Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць ГА БНФ “Адраджэньне”

Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць ГА БНФ “Адраджэньне”

23 лістапада 2021, 21:21 Грамадства 33
Вярхоўны суд пастанавіў ліквідаваць  ГА БНФ “Адраджэньне”

Суд па справе аб ліквідацыі адбыўся 10 лістапада на падставе пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання “БНФ “Адраджэньне””. Партыя БНФ, якая існуе паралельна з грамадскім аб’яднаннем “БНФ “Адраджэньне”, па-ранейшаму захоўвае афіцыйную рэгістрацыю.

Пра рашэнне суда стала вядома 12 лістапада, пра гэта паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Юрась Меляшкевіч.

Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны чыноўнікі палічылі непадачу дакументаў, якіх чыноўнікі міністэрства юстыцыі запатрабавалі ад арганізацыі. Пры гэтым офіс у Менску апячатаны ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у грамадскіх арганізацыях.

Падчас ператрусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасць прадстаўнікоў арганізацыі Следчы камітэт забраў бухгалтарскія і іншыя дакументы, а сам офіс апячатаў.

На звароты аб’яднання аб неабходнасці разблакаваць доступ у памяшканне дзеля таго, каб выканаць патрабаванні Міністэрства юстыцыі, следчыя структуры адказалі адмоўна.

Раней разгляд справы аб ліквідацыі БНФ прыпынілі на падставе таго, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджанні. Аднак па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скаргаў суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджанні ў сіле.

 

Некалькі фактаў пра БНФ “Адраджэньне”

  1. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі

Напачатку БНФ быў аб’яднаннем нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзян, якія выступалі найперш за адраджэнне беларускай мовы і культуры.

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту быў утвораны 19 кастрычніка 1988 года на сходзе беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралог Беларусі”. Сход праходзіў у Чырвоным касцёле (тады – Дом кіно). У стварэнні БНФ удзельнічалі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Сяргей Дубавец, Алесь Адамовіч, Алег Трусаў і іншыя. Першапачаткова арганізацыя называлася “Беларускі народны фронт за перабудову “Адраджэньне””.

  1. Першай масавай акцыяй, арганізаванай БНФ, стаў жорстка разагнаны міліцыяй мітынг “Дзяды” ва ўрочышчы Курапаты. Гэта адбылося 30 кастрычніка 1988 года. Агаламошаная масавасцю акцыі, улада вывела на вуліцы вадамёты, супраць удзельнікаў прымянілі слезацечны газ, людзей выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў міліцэйскія ўазікі.
  2. 19 лютага 1989 года на стадыёне “Дынама” адбыўся першы ў Беларусі апазіцыйны “мітынг у падтрымку перабудовы”, дазволены ўладамі. Мітынг быў арганізаваны арг-камітэтам БНФ і Канфедэрацыяй беларускіх суполак (каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, у тым ліку “Талака”, “Тутэйшыя”), і сабраў каля 40 000 чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі. На ім выступілі Сяржук Сокалаў-Воюш, Зянон Пазьняк, Віктар Івашкевіч, Сяржук Вітушка, Вячаслаў Жыбуль. На мітынгу прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю кампартыі.
  3. Устаноўчы з’езд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24-25 чэрвеня 1989 года ў Вільні, бо правесці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР.

З’езд абраў Сойм, ухваліў Статут, праграму і пастановы аб кірунках і спосабах дзейнасці: “Аб палітычным плюралізме”, “Аб беларускай нацы-янальнай сімволіцы”, “Аб дзяржаўнасці беларускай мовы”, “Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы” і “Аб праекце Канстытуцыі БССР”.

На пасаду старшыні Сойму БНФ абсалютнай бальшынёй галасоў быў абраны Зянон Пазьняк. Яго намеснікамі сталі Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.

  1. БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР у сакавіку – красавіку 1990 года.

Дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання былі абраны сябры БНФ Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў і іншыя (усяго 26 дэпутатаў з 360). У Вярхоўным Савеце БССР утварылася фракцыя БНФ.

У чэрвені 1990 г. дэпутаты БНФ прапанавалі праект Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі. 27 ліпеня Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце, а 25 жніўня 1991 года надаў ёй статус канстытуцыйнага закона.

У 1992 годзе БНФ спрабаваў арганізаваць рэферэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў, аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзення рэферэндуму.

  1. У 1993 годзе Беларускі Народны Фронт пераўтварыўся ў партыю “Беларускі Народны Фронт”.
  2. У першых прэзідэнціх выбарах 1994 года браў удзел лідар БНФ Зянон Пазьняк. За Зянона Пазьняка ў 1994 годзе было сабрана 230 тысяч галасоў, ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты.

На прэзідэнцкіх выбарах Зянон Пазьняк набраў 12% галасоў, заняўшы трэцяе месца, прапусціўшы наперад Аляксандра Лукашэнку і тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча.

  1. Пасля прэзідэнцкіх выбараў улады абвясцілі БНФ ледзь не галоўным ворагам беларускага народа.

На пачатку 1996 года Народны фронт правёў у Менску некалькі масавых акцый пратэсту, у тым ліку і шматтысячны Чарнобыльскі шлях, якія былі задушаны ўладамі. Лідар БНФ Зянон Пазьняк, апасаючыся арышту, быў вымушаны пакінуць Беларусь і неўзабаве атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

  1. У снежні 1999 года на VI з’ездзе адбыўся раскол. Бальшыня дэлегатаў з’езда БНФ аддала галасы за 38-гадовага філолага, аднаго з заснавальнікаў БНФ Вінцука Вячорку. Прыхільнікі Зянона Пазьняка аб’ядналіся ў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю і сталі называцца КХП-БНФ.
  2. У выніку праведзенага дзяржавай упарадкавання структурнага поля палітычных партый і грамадскіх арганізацый былі аформлены Партыя БНФ і Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне”, як розныя юрыдычныя асобы, але яшчэ аднаго падзелу не адбылося: і партыяй, і грамадскім аб’яднаннем кіравалі адны і тыя ж людзі. Асноўная нагрузка ў палітычнай дзейнасці клалася на партыю. ГА БНФ “Адраджэньне” выконвала дапаможныя функцыі. Улады ў сваёй барацьбе супраць БНФ жорстка блакавалі стварэнне і рэгістрацыю арганізацый Партыі БНФ на месцах. У той жа час у многіх абласцях і раёнах заставаліся зарэгістраваныя арганізацыі Беларускага Народнага Фронту, якія аўтаматычна пачалі лічыцца арганізацыямі ГА БНФ “Адраджэньне”. Наяўнасць гэтых зарэгістраваных арганізацый давала магчымасць без збору подпісаў вылучаць прадстаўнікоў БНФ ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і наглядальнікаў у гэтыя камісіі. Зарэгістраваныя арганізацыі ГА БНФ “Адраджэньне” таксама карысталіся правам падачы заявак на правядзенне розных грамадскіх і культурніцкіх мерапрыемстваў.
  3. Па стане на лета 2021 года на ўліку ў БНФ “Адраджэньне” былі 2059 сяброў, аб’яднанне мела 20 зарэгістраваных арганізацыйных структур, у тым ліку Менскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх арганізацый і суполак.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Далучайцеся да нас