21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Дзень роднай мовы. І хай у нашай краіне ў статусе “дзяржаўнай” знаходзяцца і руская, і беларуская, ужо па традыцыі напрыканцы лютага ў калектывах на прадпрыемствах, ва ўстановах адукацыі і, нават у крамах, вяртаюцца да беларускай. Міжнароднае свята адзначылі і ў Гародні: кожны ахвотны мог далучыцца да Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Ва ўжо традыцыйным флэшмобе ўдзельнічалі больш за тысячу гарадзенцаў. Як яшчэ адзначалі Дзень беларускай мовы – раскажа Ганна Салавей.
Прамую трансляцыю беларускай дыктоўкі на сваім ютуб-канале правёў і тэлеканал “Гродна Плюс”
Сшытак, аловак і невялікае хваляванне. Атмасфера пры напісанні беларускай дыктоўкі для многіх падобная да школьнай кантрольнай. У Дзень беларускай мовы ўсё зусім інакш: у аўдыторыях устаноў адукацыі і кабінетах на прадпрыемствах сабраліся толькі тыя, для каго штогадовая дыктоўка па беларускай мове – магчымасць зноў вярнуцца за школьную парту і на некалькі хвілін адчуць сябе беларусам.
ЛАРЫСА ЧЭКЕЛЬ, КІРАЎНІК УПРАЎЛЕННЯ ПА ПРАЦЫ, ЗАНЯТАСЦІ І САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЕ ГАРАДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМА:
– Я ў дзяцінстве і ў школьныя гады вельмі захаплялася беларускай мовай. Я любіла вершы чытаць, і вы ведаеце, сама спрабавала сябе ў напісанні вершаў. Я атрымала вялікае задавальненне разам са сваімі каллегамі, таму што мы яшчэ раз успомнілі нашу родную, матчыну беларускую мову і захапіліся непасрэдна тымі радкамі верша “Спадчына”.
ТАЦЦЯНА ФАДЗІНА, АРГАНІЗАТАР ПРАЕКТУ “ГУЧЫ, РОДНАЯ МОВА”:
– Гэта рэалізавалі вучні разам з настаўнікамі. Гэта настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры, дадатковай адукацыі і нават пачатковая школа. Задзейнічаны былі ўсе класы. І працавалі ў розных напрамках. Гэта шматвектарны праект “Гучы, родная мова”. І напрамкі былі наступныя: вывуча-лі гісторыю, святы, мову, этнаграфію. І быў распрацаваны тапаграфічны план школы, і ўсе калідоры, завулкі, плошчы школы, былі даны назвы непасрэдна напрамкаў гэтага праекту.
Экскурсія па школьным мінігорадзе пачынаецца з плошчы “Святочная”, дзе размясціліся кірмаш і батлейка, потым госці адразу трапляюць на вуліцу “Моўная”. Далей вучні знаёмяцца з беларускім фальклорам. На гэтай станцыі дзеці з захапленнем разгадваюць загадкі, спяваюць беларускія народныя песні, складаюць прыказкі. Вялікае уражанне ў гасцей свята выклікала вуліца “Гістарычная”.
Народныя абрады “Провадаў зімы” таксама магчыма было пабачыць на тэматычнай станцыі.
ГАННА САЛАВЕЙ, КАРЭСПАНДЭНТ:
– Гародню не проста так называюць “Беларускім Галівудам”. Праект заканчваецца на станцыі “Кінематаграфічная”, дзе кожны вучань можа адчуць сябе маленькай зоркай. Тут прадстаўлены афішы кінафільмаў, якія здымаліся на тэрыторыі нашага горада. Напрыклад, “Белыя росы” ці “Зацюканы апостал”.
Дзень беларускай мовы кожны адзначыў па-свойму. Хтосьці пісаў дыктоўку, хтосьці чытаў творы любімых аўтараў або, быць можа, увесь дзень намагаўся размаўляць толькі па-беларуску. Мы розныя, але мова ў нас адна, і мы будзем яе памятаць.
Ганна Салавей.