Як стаў географам, дзякуючы адной кнізе, гамяльчанін Анатоль Ісачанка
Сусветна вядомы географ Анатоль Ісачанка пражыў вялікае і вельмі выніковае жыццё (28 траўня 1922, Гомель – 2 сакавіка 2018, Санкт-Пецярбург). Пра вытокі свайго поспеху ён расказаў у лісце нам, які, несумненна, зацікавіць не толькі гомельскіх друкароў, супрацоўнікаў “Гомельскай праўды” і мясцовых географаў, але і звычайных чытачоў не толькі ў Гомелі.
27.12.1992 г.: “З вялікім спазненнем хачу падзякаваць Вам за віншаванне з 70-годдзем і за добры артыкул у “Гомельскай праўдзе”. Гэты артыкул – самы вялікі падарунак для мяне, бо ён нагадаў пра радзіму і бацьку. Бацька – друкар “Палесдруку” друкаваў гэтую газету яшчэ ў 20-я гады, і я яшчэ ў дзяцінстве рэгулярна чытаў яе. Бацька прайшоў усю Вялікую [А]йч[ынную] вайну, вярнуўся інвалідам і ў 1948 г. памёр, пахаваны на Навабеліцкіх могілках (апошні раз я быў на яго магіле 3 гады таму).
Артыкул і газета напоўнілі аб многім. Дарэчы, Вам, магчыма, будзе цікава даведацца (у сувязі з упамінаннем у Вашым лісце пра выданне геаграфічнай літаратуры ў Беларусі), што яшчэ ў 20-я гады ў друкарні “Палесдрук” друкавалася нямала навукова-папулярнай літаратуры, а сярод яе была кніга вядомага тады папулярызатара М. Рубакіна “У пагоні за славай, за нажывай, за ведамі”. Не памятаю дакладна гады яе выдання, з таго часу яе не сустракаў, зараз гэта, вядома, бібліяграфічная рэдкасць. Але гэтая кніга пра вялікіх падарожнікаў зрабіла мяне географам. Я прачытаў яе, калі мне было гадоў 7 (па-мойму, я яшчэ і ў школу не хадзіў, але дакладна не памятаю), і з тых часоў вырашыў стаць географам. Наогул жа я тады захапляўся кнігамі аб падарожжах і беларускай літаратурай. Сабраў прыстойную бібліятэчку беларускіх пісьменнікаў, якая загінула падчас вайны разам з усёй нашай маёмасцю. Між іншым, я і мае аднагодкі вельмі любілі прыгодніцкія кнігі Янкі Маўра (“Беларускія рабінзоны” (правіль-ная назва – “Палескія рабінзоны”. – А. С.) і інш.)”.
Анатоль Рыгоравіч меў на ўвазе артыкул пра яго: Сімакоў А. Арктыка, Урал, а таксама Кітай… (Гомельская праўда. 1992. 23 ліп.), напісаны з выкарыстаннем матэрыялаў ад яго. Гэты артыкул быў таксама выкарыстаны ў томе “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Гомеля (Кн. 2. Мінск, 1999, артыкул “Ісачанка Анатоль Рыгоравіч”, с. 356).
Апісанне кнігі з каталога Навуковай бібліятэкі імя В. Р. Распуціна Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта: Рубакин, Н. А. В погоне за наживой, за славой, за знаниями: рассказы о великих путешественниках и знаменитых путешествиях / Н. А. Рубакин. – Гомель : Гомел. рабочий, 1925. – 128 с.: ил.; 22 см. – 0.65 р. (у загалоўку, у параўнанні з лістом А. Р. Ісачанкі, перастаўлены словы). Гэтае гомельскае выданне – вельмі вялікая рэдкасць у свеце. Добра было б гэтую кнігу факсімільна перавыдаць, лепш сімвалічна ў Гомелі ж. Яна нараджае вялікіх географаў.
Алесь Сімакоў,
даследчык беларускай дыяспары на амерыканскім Паўднёвым Захадзе, у Каліфорніі і на Алясцы (стаў амерыканістам у немалой ступені дзякуючы кнізе Альбертаса Лаўрынчукаса “Трэці бок долара”).

