Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Бульбяная эпапея Сяргея Юзепчука

Бульбяная эпапея Сяргея Юзепчука

13 лютага 2022, 08:04 Навука 13
Бульбяная эпапея Сяргея Юзепчука

Адна з мянушак, якой “узнагароджваюць” беларусаў, – “бульбашы”. Яна, мабыць, самая бяскрыўдная з усіх падобных жартаўлівых, а часам крыху пагардлівых імёнаў. І нам, сапраўды, няма чаго крыўдзіцца на яе, наадварот, трэба ганарыцца, што бульба, індзейская расліна, знайшла другую радзіму ў Беларусі.

Усім вядома, што бульба – родам з Амерыкі. Доўгі час ведалі пра два віды: усе распаўсюджаныя ў Еўропе гатункі вялі пачатак ад аднаго, “чылійскага”, а другі шырока вырошчваўся ў Андах. Толькі ў 20-я гады было даказана, што ёсць два дзясяткі культурных відаў бульбы, былі адкрыты невядомыя раней навуцы дзікія віды, што разам склала матэрыял для далейшай селекцыі. Вялікі вучоны М.І. Вавілаў распрацаваў тэорыю цэнтраў паходжання культурных раслін, для абгрунтавання якой пасылаліся экспедыцыі ў розныя часткі свету. І трэба ж было здарыцца, што першаму шукаць “малую” радзіму бульбы давялося навукоўцу, прозвішча якога нагадвала пра “бульбашоў”! Праца яго была высока ацэнена Вавілавым і ўвайшла ў гісторыю сусветнай біялагічнай навукі.

Сяргей Васільевіч Юзепчук нарадзіўся 28 студзеня 1893 года ў Маскве, але яго прозвішча дазваляла меркаваць пра яго ўкраінскае або беларускае паходжанне. Сігналам для нас уключыць С. В. Юзепчука ў “Беларуска-індзейскі біяграфічны слоўнік” была інфармацыя з першага ліста яго ўдавы Т. Л. Юзепчук (1905-2001) – былога мастака Інстытута этнаграфіі (Музея антрапалогіі і этнаграфіі) АН СССР (з 1935 г.). Мы звярнуліся да яе з мэтай высвятлення каранёў Сяргея Юзепчука. (Усяго мы атрымалі ад Тамары Юзепчук 4 лісты – 23.10.1989, 28.11.1989, 8 і 10.06. 1990, з дадаткамі – у т.л. павялічанае М. Ш. Файнштэйнам фота, зробленае ў Аргентыне для пасведчання Юзепчука.).“Продкі (як я ведаю ад яго) паходзяць з Беларусі” (23.10.1989). Але мы разумелі, што гэтага недастаткова для карэктнага вызначэння паходжання і для адпаведнасці крытэрыю для ўключэння ў слоўнік, таму мы папрасілі пра аргументацыю. Адказ быў: “Наконт продкаў я Вам больш нічога сказаць не магу” (28.11.1989). Тым не менш спакуса падаць Юзепчука як “бульбаша”, які так шмат зрабіў для селекцыі бульбы пры дапамозе дзікіх відаў, аднаго з самых яскравых “кантакцёраў” з індзейцамі міжваеннага перыяду – ад Мексікі да Чылі і Аргентыны, была для нас занадта вялікай, а падтрымкай было тое, што Юзепчукі сустракаюцца па абодва бакі мяжы Беларусі з Украінай і Польшчай (напрыклад, асабліва ў Цярэспалі). У серыю артыкулаў у часопісе “Бярозка”, якая спачатку называлася “Беларускія Калумбы” (змяніла назву дзякуючы нашай заўвазе, што Калумб – не дужа станоўчы персанаж, і пасля гэтага апавядала проста пра “Нашых славутых землякоў”) артыкул прынялі, але ён у выніку не з’явіўся, аднак на гэтым жыццё тэксту ў розным моўных версіях не спынілася…

Пазней мы выявілі, што бацька С. В. Юзепчука Васіль Феакціставіч (1857-1913) вучыўся ў прагімназіі ў г. Востраве Валынскай губерні. Далей у яго былі эпізоды, звязаныя з Беларуссю: пачынаў службу ў праўленні Магілёўскай акругі шляхоў зносін, з 1884 г. – выканальнік работ на Лібава-Роменскай чыгунцы. Зноў быў недалёка ад беларусаў у 1900 г. – старшы інспектар Бранскага рэйкапракатнага завода, а з 1904 г. і да смерці – на Руска-Балтыйскім вагонабудаўнічым заводзе ў Рызе. Магчыма, гэтыя эпізоды, звязаныя з Беларуссю, а таксама з Бранскам сталі падставай для звяз-вання яго з Беларуссю (гл. электронны рэсурс “Русские Латвии: история, культура, современность”); таксама мы не ведаем, ці не пабраўся В. Ф. Юзепчук шлюбам з беларускай.

Прафесія бацькі – інжынер шляхоў зносін – не спрыяла знаходжанню сям’і ў адным месцы. Сяргей пачынаў вучыцца ў 1903 годзе ў Арлоўскай гімназіі, заканчваў – з залатым медалём – у 1911-ым Рыжскую Аляксандраўскую. Ужо тады ён моцна зацікавіўся батанікай, а Натуральны разрад Фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта даў яму неабходныя веды і спецыялізацыю. Пасля рэвалюцыі Юзепчука выбіраюць на пасаду кансерватара Батанічнага сада – пазней ператворнага ў Батанічны інстытут, давяраюць загадваць гербарыем флоры еўрапейскай часткі СССР. З таго часу і да канца жыцця кожная вясна клікала заўзятага зборшчыка раслін “у поле” – якое было ў яго ад Кольскага паўвострава да Узбекістана. Вучоны прыняў удзел у геабатанічным вывучэнні Беларускага Палесся, апублікаваў артыкулы ў менскіх выданнях. І адразу ж – новая экспедыцыя – у складзе “амерыканскай” групы Вавілава. Ска-рочана яе называюць і як “экспедыцыя Гуматрэста ў Лацінскую Амерыку (1925-1928)”.

Яна адправілася ў 1925 годзе, спачатку на Кубу і ў Мексіку, а потым на поўдзень – у Гватэмалу і Калумбію, адкуль Юзепчук рушыў далей адзін. Гэта было захапляльнае падарожжа, поўнае нечаканых сустрэч: у Мексіцы сабраць разнавіднасці бульбы ім дапамагалі мясцовы жыхар з беларускім прозвішчам – Анціповіч і савецкія раварысты-кругасветнікі; даследчыкі знаёміліся з побытам самых розных індзейскіх народаў, фатаграфавалі, набывалі незвычайныя рэчы. Юзепчук не прапусціў магчымасці наведаць славутыя помнікі ў Куска і Ціаўанака. Адносіны з тубыльцамі наладжваліся няпроста: на рынках яны неахвотна прадавалі “белым” насенне, часта вучоныя адчувалі, што ідуць па не так даўно “ўтаймаванай” зямлі – недалёка ад мяжы са Злучанымі Штатамі ўспаміналі пра нядаўнія яшчэ набегі апачаў і каманчаў, а аднойчы, ужо ў Паўднёвай Амерыцы, з Юзепчуком здарылася зусім непрыемнае: прыняты індзейцамі за каморніка, ён быў ледзь не забіты камянямі. Тым не менш працягваў упарта і метадычна вывучаць расліннасць – маршруты яго пралягалі ў ваколіцах сталіц і ў правінцыях Перу, Балівіі, Чылі, Аргентыны і Бразіліі. З вялікай цяжкасцю атрымаўшы дазвол на ўваход у Чылі, Юзепчук дабраўся аж на востраў Чылаэ, дзе купіў у гандляроў жаданую “папа негра” – “чорную”, дзікую бульбу, свяшчэнную для тутэйшага племені мапучэ. Хацеў трапіць у самы-самы “цэнтр”, але не змог зрабіць гэтага з-за бездарожжа і непагоды…

Juzepzuk v Brazilii

Як толькі ў Ленінградзе была зроблена справаздача па выніках трохгадовай экспедыцыі, па слядах Юзепчука былі неадкладна накіраваны расліназнаўцы з ЗША, Германіі і іншых краін – рэдкі выпадак, калі савецкія людзі апярэдзілі паўночна-амерыканцаў і еўрапейцаў у лаціна-амерыканскім пачынанні. Гэта была сапраўдная сенсацыя. Яшчэ і праз гады вучоныя Амерыкі працягвалі здзіўляцца таму, што савецкія батанікі лепш за іх ведаюць расліны “іх” кантынента.

Прывезеныя ўзоры дзікай і культурнай бульбы вывучаліся і ва Усесаюзным інстытуце раслінаводства ў Ленінградзе, і ў Беларусі – высаджаныя на доследнай станцыі, яны скрыжоўваліся з мясцовымі формамі, утвараючы новыя, больш урадлівыя і ўстойлівыя.

С. В. Юзепчук вярнуўся да сваёй будзёнай працы – разбор калекцый, сістэматыка, выкладанне ва універсітэце, публікацыі – усё гэта з вялікай патрабавальнасцю да сябе. Цікавы суразмоўца, “хадзячая батанічная энцыклапедыя”, паліглот, паэт-аматар, творчы, прынцыповы і – нягледзячы ні на якія акалічнасці – глыбока прыстойны чалавек – такім ведалі яго калегі і блізкія.

Працяглае падарожжа ў Лацінскую Амерыку магло б быць апісана нават у цэлых тамах, з усімі “экзатычнымі падрабязнасцямі”. Напрыклад, у лістах жонкі ёсць пра этнаграфічную калекцыю Юзепчука: “Адносна маёй работы – у Ін-це Этнаграфіі А. Н. адносін да работы С. В. не мела. Я мастачка і працавала там 48 гадоў мастачкай. Вы пішаце, што з працы Кінжалава ведаеце, што Воранаў прывёз калекцыі ў Музей Этнаграфіі, а С. В. прывёз іх проста для сябе і не ў такой вялікай колькасці, бо ў яго ледзь хапіла грошай на зваротны білет, як мне сказаў Файнштэйн, ён вёз шмат гербарыяў і ўзоры дзікай бульбы” (28.11.1989).

Памёр ён у 1959 годзе, але пакінуў значную навуковую спадчыну, і імя яго засталося ў лацінскіх назвах адкрытых і апісаных ім і іншымі навукоўцамі відаў бульбы – Solanum juzepczukii і яшчэ амаль трыццаці. Назаўсёды.  

Значэнне бульбы немагчыма пераацаніць: яна стагоддзямі выратоўвала ад голаду мільёны людзей, яе называлі самай рэвалюцыйнай раслінай: “Бульба, вось ежа чалавека, які хоча, які ведае, як быць вольным”.

“Бульбашы”, ці па-сапраўднаму цэнім мы працу селекцыянераў, старажытных – індзейцаў – і тых, хто нястомна крочыў у пошуках невядомых відаў, карпатліва выводзіў новыя гатункі? Задумайцеся, які доўгі і складаны шлях быў у бульбы на наш стол, і шануйце, беражыце яе, памятаючы, што гэты сціплы клубень у нашых руках – раслінны помнік, культура, якую падаравала нам Індзейская Амерыка.

Алесь Сімакоў.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0215
Свята ручніка ў Ваверцы
Культура

Свята ручніка ў Ваверцы

18 жніўня 2024, 06:2315
Далучайцеся да нас