Напрыканцы 2019 года Беларускае гістарычнае таварыства ў Беластоку выпусціла ў свет цікавую кнігу “Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy” (“Іван Краскоўскі (1880-1955) на службе Беларусі і Украіны”).
Пра гэтую кнігу ў Беларусі ніхто так і не згадаў. А шкада. Аўтарамі кнігі з’яўляюцца гісторыкі Тамаш Блашчак, Ірына Мацяш і Дарота Міхалюк. Выданне прысвечана беларускаму палітычнаму дзеячу, публіцысту і педагогу Івану Краскоўскаму. Хто ж такі гэты беларус, якому аўтары прысвяцілі цэлую манаграфію?
Іван Краскоўскі з’явіўся на свет 24 чэрвеня 1880 года ў вёсцы Дубічы-Царкоўныя каля мястэчка Орля Бельскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер Дубіцкая гміна Гайнаўскага павета Рэспублікі Польшча) у сям’і праваслаўнага святара Ігната і Алены Краскоўскіх. У адпаведнасці з сямейнай традыцыяй, здаў экзамены ў Літоўскую духоўную праваслаўную семінарыю ў Вільні, якую закончыў у 1901 годзе. У 1903 годзе ён паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта. У гэтым жа годзе ажаніўся з Валянцінай Сакальскай, з якой пазнаёміўся падчас навукі ў Вільні. Ад гэтага шлюбу нарадзілася трое дзяцей – Людміла (1906 года нараджэння), Сяргей (1907) і Мсціслаў (1910). За дзейнасць у нелегальных палітычных арганізацыях Іван Краскоўскі быў выключаны з універсітэта. Навуку працягнуў у Пецярбургскім універсітэце, таксама на гістарычна-філалагічным факультэце, які закончыў у 1907 годзе са спецыяльнасцю гісторыка-эканаміста.
Пасля завяршэння навукі ў Пецярбургу Краскоўскі пасяліўся ў Вільні, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам гісторыі ў прыватных мужчынскіх гімназіях Паўлоўскага і Вінаградава. Будучы намеснікам дырэктара і, заадно школьным інспектарам, рэфармаваў школу. Як адзін з першых віленскіх педагогаў у выхаванне вучняў уключыў спорт, заснаваў першую футбольную каманду не толькі ў Вільні, але і ва ўсім Паўночна-Заходнім краі (цяпер Літва, Беларусь, Беласточчына). Палітычны светапогляд Краскоўскага быў набліжаны да пазіцыі сацыялістаў і дэмакратаў, схіляючы яго да дзеячаў, якія выказваліся за краёвую ідэю.
У Вільні Іван Краскоўскі звязваўся з беларускім нацыянальным рухам, а таксама працаваў на карысць горада. У 1913 годзе, пры падтрымцы Саюза краёвай дэмакратыі, ён быў абраны дэпутатам Рады горада Вільні. Восенню 1914 года Краскоўскія, апасаючыся захопу Вільні немцамі, вырашылі з’ехаць на Украіну.
У Кіеве Краскоўскі ўладкаваўся на працу ў Кіеўскім аддзяленні Земскага саюза Паўднёва-Заходняга фронту. Падчас рэвалюцыі, як дэлегат Кіеўскага аддзялення, увайшоў у прэзідыум і стаў актыўным дзеячам Беларускага нацыянальнага камітэта. Адначасна служыў ва ўкраінскіх структурах камісарам Цярнопальскай губерні, а пасля вяртання з Галіччыны прыняў прапанову заняць пасаду намесніка генеральнага сакратара ў Міністэрстве ўнутраных спраў і стаць старшынём выканаўчага камітэта Краёвай нарады па справах бежанцаў. Пазней ён перайшоў на службу ў ведамстве замежных спраў, дзе працаваў старшым дарадцам міністра і старшынём Консульскай камісіі, у рамках якой закладваў падмуркі пад развіццё ўкраінскай консульскай службы. Ва ўкраінскім МЗС быў таксама адказным за кантакты з іншымі краінамі, якія паўсталі ў выніку распаду Расійскай імперыі, вёў актыўную палітыку на літоўскім і, перш за ўсё, на беларускім напрамку. Краскоўскаму ўдалося захаваць усе пасады, нягледзячы на дынамічныя палітычныя змены ва ўладных структурах Украіны.
У гісторыю Украіны Іван Краскоўскі ўвайшоў як адзін з падпісантаў “Акту Злукі” – пагаднення аб аб’яднанні Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-ўкраінскай Народнай Рэспублікі заключанага 22 студзеня 1919 года. Таксама ў студзені ўзначаліў ён Украінскую Надзвычайную Дыпламатычную Місію на Каўказе, мэтай якой была каардынацыя цэ-ласнасці палітычных, эканамічных і консульскіх адносін Украіны ў гэтым рэгіёне. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся няпоўныя два гады. А пасля заканчэння службы для ўкраінскай дзяржавы, Іван Краскоўскі вырашыў вярнуцца з сям’ёй у Вільню і прысвяціць сябе працы на карысць беларусаў. Вяртанне атрымалася толькі восенню 1921 года.
У Вільні пачаў працаваць настаўнікам гісторыі ў Віленскай беларускай гімназіі. У лютым 1922 года апынуўся ў групе 33-х літоўскіх і беларускіх дзеячаў, высланых адміністрацыяй Сярэдняй Літвы з Вільні ў Коўню. Але не знайшоў сабе месца і два месяцы пазней быў ужо ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс), дзе заснаваў першую ў Латвіі беларускую гімназію. І хаця ягоная асветная місія была надта паспяховай, але школай, якую заснаваў Іван Краскоўскі, кіраваў усяго два гады. Ён і яго супрацоўнікі былі беспадстаўна абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці. І, хаця ў судзе іх апраўдалі, то ў выніку гэтак званага беларускага працэсу, Іван Краскоўскі спачатку быў адхілены ад кіравання асветнай установай, а пазней – і ад дыдактычнай працы. Паколькі ў Краскоўскага не было латышскага грамадзянства, ён вымушаны быў пакінуць тэрыторыю Латвіі, і летам 1925 года – не маючы ў прынцыпе выбару – разам з сям’ёй выехаў у Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку з картай дзеяча, пераследаванага польскімі і латышскімі “імперыялістамі”.
Пасля прыезду ў Менск Іван Краскоўскі атрымаў працу на педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пасаду навуковага спецыяліста на кафедры гісторыі асветы Беларусі. Восенню 1925 года ён прыняў прапанову працаваць у Дзяржаўным камітэце планавання БССР на пасадзе кіраўніка грамадска-культурнай секцыі, а, заадно, стаў і членам прэзідыума Дзяржплана БССР. Іван Краскоўскі працаваў таксама ў секцыі планавання экспедыцый Акадэміі навук СССР. А зімой 1930 года пераехаў у цэнтральную сядзібу Дзяржплана СССР у Маскву.
У Маскве працаваць спакойна яму не далі. Неўзабаве беларуса абвінавацілі ў прыналежнасці да прыдуманага “Саюза вызвалення Беларусі”, мэтай якога мела быць нібыта падрыхтоўка паўстання і стварэнне “Беларускай буржуазнай рэспублікі”. Працэс па справе “Саюза вызвалення Беларусі” для Краскоўскага завяршыўся ў чэрвені 1931 года. Прысудзілі яго да 5 гадоў ссылкі ў Самару (Куйбышаў), у наваколлі якой разам з жонкай Валянцінай правёў наш зямляк рэшту свайго жыцця ў СССР.
У Самары Іван Краскоўскі першапачаткова пачаў працу ў мясцовым аддзяленні Дзяржплана СССР, а ў 1932 годзе ўладкаваўся на пасаду навуковага сакратара Навукова-даследчага геолагаразведвальнага інстытута. Краскоўскі займеў таксама кіраўнічую пасаду ў Сярэдняволжскім навукова-даследчым геолагаразведальным інстытуце. Летам і восенню 1935 года ён кіраваў Комплекснай Ульянаўска-Чарамшанскай даследчай экспедыцыяй. Пазней узяўся за распрацоўку некаторых пытанняў у рамках пабудовы гідраэлектрастанцыі і плаціны на Волзе.
Але Івана Краскоўскага ў той час не абмінула хваля “вялікага тэрору”, якая па ўказанні Сталіна ў 1937-1938 гадах спасцігла насельніцтва СССР, у выніку чаго многія савецкія грамадзяне былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання або шматгадовай ссылкі ў лагеры.
У студзені 1937 года Івана Ігнатавіча адхілілі ад усіх займаных пасад, а ў лістападзе НКВД арыштавала яго, абвінаваціўшы ў шпіянажы.
Больш за два гады ён сядзеў у турме ў чаканні судовага працэсу. Спецыяльны савет НКВД СССР у Куйбышаве асудзіў яго толькі ў сакавіку 1940 года, а потым вызваліў, улічыўшы тэрмін часовага арышту. Пасля выхаду на волю, Краскоўскі многа часу аддаў, каб паправіць сваё здароўе і перакладам іншамоўнай літаратуры.
У гады вайны ў Куйбышаў эвакуяваліся цэнтральны ўстановы СССР. У сувязі з гэтым многіх жыхароў, у тым ліку Івана Краскоўскага, выселілі. Атрымаў ён накіраванне на працу ў школу ў саўгасе імя Крупскай у Мелякескім раёне Куйбышаўскай вобласці. Там Краскоўскія жылі ўсю вайну. У 1946 годзе атрымалі яны дазвол пераехаць у раённы горад – Мелекес, дзе Іван Краскоўскі працаваў настаўнікам у сярэдніх школах і ў інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў.
У 1948 годзе Краскоўскія перабраліся ў Шыраева Куйбышаўскай вобласці. Там Краскоўскі два гады выкладаў геаграфію і гісторыю ў сярэдняй школе. У траўні 1949 года ў Доме інвалідаў у Бальшой Ракаўцы Елхаўскага раёна памерла яго жонка Валянціна. Пад канец чэрвеня гэтага ж года ў Дом інваліда перасяліўся і ён сам.
Вясной 1953 года Івану Краскоўскаму ўдалося атрымаць дазвол на выезд у Чэхаславакію і, пры фінансавай падтрымцы дачкі Людмілы Краскоўскай, пакінуць СССР. Іван Краскоўскі два апошнія гады свайго жыцця правёў у Браціславе. Там і памёр 23 жніўня 1955 года.
Абодва сыны Івана і Валянціны Краскоўскіх Мсціслаў і Сяргей, якія іх падтрымлівалі ў СССР, загінулі. У 1937 годзе, пасля ілжывага працэсу, расстралялі Сяргея. А малодшы Мсціслаў хутчэй за ўсё памёр у лагеры каля 1942 года. Дачка Людміла, якая засталася на эміграцыі ў Чэхаславакіі, стала выдатным археолагам, нумізматам і гісторыкам мастацтва.
Некалькі слоў хочацца згадаць і пра Людмілу Краскоўскую (1904-1999), якая жыла ў Браціславе. Вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі і ў Дзвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. У 1924 годзе, як стыпендыят чэшскага ўрада, Людміла паступіла на філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта ў Празе. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала навуковым кіраўніком у Нацыянальным музеі ў Празе, абараніла дактарат па філасофіі. А з 1931 года на працягу 57 гадоў загадвала археалагічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музея ў Браціславе.
Людміла Краскоўская ўсё жыццё шчыра сябравала з многімі беларусамі, сустракалася з імі, перапісвалася, дапамагала парадамі і ўспамінамі. Яна перапісвалася з Уладзімірам Пігулеўскім, Язэпам Варонкам, Уладзімірам Калеснікам і многімі іншымі асобамі. Напісала цікавыя ўспаміны пра Уладзіміра Жылку, Віленскую і Дзвінскую гімназіі, а таксама пра свайго знакамітага бацьку.
Кніга “Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy” – пра няпросты лёс беларуса Івана Краскоўскага. Ён належаў да таго пакалення актыўнай інтэлігенцыі, сталасць якога прыйшлася на перыяд сацыяльных, палітычных і культурных пераўтварэнняў ва Усходняй Еўропе, звязаных з распадам Расійскай імперыі і звяржэннем манархіі. Пакаленне Краскоўскага перажыло некалькі рэвалюцый, дзве сусветныя вайны, шэраг разоў трансфармаваную палітычную карту Еўропы, утварэнне двух злачынных таталітарызмаў і барацьбу з імі. Многія прадстаўнікі гэтага пакалення не былі пасіўнымі сведкамі падзей, а актыўна ўдзельнічалі ў працэсах пераўтварэнняў, ствараючы свае новыя ідэі, і бачылі, як яны рассыпаюцца ў пыл.
Іван Краскоўскі ніколі не належаў да пасіўных асоб. Ён выконваў мноства роляў, некаторыя з якіх прадставіла яго на крылах гісторыі – гэта праца, асветніцкая і культурная сярод беларусаў і праца на карысць дзвюх зноў створаных дзяржаў – Беларускай Народнай Рэспублікі і Украінскай Народнай Рэспублікі.
Над манаграфіяй працавалі тры аўтары. Дарота Міхалюк даследавала і апісала дзяцінства і юнацтва Івана Краскоўскага, яго жыццё і дзейнасць у 1880-1915 гадах, спынілася яна і на бежанстве Краскоўскіх, а таксама прысвяціла радкі даследавання жыццю Краскоўскіх у Расіі і Чэхаславакіі.
Ірына Мацяш распавядала пра зна-ходжанне Івана Краскоўскага на Украіне, у Грузіі і ў Вільні ў 1915-1921 гадах.
Тамаш Блашчак прайшоўся шляхамі Івана Краскоўскага ў Літве і ў Латвіі, апісаў працоўную дзейнасць беларуса ў Дзвінску.
У кнізе “Iwan Kraskowski (1880-1955) w sluzbie Bialorusi i Ukrainy” апублікаввана шмат рэдкіх здымкаў Івана Краскоўскага і яго сям’і. Многія здымкі і дакументы ў манаграфіі апублікаваны ўпершыню.
Сяргей ЧЫГРЫН.