Куцця (Heilige Abend – “Хайліге Абэнд”) – пярэдадзень Каляд. Хоць гэты дзень не з’яўляецца святам, многія крамы адчынены ўсяго да 14 гадзін, а людзі ўспрымаюць гэты дзень як выходны. У Германіі ён іграе важную ролю ў калядных імпрэзах. 24 снежня – дзень падрыхтоўкі да Каляд.
ТРАДЫЦЫЯ КАЛЯДНАЙ ЁЛКІ
У той час як гаспадыня турбуецца пра хуткі калядны абед, задача бацькі, як правіла, разам з дзецьмі паставіць і ўпрыгожыць ёлку – Weihnachtsbaumes (“Вайнахтсбаўмес” – “Каляднае дрэва”). Гэта традыцыя ўзыходзіць да 17-га стагоддзя. Вечназялёныя елкі – знак доўгага жыцця і надзеі. У 18 ста-годдзі звычай ставіць на Каляды гэтае дрэва распаўсюдзіўся ў дамы сярэдняга класа.
КАЛЯДНЫЯ УПРЫГОЖВАННІ
Упрыгожваць ёлку – гэта першапачаткова чыста нямецкі звычай. Раней яна традыцыйна ўпрыгожвалася зімовымі яблыкамі і цукеркамі. Пазней ёлку ўпрыгожвалі пазалочанай садавіной і пасярэбранымі шклянымі шарыкамі. Традыцыйныя колеры шароў – чырвоны, залаты і срэбны. Сёння ёлку ўпрыгожваюць на свой густ свечкамі (звычайна электрычнымі ў мэтах пажарнай бяспекі), мішурой, “дожджыкам” (срэбныя ці залатыя тонкія бліскучыя палоскі), зоркамі, драўлянымі цацкамі, шакаладкамі. Творчасць у вобласці калядных упрыгожванняў (Weihnachtsschmuck – “Вайнахтсшмюк”) не ведае межаў.
БАТЛЕЙКА
Пасля таго, як навагодняя ёлка ўпрыгожана, пад ёй змяшчаецца батлейка – Krippe (“Крыпе”). Як правіла, яна робіцца з дрэва і ўяўляе сабою змадэляваную сцэну з нованароджаным немаўлём Ісусам, яго бацькамі, пастырамі і жывёламі. У Германіі батлейка змяняецца даволі часта, практычна кожны год на калядным кірмашы купляецца новы.
ДЗІЦЯЧАЯ ІМША
У другой палове дня ў цэрквах праходзіць дзіцячая Калядная служба – Kinderweihnachtsgottesdienst (“Кіндарвайнахтсготэсдынст”). У святочна ўпрыгожанай царкве з каляднай ёлкай і вялікай батлейкай чытаецца гісторыя Божага Нараджэння. Акрамя таго, пры свечках спяваюцца калядкі, што наладжвае на каляднае свята. Гэтую прыгожую імшу часта наведваюць дарослыя, якія не могуць ці не жадаюць ісці на начную Калядную службу (Christmette – “Крыстметэ”).
НАВЕДВАННЕ МОГІЛАК
Пасля правядзення дзіцячай імшы, сем’і, як правіла, ідуць на могілкі і наведваюць магілы памерлых сваякоў. Часта запальваюцца свечкі ў выглядзе маленькіх ёлак. Усе знаёмыя, якія сустракаюцца на дарозе, жадаюць шчаслівых Каляд: schеnes Weihnachtsfest (“шэнес Вайнахтсфэст”). Некаторыя спяваюць песні і граюць на флейце.
ЕЖА
Пасля наведвання могілак, немцы ідуць дахаты вячэраць. 50 гадоў назад ежа ў пярэдадзень Каляд рыхтавалася з улікам паста. Было або пару рыбных страў ці салата з салёнага селядца з бульбай, або суп. Толькі пасля Каляднай імшы можна было дазволіць сасіскі з квашанай капустай (Bratwurste mit Sauerkraut – “Братвюрстэ міт саўеркраўт”). Сёння няма ніводнага фіксаванага правіла для вячэры на Куццю. Для сем’яў з дзецьмі ў якасці хуткага перакусу служаць сасіскі з бульбяной салатай ці квашаная капуста і бульбяное пюрэ. У бяздзетных сем’ях часта падчас ежы падаюць глінтвейн (Gluhwein – “Глювайн”).
КАЛЯДНАЯ ГІСТОРЫЯ
Пасля вячэры ў шматлікіх сем’ях чытаюць гісторыю Божага Нараджэння – Weihnachtsgeschichte. Яна распавядае пра тое, як Юзаф і яго жонка Марыя знайшлі сховішча ўначы ў Віфлееме. Марыя нарадзіла сына Ісуса і паклала яго, загорнутага ў пялёнкі, у батлейку. Анёл абвясціў пастухам, што тут нарадзіўся Сын Божы. І яны спяшаліся зірнуць на нованароджанага.
КАЛЯДКІ
Пасля каляднай гісторыі ў сем’ях спяваюць калядкі (Weihnachtslieder – “Вайнахтслідар”), і, хто можа граць на музычных інструментах, прайграваюе музыку на іх. Акрамя таго, часта грае кампакт-дыск з калядкамі. Найстаражытныя германскія калядныя песні адносяцца да 11-14 стагоддзяў. Папулярныя песні “Stille Nacht, Heilige Nacht” (“Штыле Нахт, Хайліге Нахт”) і “O du frеhliche” (“О ду фрэхліхе”) з’явіліся ў 18-м і 19-м стагоддзях.
ПАДАРУНКІ
Цяпер надышоў час для падарункаў. Дзецям аб’яўляюць, што Немаўля Ісус (Christkind – “Хрысткінд”) прынёс падарункі, і ўсе ідуць у гасціную, дзе гараць свечкі на ёлцы і ляжаць загор-нутыя падарункі. Гэта асабліва прыгожае відовішча, бачыць зіхатлівыя вочы дзіцяці! Выява Немаўляці, які нясе падарункі для дзяцей, была скарыстана ў 16 стагоддзі Марцінам Лютарам у якасці замены для Святога Мікалая (heiligen Nikolaus – “хайліген Нікалаўс”), які адорвае дзяцей у ноч на 6 снежня. Нараджэнне немаўляці Ісуса – дзень для абмену падарункамі, у пратэстанцкай царкве – свята. У многіх еўрапейскіх краінах, такіх як Англія, падарункі разгортваюць раніцай 25 снежня.
Куцця ў Германіі заканчваецца апоўначы, і пачынаецца Калядная служба, якая азначае сабой пачатак важнага свята для хрысціян – Нараджэння Хрыстова (Weihnachtsfest – “Вайнахтсфэст”).
Ірына Стаўбоўская.