена Панчанкі, 32. Да гэтага часу  музея не было, таму ў нас узнікла ідэя стварыць такі музей. Мы нясём адказнасць, каб захаваць спадчыну Пімена Емяльянавіча, падтрымліваем цесныя сувязі з яго сваякамі, з акадэмічнай бібліятэкай імя Я. Коласа. У нас часты госць – унучка П. Панчанкі Кацярына Андрэеўна.

Мы шырока адзначалі 95-годдзе Пімена Панчанкі, а сёлета будзем адзначаць яго 105-годдзе. У нас праводзяцца экскурсіі ў музеі, а ў школе ідуць урокі, прысвечаныя Пімену Панчанку.

Э. Дзвінская,

фота аўтара.

Previous article Дзень беларускай мовы адзначылі ў Гародні
Next article ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ: ГУЛЬНЯ ЦІ ПАТРЫЯТЫЧНАЯ СПРАВА

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202415