Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
“Код Францыска Скарыны – 2022”

“Код Францыска Скарыны – 2022”

24 лютага 2022, 20:03 Культура 43
“Код Францыска Скарыны  – 2022”

10 лютага адкрылася вельмі сімвалічная выстава “Скрозь стагоддзі”, прысвечаная 500-годдзю “Малой падарожнай кніжкі” – першай кнігі, выдадзенай ва Усходняй Еўропе, у першай айчыннай друкарні.

– Выстава ў пэўным сэнсе знакавая, бо мастацкімі сродкамі мы нагадваем пра пачатак выдавецкай справы на землях Вялікага Княства Літоўскага, у Віленскай друкарні, – прамовіў на адкрыцці выставы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спадар Алесь Суша.- Гэта выключная важная падзея для беларускай гісторыі і культуры.

Сучасныя беларускія мастакі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў натхніліся шрыфтамі Францыска Скарыны  і стварылі свае мастацкія працы, развіваючы традыцыі паліграфічнага мастацтва і кніжнай культуры.

Аўтар большасці прац, дэкан факультэта графічнага дызайну Усевалад Пятровіч Свентахоўскі распавёў:

– Яшчэ  ў 2017 годзе я задумваў зрабіць выставу, прысвечаную пачатку кнігадрукавання на нашых землях. На ўзорах кніг Францыска Скарыны, якія былі даступныя і факсімільных выданняў, якія рабіла бібліятэка, я вырашыў перавесці шрыфты Скарыны ў лічбавую форму. З дапамогай сучасных камп’ютарных тэхналогій я зрабіў плакаты. Ёсць плакаты, на якіх напісаны цытаты з выданняў Францыска Скарыны. У “Малой падарожнай кніжкі” не захавалася  тытульнага аркуша, таму я вырашыў зрабіць такі плакат. Таксама я разважаў на тэму, якой была Вільня часоў Францыска Скарыны. На выставу я прапанаваў 19 прац.

Выстава арганізавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і прадстаўляе работы студэнтаў, магістрантаў і выкладчыкаў, выкананыя ў тэхніцы высокага друку і камп’ютарнай графікі, напоўненыя эксперыментамі ў межах традыцыйных форм шрыфтавай графікі і эстэтыкай старажытнай пер-шакрыніцы.

Сучасныя тэхналогіі, магчымасці камп’ютарнай графікі і лічбавага друку далі мастакам шырокі прастор для самавыяўлення. Дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усевалад Свентахоўскі аднавіў шрыфты па матывах скарынінскіх, стварыў наборы літар для высокага друку друкарскімі фарбамі. Прарэктар Акадэміі мастацтваў Андрэй Васiлеўскi на самаробнай паперы ўласнага гатунку распрацаваў факсiмiльныя адбiткі тытульных аркушаў выдання. Ва ўнісон тэме гучаць графічныя вобразы старажытных рэалій старшага выкладчыка факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, мастака-графіка Усевалада Швайбы – пяро, шрыфтавыя кампазіцыі, лацінскія іншасказанні, сярэдневяковы каларыт, турбаны і армілярныя сферы.

Творцы пераасэнсоўваюць кніжную спадчыну не толькі ў графіцы, але і ў жывапісе. Мастак і выкладчык Акадэміі мастацтваў Станіслаў Сугінтас прадстаўляе жы-вапісны трыпціх “Шлях Першадрукара”, створаны менавіта да юбілею беларускага кнігадрукавання.

Дапаўняюць экспазіцыю выданні, прысвечаныя дзейнасці беларускага першадрукара, даследаванні “Малой падарожнай кніжкі” і факсіміле гэтага ўнікальнага зборніка для падарожнікаў, а таксама паштоўкі з серыі “Мастацкая Скарыніяна” з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Э. Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5016
Далучайцеся да нас