Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Знаёмства з сапраўднай беларускай вёскай – гэта рэальна!

Знаёмства з сапраўднай беларускай вёскай – гэта рэальна!

23 лістапада 2021, 20:54 Спорт 21
Знаёмства з сапраўднай беларускай вёскай – гэта рэальна!

Падчас восеньскіх канікулаў вучні 11-ай лідскай школы здзейснілі падарожжа і наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту Строчыцы, які размясціўся недалёка ад Менска. Да наведвання музея школьнікі, безумоўна, мелі ўяўленне аб жыцці і побыце беларускіх сялян. Яны прымалі ўдзел у абрадах, гульнях, майстар-класах, якія ладзяцца ва ўстановах культуры Лідскага краю, а вось апынуцца ў сапраўднай вёсцы пачатку мінулага стагоддзя яны не мелі магчымасці.

Дарога да Менска праляцела хутка. І вось перад намі адкрылася пляцоўка з драўлянымі пабудовамі экскурсійнага сектара “Цэнтральная Беларусь”. Здавалася, што вось-вось нам сустрэнуцца яе жыхары. Таму, затаіўшы дыханне, усе з цікавасцю слухалі экскурсавода і разглядалі аб’екты музея, які месціцца пад адкрытым небам ужо сорак пяць гадоў .  

Сюды, як даведаліся вучні, былі звезены аўтэнтычныя будынкі з розных куткоў Беларусі. І сёння гэта адзінае месца ў краіне, дзе кожны наведвальнік можа апынуцца ў мінулым не віртуальна, а рэальна.

Што найбольш уразіла падлеткаў: сапраўдная вясковая вуліца, драўляныя будынкі: свіран, амбар, гумно, уніяцкая царква, клець, хлеў, пагонны двор.

Не менш цікавым было знаёмства з інтэр’ерам унутры пабудоў. У хатах усё дакладна так, як і было шмат гадоў таму: печ, чырвоны кут, палаці, калыска, прычэпленая да столі, жаночы кут з кухонным посудам. На стале – небагатая сялянская ежа, побач – калаўротак. З аповеду экскурсавода пачулі і аб тым, як будаваліся будынкі ў 19-м – пачатку 20-га стагоддзя, як жылі сем’і, чым займаліся і пра што марылі.

Лепшаму ўспрыняццю экскурсіі і знаёмству з побытам сялян садзейнічала тое, што экскурсія праходзіла на беларускай мове. Пачулі вучні на роднай мове і шэраг беларускіх прымавак, і народных павер’яў.

Аднак найбольшыя эмоцыі школьнікі атрымалі, калі трапілі ў народную вучэльню – па-цяперашняму пачатковую школу. Парты, стол настаўніка, дошка… – здаецца, нічога не змянілася. У адным класе адначасова вучыліся вучні розных класаў, прадметы выкладаў адзін настаўнік. Урокі доўжыліся 50 хвілін, перапынкі былі 5-хвілінныя, шасцідзённы вучэбны тыдзень, а таксама абед, падчас якога вучні елі кашу з аднаго гаршчка – адсюль і пайшло слова “аднакашнікі”. Канешне, знешні выгляд класа адрозніваецца ад сучасных светлых і ўтульных, адрозніваецца і мэбля, і наяўнасць тэхнікі, але галоўнае ўвесь час было і застаецца адно – жаданне дзяцей вучыцца!

У тыя часы не ўсе дзеці маглі атрымаць адукацыю. А ў дзяўчат увогуле не было такой магчымасці. Як аказалася, у той час існавалі “калькулятары” – лічыльнікі і “планшэты” –  называліся яны грыфельныя дошкі. Што не спадабаліся лідскім школьнікам, дык гэта метады цялеснага пакарання і розгі, якія называліся “дысцыпліна”. А вось, што хатняе заданне не задавалі – вельмі добра!

Паўтары гадзіны падарожжа па “Цэнтральнай Беларусі” прайшлі вельмі хутка. Экскурсія скончылася, а вось жаданне працягнуць знаёмства з побытам і культурай беларусаў таго часу ў вучняў з’явілася яшчэ больш. Калі вы не былі ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту Строчыцы, то не сумнявайцеся, вы атрымаеце цудоўныя ўражанні ад наведвання. Тым больш, што кожную пару года там ладзяцца святы, праходзяць фестывалі, нават здымаюцца мастацкія кінастужкі.

Наталля Анашкевіч,

класны кіраўнік 9 “Б” класа

сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы
Мова

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:1515
Далучайцеся да нас