Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ствараў велічны і непаўторны вобраз Айчыны. Да 215-годдзя Напалеона Орды

Ствараў велічны і непаўторны вобраз Айчыны. Да 215-годдзя Напалеона Орды

24 лютага 2022, 19:47 Грамадства, Культура 38
Ствараў велічны і непаўторны вобраз Айчыны.  Да 215-годдзя Напалеона Орды

11 лютага споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага мастака і музыкі Напалеона Орды. Прапануем вам цікавыя факты з жыцця нашага земляка ад Уладзіміра Арлова.

 Будучага мастака назвалі ў гонар Напалеона Банапарта, з якім патрыёты Вялікага Княства звязвалі надзеі на аднаўленне незалежнасці. Першай настаўніцай хлопчыка стала маці Юзафіна. Яна была здольнай піяністкай і марыла, што сына чакае лёс кампазітара.

Напалеон навучаўся ў Свіслацкай гімназіі ды на фізічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Каланіяльныя ўлады не далі атрымаць дыплом. У 1827 годзе выдатніка Орду адлічылі за сяброўства ў таемным таварыстве “Заране”, у якім ён браў удзел яшчэ гімназістам. 15-месяцавае турэмнае зняволенне юнака мела працяг – адпраўку пад нагляд паліцыі ў бацькаў маёнтак Варацэвічы на Піншчыне.

А ў 1831-м Напалеон далучыўся да тых, хто кінуў выклік каланізатарам. Вызначыўшыся ў баях, стралок коннай гвардыі Напалеон Орда быў адзначаны чынам капітана і найвышэйшай вайсковай узнагародай – ордэнам “Virtuti Militari”. Пасля разгрому паўстання ён амаль чвэрць стагоддзя мусіў жыць за мяжой.

У Парыжы наш зямляк працягваў заняткі музыкай пад кіраўніцтвам польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. Орда і сам пісаў творы для фартэпіяна: рамансы, паланэзы, серэнады, мазуркі, стаў дырэктарам парыжскай Італьянскай оперы. Паспяхова займаўся ён у той час і літаратурнай творчасцю. У парыжскім асяроддзі Орды былі пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Стэндаль, Іван Тургенеў, кампазітары Джузэпе Вэрдзі і Джаакіна Расіні.

Але славу Орда заслужыў перадусім як мастак. Ён быў улюбёным вучнем французскага майстра архітэктурнага краявіду П’ера Жэрара. У сваіх летуценнях Напалеон часта вяртаўся ў Літву-Беларусь і бачыў сябе мастаком-вандроўнікам. Летуценні сталіся яваю, калі на пяцідзясятым годзе жыцця ён нарэшце зноў ступіў на зямлю продкаў. У недалёкім часе Орда і распачаў свае знакамітыя падарожжы з алоўкамі, фарбамі і пэндзлем. Ён нястомна маляваў мясціны, звязаныя з жыццём выдатных асоб, і краявіды з помнікамі беларускай старасвеччыны.

Некалькі соцень гэтых малюнкаў і акварэлей стварылі велічны і непаўторны вобраз Айчыны ў тую эпоху. На творах Напалеона Орды адлюстраваныя Полацк і Вільня, Віцебск і Гародня, Магілёў і Менск, Пінск, Лагойск, Слуцк… Надзвычай цікавая і загадкавая старонка жыцця Напалеона Орды – паездкі па ахопленым паўстаннем краі ў 1863-м.

Творы Напалеона Орды сёння выдадзеныя ў шматлікіх альбомах. Яго імем назвалі вуліцы ў Менску, Берасці і Гародні, Пінская дзіцячая мастацкая школа. Малюнкі Орды і яго партрэт змяшчаліся на манетах і папяровых грошах незалежнай Беларусі. У вёсцы Варацэвічы, дзе нарадзіўся мастак, створаны яго музей-галерэя. Калі апынецеся ў тых мясцінах, не прамiніце і цудоўны помнік, усталяваны творцу ў недалёкім Янаве-Палескім (Іванаве).

Уладзімір Арлоў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
Дзень роднай мовы з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі
Грамадства

Дзень роднай мовы з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі

21 лютага 2019, 10:2714
Далучайцеся да нас