Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Уладзімір Барысенка. ТРАГЕДЫЯ ПЯСНЯРА РЭВАЛЮЦЫІ. Да 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Чарота

Уладзімір Барысенка. ТРАГЕДЫЯ ПЯСНЯРА РЭВАЛЮЦЫІ. Да 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Чарота

11 лістапада 2021, 21:24 Культура 55
Уладзімір Барысенка. ТРАГЕДЫЯ ПЯСНЯРА РЭВАЛЮЦЫІ.  Да 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Чарота

ВЯДОМЫ  беларускі  паэт, драматург, празаік  і грамадскі  дзеяч  Міхась Чарот (Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў гарпасёлку Рудзенск Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён). Пачаўшы пісаць у 13 гадоў, ён стаў адным з лідараў тагачаснай беларускай савецкай літаратуры. У яго вучыліся нашы вядомыя, пачынаючы з Кандрата Крапівы і Петруся Броўкі, літаратары. Чарот набываў веды шмат дзе: у наёмнага настаўніка, самастойна, у Цітвянскай двухгадовай вучэльні, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, Менскім вышэйшым педагагічным інстытуце, у Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі… У ноч з 29 на 30 кастрычніка  1937 года ў ліку 22 беларускіх пісьменнікаў быў расстраляны. Восьмага снежня 1956 года рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабістая справа нумар 8153-с фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

  ПАВЕРЫЦЬ на слова – і то цяжка. А як паверыць у свой лёс, лёс тых, хто разам з табой, здаецца, здольны здзейсніць агульныя спадзяванні і  намаганні, стварыць на разбурэнні і крыві новую, светлую будучыню…Тым больш, калі жывеш і творыш на вастрыні сацыяльных канфліктаў, у небывалых дасюль супярэчлівых сітуацыях, калі цяжка вызначыцца, хто чужы, а хто свой, як увогуле да незвычайных сітуацый адносіцца. Міхась Чарот вызначыўся. У яго хапіла і жадання, і рашучасці, і смеласці, каб цвёрда пераканацца ў шчаслівасці і літасці і свайго, і чужога лёсу, паверыць “у заўтра” гэтак, як мая родная рэчка Лешча верыць у надыход вясны. “Я іду ў заўтра, а заўтра – гэта Вялікая Будучыня”, – заявіў і сцвердзіў ён у вершы “Песня беларуса”, надрукаваным у першым жа сваім зборніку “Завіруха”, што пабачыў свет у 1922 годзе. Толькі вось сцэнар казкі пра будучы рай быў напісаны зусім іншы…

 АДКАЗАЦЬ адназначна, калі я ўпершыню пачуй яго імя, як паэта, – не бяруся. А вось, калі пазнаёміўся з ягонай творчасцю па-сапраўднаму, скажу дакладна: на другім курсе любімага журфака ў светлай памяці Рыгора Васільевіча Булацкага, якому буду ўдзячны да канца свайго жыцця. Беларускую літаратуру ў нас выкладаў сутулы, хударлявы, занадта сціплы і сарамлівы, малады дацэнт Рыгор Семашкевіч. Больш за іншыя лекцыі нас тады цікавіла тое, што ён – зяць самога Янкі Брыля! Звычайна без асаблівага ўздыму і захаплення ўжо даволі вядомы пісьменнік і літаратуразнаўца манатонна і неразборліва распавядаў пра чарговага літаратара ці ягоны твор. Калі ж чарга дайшла да Чарота – ён імгненна ператварыўся: ягоная спіна заўважна выпрамілася, плечы нібы сталі на сваё месца, словы сталі куды больш чутнымі, выразнымі і пераканаўчымі. Гэтак уважліва мы раней не слухалі. Рыгор Міхайлавіч часцей папраўляў свае ўжо не першыя акуляры, ускідваў у іх вочы пад столь, і скідваў адтуль на нашыя галовы тое, што цяжка забыць. І ” шчырасць пачуццяў”, і “высокі грамадзянскі дух”, і “ўсёпераможны аптымізм”, і “усход надзеі”, і “зорны небасхіл”… Карацей, словы і сімвалы, якія “ўвасаблялі запаведную мару рэвалюцыйнага народа”. Гаворка, калі хто здагадаўся, ішла пра адну з самых вядомых паэм непаўторнага паэта і  чалавека “Босыя на вогнішчы”.

ТАДЫ я не мог ні прадбачыць, ні падумаць, што менавіта гэты твор і пападзецца мне на экзамене. Падрыхтаваўся нядрэнна: уважліва прачытаў у паэме і пра пажар на Усходзе, і пра агонь, у якім марнее ўсё, што збіралі вякамі. Асабліва ўрэзалася пра знішчэнне таварышамі з дымам памяці мінулага – цэркваў, палацаў і харомаў, пра што некаторыя мараць і сёння. Дарэчы, прыхапіў з сабой сшытак з лекцыямі, сярод якіх была і Семашкевічава, ведаў, што ўжо даволі вядомы паэт і літаратуразнаўца  вельмі любіць, што за ім запісваюць і на яго спасылаюцца. Калі ў сваім адказе дайшоў да тых пабудоў, што разбураюцца і гараць у агні – нібы мову адняло. Мне стала натуральна дрэнна (і сёння дрыжыкі па целе) не толькі маральна, але і фізічна. Валодзя Саламаха, шырока вядомы сёння пісьменнік і крытык, з якім мы падчас вучобы моцна сябравалі ( павінен быў адказваць за мной) так перапужаўся, што кінуў рыхтавацца, падбег да графіна і наліў мне вады. Разгубіўся і выкладчык… Я, усё ж, узяў сябе ў рукі і працягнуў адказваць. Мае дзяды і бабулі былі веруючымі. У якаўлевіцкай і анікавіцкай хатах на мяне глядзелі з дзяцінства божыя абразы, прад якімі, асабліва, бабулі Акуліна і Марыя, заўсёды ўтрапёна маліліся. Ды і расказы дзядоў Ільі і Лукі добра памятаў. Да таго ж, для добрай адзнакі вырашыў “здзівіць” Семашкевіча тым, што сам пішу вершы, што яны друкаваліся ў вайсковай і раённай газетах. Але так, як Чарот, не напісаў бы…

– У якім сэнсе? – ускінуў ён вочы пад столь аўдыторыі.

– Шкада ж усяго, што гіне, людзі будавалі, вы ж самі казалі, вось я занатаваў у сшытку (паказаў, дазвалялася прыносіць, але не карыстацца падчас адказу), што “ў творчасці павінны быць стваральныя матывы”.

Цяпер ужо ваду піў Рыгор Міхайлавіч. Хлапец, не буду называць яго прозвішча, які сядзеў за Саламахам, схапіўся за галаву, ён пазней працаваў зусім не ў журналістыцы, тым больш не ў літаратуры. Семашкевіч задаў дадатковае пытанне, на якое я не адказаў, і ўбачыў у залікоўцы першую і апошнюю “тройку”, з-за якой (можна было пераздаць) не атрымаў чырвоны дыплом.

  РЭДКА, аднак, думаю пра тую адзнаку. Яна нагадвае мне сустрэчу з творчасцю разумнага гарэзы і фантазёра. Пазней  даведаўся: у сваёй лекцыі Рыгор Семашкевіч (ён трагічна пайшоў з жыцця ў свае 37!)  выкарыстоўваў матэрыялы даследчыкаў Міхася Яроша і Навума Перкіна. Апошні – адзін з аўтараў “Гісторыі беларускай савецкаў літаратуры”. Абодвух узгадвае ў сваёй кнізе “Айчыны верныя сыны” мой талачынскі зямляк і сябар, журналіст, пісьменнік, гісторык і педагог, лаўрэат Дзяржпрэміі Рэспублікі Беларусь Анатоль Мяснікоў. Вось ужо дзесяць  гадоў няма маладзейшага за мяне, майго надзейнага дапаможцы і дарадчыка, які скончыў журфак крыху раней. Пра будучую кнігу Анатоль расказаў па-сяброўску, як мне тады падалося, не збіраючыся гэтага рабіць. Не паспеў я ў чарговы раз зайсці да яго ў “Звязду” (у той дзень ён дзяжурыў па нумары) як пачуў звычайнае ў падобных выпадках  ягонае:

– Чытай заўтра нашу газету, там – “бомба!”, падрабязнасці будуць у маёй кнізе, гранкі ўжо вычытаў!

Калі не памыляюся, гэта было блізка да сёняшняй пары 1995 года. Аказваецца, у нумар ішоў верш Чарота “Суровы прыгавор падпісваю першым”. Твор, які не друкаваўся нідзе з 1930 года, калі ад яго трапяталі старонкі “Полымя” і “Маладосці”:

Чаго хацелі вы? Якое мелі права

Крывёю гандляваць

                     працоўных Беларусі?

Прыйшла на вас

                            суровая расправа

Перад судом віну

                       прызнаць прымусім.

 …

Вы прытаіліся

                    пад венікам, як мышы,

Каб зноў паўзці

                          на вольныя загоны,

Вы марылі

                 ўзабрацца на ўзвышша

І дыктаваць драпежныя законы.

Наш смелы крок –

                     узвышша затраслося,

Законы піша дыктатура працы.

 

Выкрывальны верш прысвячаўся выдатнаму пісьменніку, крытыку, публіцысту і вучонаму Вацлаву Ластоўскаму, “Лабірынты” якога выйшлі зусім нядаўна ў новай серыі “Мая беларуская кніга”. Аднаму з выдатнейшых дзеячаў у гісторыі нашай культуры Максіму Гарэцкаму, “Дзве душы” якога і “У чым яго крыўда” таксама з’явіліся ў азначанай серыі. Аднаму з заснавальнікаў літаб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” Язэпу Пушчу. Таксама аднаму з заснавальнікаў “Маладняка” Алесю Дудару, якога за ненадрукаваны верш “Пасеклі край наш папалам…” выслалі ў 1928-м на тры гады ў Смаленск, а праз дзесяць гадоў расстралялі, і  іншым. Аўтар асуджаў іх за нацдэмаўшчыну. Яны былі арыштаваны вясной і летам 1930 года ў ліку 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. З іх 86 былі асуджаны. Многіх рсстралялі, іншыя згінулі ў розных лагерах. Версій сапраўднага існавання СВБ жыло нямала, пакуль Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ не накіраваў у 1988 годзе зварот у КДБ СССР. Адтуль адказалі: “… пасля руплівага вывучэння архіўных матэрыялаў, якія б пацвярджалі існаванне “Саюзу вызвалення Беларусі”, не знойдзена”.

І АТРЫМЛІВАЕЦЦА, жорсткая справа – палітычна- крымінальны дакумент, па якім без суда і следства былі знішчаны ці  пацярпелі вядомыя людзі краіны. Атрымліваецца гэтаксама, што, хай сабе ўскосна, дапамог ліхадзейству і Міхась Чарот. “Бомба”, пра якую казаў Мяснікоў, стала, па ягоных жа словах, “вяршыняй імкнення Чарота да гімназацыі крывавых падзей дваццатых-трыццатых гадоў”.  

Гэтае сцвярджэнне і  абяцаныя падрабязнасці вакол верша ў “Звяздзе” знайшлі сваё месца ў матэрыяле “Паэт-трыбун. Чалавек часу. Ахвяра рэжыму”. Разам з іншымі ён склаў зборнік гістарычных нарысаў “Айчыны верныя сыны”. Менавіта яго меў Анатоль на ўвазе і  праз нейкі час мне яго падпісаў. З нарыса я зра-зумеў: друкуючы верш, газета разлічвала атрымаць і на верш, і на сам факт яго з’яўлення на старонцы хоць колькі водгукаў. Даляцеў жа адзін… Пра колькасць падумайце самі. Быў ён ад прафесара з Берасця. У тым, што новыя чытачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з “Суровым прыгаворам” аўтар нічога дрэннага не бачыў. Месца ў нарысе думкам-разважанням прафесара, які сказаў, што гэтае “сачыненне, якое дыхае магільнай сцюжай”, адведзена шмат. Але я караценька, пра, на маю думку, галоўнае. Такі ўрок, адгукаўся прафесар, “трэба выкарыстоўваць дзеля таго, каб не паўтарыліся абставіны, якія прымушаюць чалавека забывацца аб сваім прызначэнні, аб тым лепшым, чым адаравала яго пры-рода. Кожнаму чалавеку ў любы момант наканавана праходзіць выпрабаванне на чэснасць і подласць. Вера ў перамогу гістарычнай праўды дапамагае зрабіць маральны выбар на карысць дабра. Толькі трэба глыбока ўні-каць у трагедыю эпохі, у трагедыі асабістых лёсаў”. Ну што тут дадаць? Малайчына, дзякуй табе, прафесар!

ЁСЦЬ моманты, калі сапраўды даводзіцца рабіць той ці іншы выбар. Які правільны, за які потым не будзе сорамна, і за які не трэба будзе ў будучым выбачацца – вырашаць, канешне ж, самому. Чарота ніхто ні за што не агітаваў. Ён адназначна выбраў рэвалюцыю і нарадзіў той высокі пафас яе апявання, да якога ні да яго, ні пасля яго ніхто так і не ўзняўся. Калі чытаеш, здаецца, нехта планаваў нарадзіць яго менавіта ў дзень будучай рэвалюцыі, і чырвоным па ўспрыманні падзей. А падзеі, у адказ, выказваюць вялікую за гэта падзяку, і шчэ з большым жаданнем, натхненнем і напорам  робяць сваю справу. Думаю, ён ганарыўся, што нарадзіўся 7 ліста-пада і атрымліваў штогод новыя падарункі ў выглядзе “новых  здзя-йсненняў”. “Рэвалюыцыя сваім агнём, – казаў у той час пісьменнік і грамадскі дзеяч Цішка Гартны, – апякла пачуцці М. Чарота і ўклала ў яго песні напал і бадзёрую надзею, парыў паўстання”. Ён марыў і ўжо ўяўляў час, калі па ўсім свеце пранясецца рэвалюцыйная бура. У зборніках “Завіруха”, пра які я гаварыў у самым пачатку, і “Веснаход”, што выйшаў услед за ім, – браты і сёстры буры: вецер, навальніца, завіруха, чырвонае вогнішча, буралом, агонь, пажар… Толькі вось, пагаджуся з Анатолем Мясніковым, жыве ў вершах “распранутая рыторыка, ура-патрыятызм, погляд на рэ-чаіснасць праз ружовыя акуля-ры”. Ды і пры жыцці Чарота ягоная творчасць ніколі не ацэньвалася адназначна. Звернемся зноў да тых жа Язэпа Пушчы і Максіма Гарэцкага. Першы, напрыклад, крытыкаваў паэму “Ленін”. І, ведаеце, за што – за “валавяна-лёгкія і гранітна-васковыя” прыёмы. А яшчэ… “за адсутнасць зместу”. Другі ж, згадваючы ўсе шэсць паэм, акрамя “Босых…” і толькі што згаданай, гэта “Карч-ма”, “Марына”, “Беларусь лапцюжная” і “Чырванакрылы вяшчун” (фактычна працягвае “Босых…) канстатаваў вось што. Усе яны – “найлепшае ў беларускай прале-тарскай паэзіі”. Сам жа Чарот быў для Гарэцкага таленавітым, але (і гэта пацвярджае тут ужо сказанае) супярэчлівым паэтам. Іншыя адначасова адзначаюць і гіпербалічнасць прыёмаў, і што ён “першы на беларускіх загонах ажыццявіў на практыцы погляд на літаратуру, як на зброю класавага змагання”. Тым самым удакладніў, развіў і ўзмацніў свой выбар. Што тычыцца таленту, то ён праявіўся не толькі ў паэзіі (па-этам ён быў, як кажуць, ад Бога), але і ў прозе, і ў драматургіі. Звяртае на сябе ўвагу зборнік апавя-данняў “Веснаход”. Сярод лепшых п’ес – “Мікітаў лапаць” і муздрама “На Купалле”, па ёй створана вя-домая опера “Кветка шчасця”. Сам, між іншым, спяваў (меў пры-гожы барытон) у хоры дырыжора, кампазітара, фалькларыста і цар-коўнаслужыцеля Уладзіміра Тэраўскага, расстралянага 10 лістапада 1938 года. Узначальваў тэатральную суполку “Маладзік”. Іграў у трупе драматурга, рэжысёра, акцёра і мастака, народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка.

Але ні талент, ні патрыятызм, ні адданасць справе рэвалюцыі, ні звышчалавечая вера ў светлую будучыню, ні, урэшце, ТОЙ верш бацьку чацвярых дзяцей не ўратавалі. Як не ўратавалі і  членства ў партыі, і пасада рэдактара “Савецкай Беларусі”, і стварэнне “Маладняка”, і членства ў ЦВК БССР,  і многае іншае… 24 студзеня 1937 года кансультанта маладых аўтараў Саюзу пісьменнікаў БССР, як удзельніка “нацдэмаўскай, контррэвалюцыйнай і антысавецкай (“чаму гэта ён там моладзь вучыць?!”) арганізацыі” арыштавалі ў Менску ў ягонай кватэры нумар 1 дома нумар 35 па вуліцы Ленінскай. 28 кастрычніка таго ж года паэта-патрыёта, паэта-трыбуна, паэта-змагара прыгаварылі да расстрэлу. Да канца жыцця заставаліся адны суткі. Ён сядзеў спачатку ў адной камеры з паэтам Юркам Лявонным, якога забралі раней і які не пацвердзіў, што Цішка Гартны “контррэвалюцыянер” і “нацдэм”. У засценку турмы, дзе быў маральна і псіхілагічна зламаны, Чарот напісаў свой апошні верш, які стаў споведдзю не толькі перад сабой, але і перад усім сваім народам, якому зычыў працвітання і шчасця:

Я вам не здрадзіў,

Не зманіў,

Бо славіў наш савецкі будзень,

Свой верш сардэчнай чысціні

Ахвяраваў я родным людзям.

Я не чакаў

І не гадаў.

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, –

Кажу вам: я не вінаваты!

Паверце – я не вінаваты!

 

ТАКІ вось зварот, такі крык душы і сэрца.  Па ўспамінах паэта, пісьменніка і перакладчыка Міколы Хведаровіча, якога арыштавалі 3 жніўня 1938 года, а ў 1940-м асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, у 1939-м яго перавялі ў камеру-адзіночку. Адразу ж пачаў уважліва аглядаць сцены. І ў адным з куткоў прачытаў і запомніў выкалупаны нечым вострым тэкст споведзі, якую апублікаваў у паэтычным зборніку толькі ў 1965 годзе…

Такі быў час. Такая эпоха. Такі лёс рамантыка Міхася Чаро-та.Такі лёс Рыгора Семашкевіча, на якога я за ягоную “тройку” ні кроплі не крыўдую. Такі лёс цудоўнейшага сябра-журналіста Анатоля Мяснікова. Такі мой асабісты лёс…

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5421
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5517
З Новым 2025 годам!
Грамадства

З Новым 2025 годам!

4 студзеня 2025, 17:5017
Лепшы міратворчы праект Гарадзенскай вобласці
Грамадства

Лепшы міратворчы праект Гарадзенскай вобласці

1 мая 2025, 08:0816
Далучайцеся да нас