Кожны чалавек мае права на асаблiвы клопат і дапамогу з боку дзяржавы і грамадства. Але людзі з асаблівым фізічным і разумовым станам патрабуюць да сябе павышанай увагі. Менавіта ўвагі, павагі і прыняцця з боку фізічна здаровых асоб як людзей, роўных сабе.
Таму адна з найважнейшых задач грамадства заключаецца ў забеспячэнні сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз праявы дабрыні, разумення, цярпімасці да чужых недахопаў.
10 лістапада 2021 года ў філіяле “Лідская гарадская бібліятэка № 4” (ДУК “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”) ладзілася гадзіна талерантнасці “Адзінства розных”, удзельнікамі якой сталі старшакласнікі ДУА “Сярэдняя школа № 11 г. Ліды”.
Ірына Лыскоўская, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” (прадстаўнік ГА “БелТІЗ” па Лідскім раёне) звярнула ўвагу моладзі на тое, што людзі з інваліднасцю вельмі таленавітыя, маюць велізарнае імкненне да жыцця, займаюцца творчасцю, спортам. І ў гэтым ім дапамог пераканацца яркі танец гурта “Рамантыкі” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікам было прапанавана ў гульнявой форме выпрабаваць на сабе цяжар і жыццёвыя нязручнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прысутных пазнаёмілі з тым, якія ўмовы створаны для людзей з інваліднасцю на сённяшні дзень у іх родным горадзе. Асаблівую цікавасць выклікаў аповед і прэзентацыя “Жыць, нягледзячы ні на што”, якую падрыхтаваў загадчык філіяла “Лідская гарадская бібліятэка № 4” Любоў Цэслік. Яна паведаміла аб таленавітых людзях, якія маюць праблемы са здароўем, іх дасягненнях у розных сферах дзейнасці.
У завяршэнне мерапрыемства для прысутных быў прадэманстраваны відэаролік “Мы проста іншыя”.
Гадзіна талерантнасці атрымася інфарматыўнай і практычнай, а дыялог – вельмі цікавым і жывым. Навучэнцы і педагогі задавалі шмат пытанняў і праявілі сапраўдную цікавасць да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Дар’я Марцінкевіч,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Лідская раённая бліятэка імя Янкі Купалы“