Год 2021-ы для кіраўніка, каманды і сяброў Музейнага аб’яднання на базе ДУА “Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Я.А. Томкі” быў насычаны стараннай працай, цікавымі здабыткамі, новым станоўчым досведам і падзеямі. Паспяхова была рэалізавана ініцыятыва “Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка “Спадчына Міёрскага краю” ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.
Вядома, што традыцыйна сабраны ўраджай-плён аглядаюць восеньскім часам, зазіраюць у засекі і цешацца добрым вокам з жывога золата – рассыпістай плыні жыта, якое зноў трапіць у раллю і ўзрасце, даўшы людзям большы набытак, чым яны мелі перад тым. Датычыцца гэта не толькі гаспадаркі, але і многіх іншых бакоў жыцця, у тым ліку – і вынікаў працы, пакладзенай у межах года на раллі гісторыі, краязнаўства і асветы. “Ураджай” падзей і сустрэч, памножаны на штодзённыя намаганні і адданасць справе гісторыі і любові да роднага краю, сабраны ў выніку рэалізацыі ініцыятывы “Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка “Спадчына Міёрскага краю” вельмі разнастайны. “Сеяць” і “жаць” камандзе ініцыятывы дапамагалі спецыялісты-эксперты, неабыякавыя сябры, вучні школ Міёрскага раёна.
У гэтым сэнсе, можна прывесці багата цікавых прыкладаў, удалых і прафесійных спосабаў рашэння пастаўленых задач у рэалізацыі супольнай мэты, вартых пераймання, зазірнуць у падрыхтоўчыя і выніковыя этапы, даць пэўныя парады з атрыманага досведу. Аднак, гэта вельмі аб’ёмны матэрыял, які патрабуе асобнага аналізу і рознабаковага асвятлення яго граняў. Тут жа хочацца звя-рнуцца да аднаго з аспектаў, а менавіта – да матэрыяльных вынікаў адлюстравання нематэрыяльнага (духоўных здабыткаў, пошукаў, слова), адбіткаў досведу вызначэння, праходжання і насы-чэння прыродным і гістарычным зместам турыстычна-краязнаўчых шляхоў у друку, кніжнай спадчыне.
З мэтай раскрыцця гэтага аспекту, трэба звярнуцца да турыстычна-краязнаўчай серыі кніг “Чароўных вандровак пярсцёнкі”, запачаткаванай кіраўніком Музейнага аб’яднання на базе ДУА “Міёрская сярэдняя школа №3 імя Я.А. Томкі”, стырнавым гіста-рычна-краязнаўчага гуртка “Ар-ганаўты мінулага”, вядомым краязнаўцам і кіраўніком ініцыятывы “Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка “Спадчына Міёрскага краю” – Ермалёнкам Вітольдам (Вітаўтам) Антонавічам. У першай кнізе гэтай серыі былі падрабязна апісаны два маршруты: “Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны” і “Бронзавы пярсцёнак Міёршчыны”. У другой – “Дзісненскі пярсцёнак”. А тут ужо прыйшла чарга і трэцяй кнігі ў залатой зборцы турыстычных колаў-“пярсцёнкаў” – “Славутасці Пагосцкага краю”*. Першыя два выданні – ужо вядомыя, а вось трэцяе – яшчэ зусім “свежачок”, бо толькі што выйшла з друку, стаўшы апошнім залатым каласком у завяршэнні працы ў межах праекта “Разам для грама-ды і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Парадуем жа вока гэтым каласком, што ўпрыгожвае ўвесь сноп вартых здабыткаў, як каштоўны камень упрыгожвае карону.
Кніга мае мяккую воклад-ку, аформленую ў колерах лага-тыпа, акрэсленага вышэй праекта, з выкарыстаннем на галоўным ба-ку арыгінальных паходных фота-здымкаў. Выйшла яна ў выдавецтве “Каўчэг” (Менск) накладам у 300 асобнікаў, кожны з якіх мае ў сабе 138 старонак. Выданне багата аздоблена фотаздымкамі і ілюстрацыямі розных гадоў і стыляў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню, змяшчае ў сабе дакладна акрэслены маршрут з якасным су-праваджэннем па мясцовых памятках гісторыі і ландшафтах, са спісам крыніц і літаратуры, які ў сваіх асабістых краязнаўчых по-шуках можа скарыстаць кожны.
Прывядзём тут, для лепшага ўяўлення “геаграфіі” маршрута “Славутасці Пагосцкага краю”, яго асноўныя кропкі: Міёры-Дубашынскі Двор – Клётаў Двор-Гарані – Чапукі – Махіроўка -Куб-лішчына – Наўгароды – Вусаўцы -Беляўцы – Вострава – Стары Пагост – Юндзілова – Новы Пагост -Фролаўшчына – Ваўчкі – Мількі -Барадзінічы – Ісакаўцы – Вісяты -Воўкаўшчына – Лясная -Сабалеўшчына – Снегі – Навалака – Святая Вада – Лінкаўшчына – Янова -Камянполле – Міёры, агульнай працягласцю 95 км. Былым і цяперашнім “арганаўтам”, аматарам разнастайнасці адметных куточкаў нашай Айчыны лёгка ўявіць сабе па назвах, наколькі гэтыя месцы важныя і памятныя для нас, ажывіць ва ўспамінах прыгажосць прыроды гэтых мясцін, адчуць подых вякоў, што прамінулі, але для нас бясследна не зніклі.
Паходныя фотаздымкі, партрэты вядомых землякоў, выявы помнікаў археалогіі і архітэктуры ў суправаджэнні арыгінальнага тэкста ствараюць выразны ды цудоўны вобраз, ахопленай маршрутам ваколіцы. Цікава, што ў афармленні кнігі выкарыстаны шэраг фотаздымкаў з паходу, які быў здзейснены гэтымі мясцінамі ўлетку 2020 г. пад кіраўніцтвам Ермалёнка Вітольда Антонавіча. Выдатна, што і я меў шчасце быць у складзе гэтай групы, з прыемнасцю пазнаю фотаздымкі, зробленыя падчас паходу. На наша шчас-це мы паспелі застаць у Барадзінічах таленавітага мастака Яна Рыдзіку, які цяпер, на жаль, ужо не жыве. Арыгінальнасць гэтага выдання можна вызначаць разнастайнымі крытэрыямі, сярод якіх варта адзначыць і адлюстраванне на фота і ілюстрацыях тых помнікаў гісторыі, якіх ужо няма, або якія былі пазней пашкоджаныя. Гэта, напрыклад, драўляная капліца ў в. Камянполле (пач. ХХ ст.), цагляны будынак стайні (пач. ХХ ст., там жа), арыгінальная печ з кафлі ў інтэр’еры сядзібы Мірскіх (к. ХІХ-пач. ХХ ст., там жа) і іншыя памяткі лакальнай гісторыі.
“Славутасці Пагосцкага краю” ў першую чаргу могуць паслужыць землякам, якія захочуць спасцігнуць таямніцы свайго краю, кіраўнікам турыстычных груп і настаўнікам, якія скарыста-юць арыгінальныя матэрыялы ў адукацыйна-рэкрэацыйнай практыцы для дарослых і дзяцей, краязнаўцам, для якіх, сярод іншага, гэта кніга можа стаць прыкладам-маяком у стварэнні працы падобнага кшталту, студэнтам ВНУ, ПТВ, ПТК і вучням школ, якія цікавяцца акалічнасцямі лакальнай гісторыі і турыстычнай справай – дыяпазон прадстаўленых здабыткаў вельмі шырокі, таму кожны можа знайсці ў ім нешта сваё.
Ігар Кандратовіч,
сябар гістарычна-краязнаўчага гуртка
* Бібліяграфічная спасылка: Ермалёнак, В.А. Чароўных вандровак пярсцёнкі. Кніга 3. Турыстычна-краязнаўчы маршрут “Славутасці Пагосцкага краю” / В.А. Ермалёнак. – Мінск : Каўчэг, 2021. – 138 с. : іл.

