22 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся круглы стол “Кнігі і людзі”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння вядомага літаратуразнаўца, выхадца з Капыльшчыны Сцяпана Хусейнавіча Александровіча (1921-1986).
У працы круглага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі і студэнты філфака БДУ, спецыялісты Інстытыта літаратуразнаўства НАН Беларусі, бібліёграфы, прадстаўнікі татарскага этнасу і мусульманскія духоўныя асобы.
Загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ, доктар філалагічных навук, пісьменнік Алесь Бельскі выступіў з успамінамі пра Сцяпана Александровіча, узгадаў яго няпросты жыццёвы шлях, яго нараджэнне ў татарскай сям’і гарбара, факты яго знаходжання ў палоне ў час Вялікай Айчыннай вайны, дзейнасць у партызанскім атрадзе ў Капыльскім раёне. С. Александровіч паступіў на філфак БДУ у 1939 годзе і скончыў яго завочна пасля вайны ў 1950-тым.
– Сцяпан Александровіч быў славутым прафесарам і гонарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, – падкрэсліў А. Бельскі. – Ён быў адораным лектарам, папулярызатарам спадчыны Ф. Скарыны, Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Ц. Гартнага і іншых.
Пра сваяцкія сувязі з даследчыкам распавёў муфцій рэспубліканскага аб’яднання мусульман Алі Ізмаілавіч Варановіч.
Дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ Ігар Запрудскі назваў С. Александровіча Шліманам (першаадкрывальнікам) беларускай літаратуры ХIХ стагоддзя, і акрэсліў праблемы, звязаныя з неабходнасцю даасэнсавання яго навуковай спадчыны.
Кастусь Аляксеевіч Цвірка распавёў пра выданне твораў С. Александровіча ў серыі “Беларускі кнігазбор”, а выдавец Язэп Янушкевіч узгадаў свой артыкул “Ружы настаўніку”, які ён прысвяціў свайму былому выкладчыку.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша ўзгадаў, што знаёмства з дзейнасцю Сцяпана Александровіча пачалося ў яго з бібліятэкі яго маці, якая навучалася на філфаку БДУ і была асабіста знаёмая са Сцяпанам Хусейнавічам.
Загадчык навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Ірына Градоўкіна паведаміла пра знаходжанне звестак пра С. Х. Александровіча ў зводных электронных каталогах Нацыянальнай бібліятэкі і ў рэсурсе “Беларусь у асобах і падзеях”. Бібліятэкар з Капыля распавяла пра ўшанаванне памяці славутага літаратурнага даследчыка на яго малой Радзіме.
Кіраўнік апарата муфціята Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Максат Авезаў распавёў пра працу менскай мячэці ў накірунку захавання кніжнай спадчыны літаратара. У працы круглага стала таксама ўдзельнічаў даследчык кітабаў Міхаіл Тарэлка.
Таццяна Анатольеўна Лаўрык і Вольга Аляксандраўна Шугаева пазнаёмілі з выставаў кніг і артыкулаў ды публікацый пра С. Александровіча ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі. На выставе прадстаўлены выданні “Далёкія зарніцы” (1967), ” Кнігі і людзі” (1976), “Тут зямля такая” (1985), “Пуцявіны роднага слова” (1971), “Слова-багацце” (1981) і інш.
Літаратуразнаўчыя, краязнаўчыя і крытычныя публікацыі С. Александровіча прыцягвалі да сябе ўвагу простым, дакладным стылем, акадэмічна спакойным выказваннем думкі, паслядоўнасцю поглядаў і падыходаў. Як падкрэсліў Ігар Запрудскі, С. Александровіч быў паспяховым, плённым і шчаслівым даследчыкам, шмат ездзіў па Беларусі, Польшчы,Чэхіі, працаваў у архівах.
Глыбокае адчуванне прыгажосці і паўнаты жыцця, далучанасць да лепшых здзяйсненняў чалавечага генія дапамагала даследчыку тварыць з мастацкай дасканаласцю і завершанасцю.
Эла Дзвінская, фота аўтара.