Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Уладзімір Барысенка. РЫЦАР СВАБОДЫ І БРАТЭРСТВА

Уладзімір Барысенка. РЫЦАР СВАБОДЫ І БРАТЭРСТВА

28 снежня 2021, 23:59 Культура 41
Уладзімір Барысенка. РЫЦАР СВАБОДЫ І БРАТЭРСТВА

Да дня нараджэння Адама Міцкевіча

Адам Мікалаевіч Міцкевіч, бацькі якога паходзілі з драбнай шляхты і працавалі арандатарамі, нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў фальваку Завоссе Наваградскага павета Літоўскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Баранавіцкі раён Берасцейшчыны). Гаспадар шчыраваў спачатку каморнікам (землямерам), а пазней – адвакатам у Наваградку, дзе сям’я апынулася, калі малому было ўсяго тры гады. Бацька будучага вялікага паэта, грамадскага дзеяча і публіцыста ўдзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Для свайго часу ён быў чалавекам пісьменным, больш за тое – пісаў вершы. Аднак на выхаванне Адама куды большы ўплыў аказалі парабак Уліс і служанка Гансеўская. Першы ахвотна расказваў казкі, а другая добра спявала народныя песні. Яны і прывілі Адаму любоў да фальклору, які стаў адным з вытокаў яго  сусветнавядомай неўміручай мастацкай індывідуальнасці.

БЕЛАРУСКІ ПАЛЯК ЦІ ПРЫПОЛЬШЧАНЫ БЕЛАРУС

САМ паэт лічыў сябе палякам і пісаў па-польску. Аднак даследчык ягонай творчасці вядомы беларускі паэт Алег Лойка, які пакінуў нас дзесяць гадоў таму, выказаў некалі думку, што, магчыма, продкі Міцкевіча былі беларусамі. Увогуле ж, як слушна заўважыў пазней на гэты конт наш слынны літаратуразнавец Адам Мальдзіс, кім быў вялікі творца паводле сваёй свядомасці і нацыянальнай належнасці – пытанне рытарычнае. Зразумела, што зоркай першай велічыні не толькі ў славянскай, але і ў сусветнай літаратуры ён стаў будучы гені-ем менавіта польскай славеснай мастацкай творчасці. Але ж перадусім ён прызнаваўся ў любові да зямлі, на якой нарадзіўся і ўзрос, на якой адчуў прыгажосць навакольнага свету. З духоўнай культурай Беларусі Міцкевіч быў звязаны праз усё сваё жыццё. Найперш, ён добра ведаў беларускае сялянскае атачэнне – з аднакласнікам і сябрам Янам Чачотам часта бываў на кірмашах, вяселлях і абрадавых святах, хадзіў з валачобнікамі, што было для яго сваім, блізкім, родным. Усведамляючы адметнасць гэтага атачэння ад шляхецкага асяроддзя, ён дакладна называў, па словах саміх польскіх даследчыкаў, імя народа, ад якога сябе не аддзяляў – народа “беларускага”. Падкрэсліваў гэта і ў перапісцы з сябрамі, і ў лірыка-драматычнай паэме “Дзяды”, якую я чытаў у перакладзе з польскай Кастуся Цвіркі, і ў газетных артыкулах.

У пралогу да галоўнага твора свайго жыцця, ліра-эпічнай паэмы “Пан Тадэвуш” Міцкевіч жарсна ўскліквае:

Літва! Мая айчына! Ты – нібы здароўе:

Цябе той цэніць, хто ўжо страціў.

Зноў і зноў я Табою мрою,

Зноў ты ў снах перад вачыма.

Вярнуць цябе хачу я ў слове хоць, радзіма.

 

Прыметнікам “літоўскі”, адзначае ў артыкуле “Зямля наваградская, краю мой родны…” згаданы вышэй Адам Мальдзіс, паэт вызначаў Наваградчыну і мову яе насельнікаў. Рабіў гэта з такой жа перакананасцю, як і прыметнікамі “беларускі”, “літоўска-рускі” ці “рускі”. Словы “Літва” і “літоўскі” геній слова разумеў не ў сучасным іх сэнсе, а ў гістарычным. Сапраўдны патрыёт, ён быў спадчыннікам Вялікага Княства Літоўскага, адной з першых сталіц якога з’яўляўся ягоны родны Наваградак, маляўнічы куточак нашага краю, які невыпадкова называюць “беларускай Швейцарыяй”. Літва была для яго перадусім краінай, якой вельмі трэба было вярнуць былую свабоду, вызваліцца ад іншаземцаў. Такім чынам, пагадзіцеся, спадчына Адама Міцкевіча належыць не толькі польскаму, а перш за ўсё беларускаму народу, сярод якога ён нарадзіўся і ўзрос.

Як бы хто ні здзіўляўся і ні аспрэчваў, класіка польскай літаратуры можна ўпэўнена лічыць адным з пачынальнікаў і новай беларускай літаратуры. Той жа Адам Мальдзіс пацвярджае гэта наступным чынам. Міцкевіч быў па сутнасці першым літаратарам, які  звярнуўся да беларускай народнай творчасці. Ён даў добры прыклад не толькі варшаўскім “класіцыстам”, але і беларускім пісьменнікам. Таму нельга не пагадзіцца з польскім літаратуразнаўцам Юзафам Левандоўскім, што не трэба трактаваць, як гэта сёння некаторыя робяць, нацыянальную належнасць Міцкевіча, ды і іншых тагачасных дзеячаў нашага рэгіёна, “адназначна, выключна і нават супрацьпастаўна”, бо “ўцісканне ў адну перагародку – гэта дзеянне, якое калечыць”.

 

РОДНЫ КРАЙ

СКАЗАНАЕ нельга не падтрымаць. І мы не можам не ганарыцца тым, што Міцкевіч называў беларускую зямлю, Наваградчыну, “родным краем”. У заключнай частцы згаданай вышэй паэмы “Пан Тадэвуш” ён сказаў пра родную зямельку так, як не зробіць гэта, напэўна, ніхто іншы:

Ва ўсім мінулым і ва ўсім, што будзе,

Нам, эмігрантам, непатрэбным людзям

У свеце, дзе нам доля быць судзіла,

Застаўся родны кут, свая радзіма –

Дзяцінства край!

Спазнаўшы смак выгнання,

Ён дораг нам, як першае каханне,

Бо не атручаны самадакорам

За ўсе памылкі, зробленыя ўчора.

У ім задумы спраўджваліся складна,

І не былі выпадкам падуладны;

Там рэдка плакаў я, не ведаў злосці.

Туды, у край дзяцінства, хоць бы ў госці

Мне думкай заляцець і сенакосам

Прабегчы па траве ў калена босым,

Нарваць званкоў з расой пучок ліловы,

Сцінаючы дубцом балігаловы!

 

Месца дзеяння гэтага апошняга паэтычнага твора, напісанага з 1832 па 1834 гады –  наваградскія прасторы, а большасць дзейных асобаў у ім – тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, прасякнутай, у асноўным, ідэямі рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Свой адбітак на змест наклала само знаходжанне паэта ў Парыжы. Дакладней, нежартоўныя баталіі, якія разгортваліся ў ім паміж прадстаўнікамі розных партый эмігрантаў. Па словах рэвалюцыянера-дэмакрата Станіслава Ворцаля, якія прыводзяць у сваім артыкуле “Зорка Адама Міцкевіча” Вячаслаў Вайткевіч і Алег Лойка, польскую кнігу пра Беларусь, пра наш народ аўтар прысвяціў адначасова “Літве”. Бясконца ёй  удзячны, у лірычных адступленнях-зваротах ён не стамляўся  паўтараць і песціць яе імя. Увогуле паэму лічаць энцыклапедыяй шляхецкага нацыянальна-вызвольнага руху 19 стагоддзя. Між іншым, няшмат паэм ва ўсёй сусветнай літаратуры заслугоўвае гэтакай высокай адзнакі і назвы – энцыклапедыя. Яна нібы выходзіць за рамкі літаратуры і робіцца агромністай  з’явай у нашай свядомасці і нашай духоўнасці.

У Парыжы Міцкевіч аказаўся пасля  наведвання Берліна, Прагі, Веймара, Рыма, Жэневы, Неапаля і Дрэздана, дзе ў 1832 годзе напісаў трэцюю частку “Дзядоў” – аднаго з самых яркіх шэдэўраў сусветнай літаратуры, Гэтай часткай змагар выклікаў на ўсезямны, усечалавечы суд сацыяльны і палітычны прымус і прыгнёт.

Падарожнічаць і блукаць па Еўропе наш знакаміты зямляк пачаў яшчэ 15 траўня 1829-га, калі адплыў у Берлін з Пецярбурга. За два тыдні да эміграцыі на кватэры Аляксандра Пушкіна, з якім пазнаёміўся трыма гадамі раней і сябраваў, трыццацігадовы Адам назаўсёды развітаўся як з “рускім сонцам паэзіі”, так і знаёмымі літаратарамі Муханавым, Вяземскім, Хамяковым, Крыловым, Жукоўскім і  Дэльвігам.

Пачатак эміграцыі паклала ў кастрычніку 1823-га, праз год пасля выхаду ў свет першага зборніка вершаў “Паэзія” і першага тома “Балад і рамансаў”, справа філарэтаў, па якой арыштвалі 108 чалавек. У той час на захопленых Расіяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызвольны рух.

 

ФІЛАМАТЫ І ФІЛАРЭТЫ

Асноўнай крыніцай вальналюбных ідэй і памкненняў быў адзін з лепшых у Еўропе Віленскі ўніверсітэт. Менавіта ў ім з ініцыятывы  студэнтаў Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага ў 1817 годзе было заснавана таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў (аматараў ведаў). Праз тры гады ўтварылася роднаснае таварыства філарэтаў – прыхільнікаў дабрачыннасці, кіраўнікамі якога былі філаматы. Згуртаванні  заснавалі перадусім для  аб’яднання найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай стала ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра зняволенай Айчыны. Аб шырыні інтарэсаў  сведчыў аб’ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў. Слухаліся  гэтаксама вершы і балады Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана ды іншых паэтаў. Вывучаліся гісторыя і культура беларускага народа (амаль усе  былі родам з Беларусі, якую называлі Літвою паводле гістарычнай традыцыі).  Аналізаваліся беларускі фальклор, звычаі і абрады. Планавалася падрыхтаваць сінтэзаваную харахтарыстыку народнага жыцця.  Статыстычны камітэт збіраў спецыяльную інструкцыю з інфармацыяй аб тэрыторыі ўсяго былога Вялікага Княства Літоўскага.  Падкрэслівалася, што ўсе  звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае, а не замежныя факты. У вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школу.

Апярэджваючы час, яны рабілі адначасова першыя спробы стварэння ўласнай беларускай літаратуры. Добры прыклад паказваў Ян Чачот, які ўзначальваў літаратурны аддзел таварыства. Пераадольваючы інерцыю польска-шляхецкага выхавання, ён адважыўся пісаць на мове сваёй зямлі. Поспех быў незвычайны. Патрыятычная моладзь завучвала ягоныя вершы на памяць, спявала іх. На жаль, з беларускамоўнай творчасці паэта, фалькларыста, этнографа і драматурга захаваліся толькі некалькі твораў і фрагментаў. Сярод іх – верш “На прыезд Адама Міцкевіча” і два радкі верша, напісанага ўжо ў турэмным зняволенні ў чаканні прысуду па згаданай вышэй справе:

Да лятуць, лятуць, да дзікія гусі,

Да нас павязуць да далёкай Русі…

Па-беларуску маглі пісаць і іншыя філаматы, тэарытычна яны ўжо да гэтага падышлі. У сваім артыкуле “Вялікі пясняр Беларусі” той жа Кастусь Цвірка выказвае думку, што такія спробы з’яўляліся і ў найбольш блізкага да народа паэта Адама Міцкевіча. Але, будучы, у адрозненне ад твораў Чачота неапублікаванымі, хоць нешта  наўрад ці магло дзе захавацца. Тым больш, знаходзіліся не зусім сумленныя палякі-міцкевічазнаўцы, якія лічылі непажаданым захоўваць матэрыялы, што паказвалі не ў “патрэбным” святле воблік вялікага паэта. Пра гэта яскрава сведчыць у саёй кнізе “Вялікія польскія рамантыкі” адна з вядомых даследчыкаў  Аліна Віткоўская. Яна піша, што быў час, калі  замоўчвалі, утойвалі ці перайначвалі факты і знішчалі адпаведныя дакументы. Хацелася, каб у вачах свету Міцкевіч заставаўся толькі польскім нацыя-нальным сімвалам. Толькі як вытравіць, шаноўныя спадары, з паэта ўсё беларускае? Гэта ж проста немагчыма! Перачытайце ці прачытайце ягоныя творы і вы ўбачыце, што ўсе яны – велічны гімн Беларусі, роднай “Літве”. Характэрна, што майстар паэтычнага слова часцей за ўсё падаваў не выдуманыя, а рэальныя, падкрэсліваю – рэальныя беларускія назвы родных мясцін. Гэта Наваградак і Вільня, Мінск і Свіцязь, Нёман і Вілія, Вілейка і Літоўка, Сталовічы і Рута, Шчорсы і Мір, Туганавічы і Плужаны, Цырын і Асташын, Ашмяны і Ляхавічы, Ліда і Варонча, Мыш і Налібокі і многія іншыя. Па сведчанні даследчыкаў, у лістападзе 1824-га, праз паўгода пасля арышту, Міцкевіча з сябрамі выслалі ў Пецярбург, а крыху пазней перавялі ў Маскву, дзе ён пачаў працаваць у канцылярыі ваеннага генерал-губернатара. Увосень 1828-га ён узяў месячны адпачынак і наведаў Пецярбург. Мэтай было выданне раман-паэмы “Конрад Валенрод”, аднаго з найбольш знакамітых, як пасля высветліцца, твораў польскага рамантызму. У празаічнай прадмове Міцкевіч адзначае, што апісвае часы, калі язычнікі-ліцвіны ваявалі з галоўным сваім ворагам – Тэўтонскім ордэнам, які заваяваў Прусію. Ніл Гілевіч назваў аўтара “Конрада Валенрода” рыцарам свабоды і братэрства. Нашмат раней  пра гэта мовіў Аляксандр Пушкін.

 

ЛОЗУНГ СВАБОДЫ

ДАВОЛІ часта, у вельмі розных жыццёвых абставінах, можна пачуць лозунг “За нашу і вашу свабоду!”. Толькі вось мала хто ведае, што ўпершыню ён узнік яшчэ ў 1830 годзе на вуліцах лістападаўскай Варшавы. Падхапіўшы яго, словы “за вашу” Міцкевіч паставіў першымі: “За вашу і нашу  свабоду!..” Прафесар лацінскай літаратуры Лазанскага ўніверсітэта, выкладчык славянскіх літаратур у адным са старэйшых вучэбных і навукова-даследчых устаноў Францыі Калеж дэ Франс не толькі абвяшчаў  лозунгі. Падчас рэвалюцыі 1848 года, адзначаюць Вайткевіч і Лойка, ён стварыў у Рыме, падтрымліваючы рух карбанарыяў, польскія легіёны. Павёў інтэрнацыянальны легіён у дапамогу рэвалюцыйнаму Парыжу. Фларэнційцы, генуэзцы, падуанцы праносілі легіянераў па гарадскіх вуліцах на руках. У Парыжы вядомы эмігрант заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”, у якой друкаваліся выступленні ў абарону прыгнечаных народаў.

У 1855 годзе, калі Турцыя ваявала з Расіяй, Міцкевіч накіраваўся ў Стамбул, дзе збіраўся арганізаваць польскія легіёны. Але зрабіць гэта не паспеў – у свае 57 памёр у Канстанцінопылі, дзе і быў пахаваны. Спачатку парэшткі паэта перавезлі ў Парыж, а ў 1890-м – у Кракаў, дзе іх прыняла асобная ніша Вавельскага замка.

Так сталася, што пасля Міцкевічаў на сядзібе ў Наваградку доўга жылі іншыя людзі, бо яна была канфіскавана. І толькі 11 верасня 1938-га створаны  Міцкевічаўскі камітэт з шырокім удзелам грамадскасці ўрачыста адкрыў Дом-музей імя Адама Міцкевіча. Яго першым дырэктарам быў Уладзіслаў Ляруй, які працягваў дзейнасць і пасля таго, як у верасні 1939 года Наваградак увайшоў у склад БССР. У першы ж год вайны сядзіба была знішчана авіябомбай. Толькі ў 1955-м яе адбудавалі. А ў 1991-м пасля чарговай рэканструкцыі музей набыў сучасны выгляд. Узнавілі дзіцячы пакой, кабінет бацькі, гасцёўню, сталовую, спальню і кухню ў падвале. Пабудавалі падземны пераход, які злучыў дом з флігелем.  Гэта дало дадатковую плошчу для размяшчэння этнаграфічнай выставы і правядзення часовых выстаў. У Наваградку, на тэрыторыі малога замка, у 1992 годзе выбітнаму земляку  ўсталявалі помнік. А ў сталіцы ў гонар паэта ў скверы на Гарадскім вале пры перасячэнні Нямігі і Раманаўскай слабады ўсталяваны манумент Распавядаючы пра сваю “Літву” – Беларусь, раскрываючы самыя розныя бакі яе жыцця, Міцкевіч адрасоўваў свае творы ў першую чаргу яе чытачам, менавіта ад іх чакаў спагады і разумення. Пра гэта выразна сведчыць верш “Я помнік узнёс…”. У ім ён выказаў спадзяванне, што яго “помнік” перажыве нават самыя даўгавечныя каменныя памяткі:

Бо ад Панарскіх гор і ковенскіх нябёс

Далей за Прыпяць люд імя маё панёс.

Чытае дружна Менск, Наваградак мяне,

Мой верш перапісаць юнак не праміне…

 

Бачыце, куды перш за ўсё скіроўвала свой зрок звонкая муза паэта, у творчасці якога бліскотна адбілася цэлая эпоха ў жыцці нашага народа. Таму гэтую неўміручую творчасць павінны ведаць кожны студэнт, кожны школьнік, увогуле ўсе беларусы, якія хочуць называць і лічыць сябе культурнымі людзьмі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас