ВІЗІТНАЯ КАРТКА. Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі нарадзіўся 25 студзеня 1938 года ў Маскве, дзе скончыў мужчынскую сярэднюю школу № 186. Сваякі патрабавалі, каб паступаў на механічны факультэт інжынерна-будаўнічага інстытута. Патрабаванне гэтае ён выканаў, але сышоў адтуль пасля першага ж семестра. Пасля школы-студыі МХАТ працаваў (з перапынкамі) у маскоўскіх тэатрах – драматычным імя Пушкіна і мініяцюраў. У 1964 годзе стварыў свае першыя песні да кінафільмаў і прыйшоў у шырокавядомы Тэатр на Таганцы, у якім і якому служыў да канца свайго кароткага жыцця. Паэт, музыкант і акцёр, ён напісаў каля 700 вершаў і песень, сыграў кала 30 роляў у фільмах, аб’ездзіў з канцэртамі ўвесь Саюз, выступаў у многіх краінах свету. Нягледзячы на тое, што многія яго творы сталі народнымі, ні яны, ні само імя іх аўтара ў афіцыйных СМІ практычна не згадваліся.
ГАТЭЛЬ У НАВАГРАДКУ
ПАВОДЛЕ вынікаў апытання Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, які праводзіўся ў 2010 годзе, слынны бард заняў другое месца ў спісе “куміраў 20 стагоддзя” пасля Юрыя Гагарына. Чалавек-легенда, чалавек-міф, які стаў знакавай постаццю яшчэ пры жыцці, ён па-ранейшаму застаецца сучасным, актуальным і ўсім нам патрэбным у нашым паўсядзённым жыцці, пра якое вельмі дакладна і шчыра распавядаў і працягвае распавядаць сёння ў сваёй непаўторнай, найцікавейшай з намі размове.
Вельмі і вельмі шкадую, што ў 2021 годзе не давялося зноў палюбавацца вядомым возерам Літоўка, апетым яшчэ Адамам Міцкевічам у яго літоўскай паэме “Гражына”. На прыгожым, прывабным беразе натуральнага вадаёма штогод праходзіць рэгіянальны фестываль бардаўскай песні памяці У. С. Высоцкага “Музыка сэрцаў”. Добра, хоць пашанціла сябру-паэту (сам няблага спявае), які ўсё апасля асабістага ўдзелу ў шырокай грамадскай урачыстасці падрабязна распавёў мне пра падзею. Дарэчы, у ліпені 2017-га, падчас правядзення чарговага свята, у гасцініцы “Навагрудак”, у якой я падчас сваіх камандзіровак ад “Сельской газеты” неаднойчы начаваў, адкрыўся тэматычны нумар 322 ( раней гэта быў нумар 320), дзе спыняўся Высоцкі. Гэтаму нумару прысвоілі імя выдатнага, што б ні казаў Яўген Еўтушэнка, і што пацвярджаў Іосіф Бродскі, паэта. Уладзімір Сямёнавіч наведваў нашую гістарычную Наваградчыну падчас здымак фільма свайго сябра Віктара Турава “Сыны ідуць у бой” па раманах Алеся Адамовіча ў жніўні 1969-га, за дзевяць месяцаў да таго, як ажаніўся з французскай актрысай Марынай Уладзі. Яны пазнаёміліся ў ліпені 67-га, калі Кацярына Марына Уладзіміраўна Палякова-Байдарава, бацька якой нарадзіўся на Наваградчыне (!), атрымала запрашэнне ад Тэатра на Таганцы.
З нумара, пра які гаворка, Высоцкі перасяліўся ў прыватны дом вёскі Літоўка ля аднайменнага возера (сёння яно – цэнтр турыстычнага маршруту “Сляды рамантыкаў і герояў”), куды да яго прыязджала будучая жонка. Тут яны пражылі дзесяць дзён. У сваёй вядомай кнізе “Уладзімір, або Перарваны палёт”, якая пабачыла свет у 1989-м , Уладзі вось як успамінае той перыяд: “… Мы спыняемся ў мілай бабкі. Хата малюсенькая, затое ёсць добры гарод, а каза дае досыць малака, каб штораніцы ты выпіваў яго, яшчэ цёплага, вялікі кубак. Мы праводзім дні ў прагулках па ваколіцах, Віця (Тураў, – аўт.) паказвае нам месцы, дзе чвэрць стагоддзя таму ішлі жорсткія баі. А тым часам прырода такая выдатная! Ідэальна круглыя азёры акружаны ўзгоркамі”. І яшчэ: “… Мы ідзём спаць на вышкі. Духмянае сена – замест пасцелі. За перагародкай рохкае свіння і пратэстуюць патурбаваныя куры. Усю ноч ты ўслых складаеш вершы. Строфы нараджаюцца адна за адной. Узнікаюць выявы… Як і ў самым пачатку, у школе, калі ў цябе яшчэ не было гітары, ты адбіваеш рытм рукой. У гэтую доўгую ноч нарадзіліся тэмы большасці тваіх песень ваеннага цыклу…”. Найперш Уладзі мела на ўвазе “Песню пра зямлю”, “Ён не вярнуўся з бою”, і “Сыны ідуць у бой”, якія потым прагучалі ў кіналенце, у якой ні яна, ні герой кнігі, як артысты, не ўдзельнічалі. Здымаўся фільм, дарэчы, ля возера Свіцязь, куды Тураў прывёз гасцей з Баранавічаў. Быў чарговы працоўны дзень, і, як успамінаў сам рэжысёр, які пайшоў ад нас у свае 60 гадоў, ён “пакінуў іх адных пагуляць у лесе ўздоўж возера”. Раптам да яго прыбег нехта з групы і ўсхвалявана сказаў, што нейкія людзі збіраюцца біць Высоцкага і Уладзі, прыняўшы іх за самазванцаў. Ніхто не мог паверыць, што гэта сапраўды яны! Маскоўскага барда ўяўлялі сабе шырокаплечым, вялізнага росту, са шрамам на твары ды іншымі характэрнымі адметнасцямі чалавекам. А францужанка паўстала ў сціплым някідкім строі, і выглядала проста абаяльнай жанчынай. Ну ніяк не цягнулі яны на супермэнаў, якімі мясцовыя і прыезджыя іх уяўлялі. Вось так іх ледзь не адлупілі за тое, што назвалі сябе вядомымі людзьмі! А калі даведаліся, то наўрад ці думалі, што праз палову стагоддзя ў спальні адзінага на той час наваградскага нумара люкс на два пакоі, дзе жыў сам Высоцкі, будуць жыць ягоныя партрэты , а ў “зале” – фотакалаж з выявамі артыста ў розных ролях і фрагментамі розных вершаў паэта. Захаваліся ранейшы тэлефонны апарат, прайгравальнік пласцінак і блакітная плітка на падлозе.
ПЕСНІ З БАБРУЙСКА
САПРАЎДНАЕ чалавечае і творчае сяброўства акцёра і рэжысёра пачалося трыма гадамі раней, калі ў фільме-споведзі “Я родам з дзяцінства” па сцэнарыі Генадзя Шпалікава (ён пражыў усяго 37 гадоў), Высоцкі сыграў апаленага вайной Валодзю, бацьку падлетка Жэнькі, які разам са сваім сябрам Ігарам марыць напрыканцы вайны разам з дарослымі пра новае жыццё ў мірны час. Гэта была першая адносна буйная роля будучага Жаглова. Людзі ўпершыню пачулі ўжывую песні ўлюбёнага барда і ўбачылі, як ён іх выконвае. Зусім мала хто ведае, што тыя песні малавядомы Высоцкі паказваў рэжысёру… у Бабруйску. Пра гэта распавёў спартыўнай моладзі заслужаны трэнер БССР па веславанні Алег Мікалаевіч Пракоф’еў. Ён ведаў Турава з дзяцінства – сябры разам наведвалі марскі клуб пры магілёўскім ДТСААФ. Праз гады яны сустрэліся ў бабруйскай гасцініцы. Пракоф’еў быў са зборнай вобласці на трэніроўках, а Тураў здымаў фільм. Пасля кароткай размовы Віктар запрасіў увечары Алега у свой нумар. Калі яны дамаўляліся за келіхам шампанскага пра арганізацыю масоўкі на вадзе (здымалі ў раёне пляжа санаторыя імя Леніна), у памяшканне забег невысокі сціплы чалавек. Прад’явіў гаспадару пакоя свае песні і прапанаваў уключыць іх у фільм. Гэта быў Уладзімір Высоцкі. Хуценька выпілі за знаёмства, і спявак знік, бо, як заўжды, спяшаўся. Паспеў толькі заўважыць, што іх прафесіі ў чымсьці аднолькавыя – увесь час эмоцыі, імкненні, рух. Пра Бабруйск Высоцкі не забыў. З гэтага горада – герой добра знаёмай усім нам яго “Песні для тых, хто ад’язджае за мяжу”.
Тураў і Высоцкі доўга ламалі галаву над тым, якім чынам 27-гадовы чалавек, які не ваяваў, будзе прадстаўляць у “Я родам з дзяцінства” свае творы, каб яны і настрой перадавалі, і дзеянню дапамагалі. Па словах самога спевака, трэба было зрабіць так, каб час (а гэта пераможны 45-ы) усё-такі адчуваўся. І тады разам знайшлі патрэбную танальнасць. У галоўнай сцэне, калі бацька Жэнькі сядзіць з яго маці, ролю якой выконвае Ніна Ургант, заводзяць патэфон, ставяць нейкую даваенную пласцінку, і… голасам Высоцкага гучыць “У халады, у халады…”. Яна стылізавана пад вядомую да болю ў сэрцы “Синенький, скромный платочек”:
Ў халады, ў халады
Ад наседжаных месц
Клічуць іншыя нас гарады
Ці то Менск, ці то Брэст.
Ў халады, ў халады…
… Як ні склалася б нам
Добра там і тады,
Мы вяртаемся ўсё ж па дамах.
Зораць нашы сляды
Можа тут, можа там.
А потым нечакана, 9 траўня, у Дзень Перамогі, калі прыходзіць паведамленне аб заканчэнні вайны, інвалід голасам Высоцкага на базары спявае:
Лічыць вораг, што слабыя мы маральна,
За ім і лес, і гоні земляў паланёных,
Сячыце ж лес на труны вы старанна,
Ў прарыў ідуць штрафныя батальёны
А яшчэ адна песня з беларускага фільма, “Брацкія магілы”, стала першай прафесійнай, зробленай Высоцкім для кіно:
На брацкіх магілах не ставяць крыжоў,
І ўдовы на іх не галосяць,
Гарыць самы Вечны тут з вечных агнёў,
І кветкі штодня нехта носіць.
ВЯЛЕШЫНСКІ МУЗЕЙ
ПАКУЛЬ ахвочыя засяляліся ў розныя часы (што дазволена) ў 322 нумар наваградскага гатэля, і слухаі з дапамогай прайгравальніка разам з гэтымі іншыя песні Уладзіміра Сямёнавіча, улады Капыльскага раёна думалі пра адкрыццё ў вёсцы Вялешына Дома-музея, прысв-чанага жыццю і творчасці паэта. Гэты музей стварала на базе сваёй вясковай хаты сваячка слыннага земляка, доктар мастацтвазнаўства, прафесар БДУ, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Надзея Фёдараўна Высоцкая, жонка нашага вядомага мастака, на жаль, ужо нябожчыка, Генадзя Галубовіча.
У музеі павінна было з’явіцца геніалагічнае дрэва роду Высоцкіх, якое б пацвярджала прыналежнасць Уладзіміра Сямёнавіча да беларускіх каранёў. Па словах Надзеі Фёдараўны, яе маці, блізкая сваячка Высоцкіх па бацькоўскай лініі, расказвала ёй, што заснавальнікам роду быў заможны землеўладальнік Хомка. Ён жыў калісьці ў Беластоку, павятовым у той час горадзе Гарадзенскай губерні. У Хомкі нарадзіліся Шлёма, Сідар і Павел. У першага сына, які працаваў у Брэст-Літоўску настаўнікам рускай мовы і падпрацоўваў шкловыдзімальшчыкам, нарадзіўся Вольф. Пазней Вольф Шлёмавіч Высоцкі перапісаў сваё імя па-руску, і стаў Уладзімірам Сямёнавічам. Вельмі адукаваны чалавек (атрымаў да рэвалюцыі тры вышэйшыя адукацыі!) і вельмі прыгожы мужчына, ён ажаніўся ў Кіеве, дзе вучыўся ў камерцыйным інстытуце, з роднай сястрой Льва Троцкага Дорай Бранштэйн. У 1915 годзе ў іх з’явіўся сын Сямён, бацька будучага куміра мільёнаў, потым ягоны брат Аляксей. Сямён Вольфавіч вывучыўся ў Маскве на афіцэра, стаў палкоўнікам НКУС… У другога сына Хомкі, Сідара, нарадзілася па-хаваная на Вялешынскіх могілках маці Надзеі Фёдараўны. Сціплая жанчына добра ведала бацьку барда, але сваяцкія сувязі з ім з-за сваёй беднасці не падтрымлівала.
Раней пра тое, што яна траюрадная цётка вядомага спевака, Надзея Фёдараўна (матчына сціпласць!) амаль нікому не хвалілася. Але, як кажуць, час надыходзіў, і жанчына ўпарта працягвала афармляць дакументы на музей, які афіцыйна адкрылі 23 верасня 2020 года. Некаторыя экспанаты незвычайнай для нашых вёсак установы звязаны з Высоцкім непасрэдна. Гэта і канапка, на якой ён заначаваў у сяброў падчас аднаго з прыездаў у Менск. І падораныя цётцы шыкоўныя італьянскія туфлі. І пачак замежных цыгарэт. І парваная гітарная струна… Падчас адкрыцця іх бачылі з дапамогай гаспадыні і вяскоўцы, і госці з раёна. Колькасць экспанатаў, сярод якіх афішы, грампласцінкі, кнігі, шматлікія пісьмы да гаспадыні рэгулярна павялічвалася.
БЕРАСЦЕЙСКІ КАНЦЭРТ
ЦАЛКАМ сугучныя сённяшняму часу творы Высоцкага гучалі і працягваюць гучаць у выкананні пра фесійных і самадзейных артыстаў не толькі ў згаданых мною месцах. У берасцейскім гатэлі “Буг”, што недалёка ад чыгуначнай станцыі, дзейнічае Музей Уладзіміра Высоцкага. У ім шмат фотаздымкаў, арыгінальных афіш і вершаў. На асобных здымках акцёр адлюстраваны разам з мясцовымі гараджанамі. На другім паверсе – паўлюксавы нумар 209, у якім Высоцкі спыняўся. У 1974 годзе ён чакаў тут Марыну Уладзі, якая павінна была перагнаць “Мерседэс”, набыты ў Германіі. Дакладная дата прыбыцця была невядома, і спявак некалькі дзён запар наведваў пагранпераход “Варшаўскі мост”. “Пагранцы” і мытнікі распавядалі непаўторнаму фотакору “Сяльчанкі” Рыгору Кадзету, які праходзіў тут вайсковую службу раней, пра паводзіны Уладзіміра. Пра яго прыемныя, культурныя, у адрозненне ад некаторых іншых зорак, з усімі зносіны і адмысловыя, наконт напісання песні пра пагранічнікаў, жарты. Удакладніў, што пра іх ужо песня ёсць, “Нейтральная паласа”. Трэба сачыніць пра мытнікаў… Быў выпадак, калі барду спатрэбілася канкрэтная дапамога. Ён накіроўваўся ў Польшчу, калі той “мэрс” перад самым мостам цераз Буг заглох. Трэба было сцягваць яго, губляўся час, якога спеваку заўсёды не хапала. І тады ўся змена вайскоўцаў памежнай аховы актыўна ўзялася штурхаць машыну, пакуль яна не завялася. Дарэчы, аднойчы спявак выступаў перад берасцейцамі. Гэта было ў 1965 годзе, калі ў абласным цэнтры праходзіў Першы ўсесаюзны злёт удзельнікаў паходу па месцах рэвалю-цыйнай, баявой і працоўнай славы, для якіх быў дадзены вялікі бардаўскі канцэрт.
Сцены згаданага нумара ўпрыгожваюць кідкія фоташпалеры з партрэтамі барда і радкамі з яго душэўных песень. Тагачасная мэбля стаіць на тым жа паркеце, які памятае сляды легендарнай асобы. Памятаюць Сямёнавіча і крыху адрэстаўрыраваныя ложак і тумбачка. Разам з маім даўнішнім сябрам, былым рэдактарам пружанскай газеты “Раённыя будні” Міколам Антаноўскім, мы былі ў гэтым нумары неўзабаве пасля яго адкрыцця. Успамінаю, як уважліва разглядалі старэнькую радыёлу “Рыгонда” і некаляровы тэлевізар “Нёман”, як слухалі маналогі і песні, адказы паэта (гэтак зроблена!) на самыя розныя пытанні (у Міколы ёсць асабістыя кніжкі вершаў, адзін з якіх прысвечаны Высоцкаму).
Увогуле, шмат хто з пішучых беларусаў, у іх ліку і я, прысвяціў свае творы выбітнаму майстру. Існуюць, для тых, хто цікавіцца, і пераклады ягоных песень. Вось адзін з іх, які цудоўна выканаў Рыгор Барадулін:
Праз вякі, праз пяскі, праз вякоў каламуць
Ўсё імкнецца цяплом наталіцца паспець.
Дык чаму ж тыя птушкі на Поўнач лятуць,
Калі трэба ім толькі на Поўдзень ляцець?
Не патрэбна ім веліч фальшывая.
Вось пад крыламі скончыцца лёд,
І спаткае іх шчасце птушынае,
Ўзнагародай за дзёрзкі палёт.
Народны паэт Беларусі станоўча ўспрыняў намер магілёўскага журналіста і пісьменніка Міхася Булавацкага выдаць зборнік вершаў Уладзіміра Высоцкага на беларускай мове і пагадзіўся дапамагчы ў гэтым выкладчыку матэматыкі і фізікі. Але прыкласці да тэкстаў сваю таленавітую руку дзядзька Рыгор не паспеў. Ён пайшоў з жыцця за два дні да ўзгодненай сустрэчы, 2 сакавіка 2014 года. Заставалася ўлічыць толькі крытычныя выказванні Генадзя Бураўкіна, які памёр 30 траўня таго ж года, і Лявона Баршчэўскага. На 230 старонках прыгожа ілюстраванага зборніка – 45 арыгіналаў і перакладаў. Ён выдадзены за асабістыя грошы і ахвяраванні спонсараў. Адзін з тысячы асобнікаў магілёўскі перакладчык падпісаў падчас прэзентацыі перакладчыку віцебскаму – Георгію Станкевічу. Ён працуе настаўнікам у Бешанковічах, уваходзіць у лік тых сямі аматараў творчасці Высоцкага, якія займаюцца перакладамі яго твораў у нашай краіне. Яны імкнуцца ў сваіх працах захаваць дух аўтара, яго экспрэсію, дынамізм і глыбіню пачуццяў.
Уладзімір Высоцкі, творы якога перакладзены на 209 моў свету, быў, ёсць і заўсёды будзе з беларусамі. Каб некаму хоць нават выпадкова затаптаць ягоныя сляды – па іх трэба прайсці. А гэта, практычна, немагчыма.