Гісторык і экскурсавод Іван Іванавіч Сацукевіч – выдатны знаўца тапанімікі Менска, захапляльны прамоўца і папулярызатар, член камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Менска пры Менгарвыканкаме, гісторык, выкладчык БДЭУ, выступіў 16 лютага з лекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы на тэму: “Адлюстраванне гістарычнай памяці ў назвах вуліц Менска”.
– Жыць камфортна ў вялікім мегаполісе і не ведаць тлумачэння назваў вуліц – несумяшчальныя рэчы! – падкрэсліў падчас сваёй прамовы Іван Сацукевіч. – Хацелася б, каб мы ведалі, чаму так называецца той ці іншы аб’ект нашага горада!
Дзвесці гадоў таму насельніцтва Менска складала 7-8 тыс. чалавек, а сёння больш за 2 млн.- кажа краязнавец. -У губернскім горадзе Расіі было 37 вуліц. Сёння Менск налічвае каля 1500 вуліц, завулкаў, плошчаў бульвараў праездаў.
Іван Іванавіч распавёў пра старажытныя назвы цэнтра Менска, узгадаў пра Траецкую гару, Высокі рынак, вуліцы Юраўскую, Нямігаўскую, Феліцыянаўскую і іншыя, пра тое, як наш галоўны праспект быў вуліцай Аляксандраўскай і Захараўскай.
Раней у адным з артыкулаў Іван Сацукевіч адзначаў, што кожная новая ўлада, якая авалодвала горадам, рабіла спробы змяніць тапанімаіку.Так “8 жніўня 1919 года польскія войскі ўвайшлі ў Менск. 1 верасня беларуская газета “Звон” паведаміла, што ў магістраце зладжана камісія, якая перагледзіць назвы вуліц..
Васьмі вуліцам былі вернуты назвы, існаваўшыя да 1866 года, калі яны былі пераіменаваныя пасля паўстання 1863-64 гадоў. Спадзяванні беларускага асяродка на вяртанне гістарычных назваў спраўдзіліся: Багадзельная зноў стала Феліцыянаўскай (сёння Камсамольская), Гандлёвая – Зыбіцкай (Гандлёвая), Губернатарская – Францішканскай (Леніна), Манастырская – Бернардзінскай (Леніна), Петрапаўлаўская -Дамініканскай (Энгельса). Плошча Свабоды, якая да Лютаўскай рэвалюцыі называлася Саборнай, была пераіменавана ў Кафедральную. Камісія магістрата працягвала сваю дзейнасць. У 1919 годзе выйшаў Plan Minska, у якім былі ўжо пазначаны не 10, а 24 пераіменаваныя вуліцы і плошчы.
28 чэрвеня 1941 года ў Менск увайшлі нямецка-фашысцкія захопнікі. Ужо ў верасні на старонках беларускіх газет з’явіліся новыя назвы, а даваенныя пазначаліся, як былыя. З 350 вуліц і плошчаў было пераіменавана 135. Імёнамі асобаў з гісторыі Беларусі і дзеячаў нацыянальнага руху былі названы 23 вуліцы горада: вул. Рагнеды (былая Марата), Усяслава (Гогаля), Багушэвіча (Чырвонасцяжная) Багрыма (Чычэрына), Каганца (Фабрыцыюса), Луцкевіча (Талстога), Алеся Гаруна ( Бялінскага).
Пераіменаванне вуліц у гонар дзеячаў беларускага нацыянальнага руху падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 – гэта адлюстраванне спробы немцаў прыцягнуць да супрацоўніцтва частку беларускага грамадства. Беларускі нацыянальны асяродак быў незадаволены афіцыйным пераіменаваннем вуліц і плошчаў.”
Іван Іванавіч закрануў у лекцыі тэму пераіменавання вуліц у 90-тыя і -2000-я гады, калі памянялі свае назвы вуліца Горкага – на М. Багдановіча, б. Луначарскага – на бульвар У. Мулявіна і іншыя. І. Сацукевіч адзначыў, што ў сёняшніх рэаліях падаецца шмат заявак на пераіменаванні вуліц, але далёка не па ўсіх прымаецца станоўчае рашэнне.
На сустрэчы Іван Сацукевіч таксама прадставіў сваю кнігу “Мінск: з руінаў да росквіту”, якая прысвечана пасляваеннай гісторыі сталіцы ў перыяд з 1944 па 1979 год і распавёў пра летнія пешаходныя вандроўкі па Менску, якія ён арганізуе з турыстычнай фірмай “Хатабыч”.
Э. Дзвінская, фота аўтара.