Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Забыты Алесь Салагуб

Забыты Алесь Салагуб

10 лістапада 2021, 21:24 Культура 93
Забыты Алесь Салагуб

Мы веснаход – нясём свабоду,

Мы крыгалом – нясём цяпло.

Мы змагары, нясём народу

Прасвету, Волю і Добро.

 

Здаецца, што гэтыя радкі паэта Алеся Салагуба (1906-1934) былі напісаны сёння. А напісаў іх ён ажно ў 1927 годзе. 18 кастрычніка Алесю Салагубу споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.

Родам паэт і публіцыст быў са Смаргоншчыны. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Там ён зблізіўся з дзеячамі беларускага руху, у прыватнасці, з Арсенем Канчэўскім і іншымі хлопцамі.

З узнікненнем Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, Алесь Салагуб актыўна далучыўся да яе дзейнасці: арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў літаратуру. А потым за гэта трапіў у Лукішкі.

У  14-гадовым узросце Алесь Салагуб надрукаваў артыкул “Культурныя паны” ў газеце “Незалежная думка” (1920, 4 ліпеня). У ім аўтар крытычна выказаўся ў адрас нейкага пана Эўзэбіюша Лапацінскага, які “замахнуўся выгнаць беларусаў з спрадвечных беларускіх базыльянскіх муроў”.

У 1925 годзе “Студэнцкая думка” публікуе чатыры вершы Алеся Салагуба. Паэтычныя радкі былі апублікаваны пад загалоўкам “З вершаў А. Салагуба, вучня Віленскай беларускай гімназіі, з Лукішскага астрогу”. У першым вершы “Не для славы” з гэтай падборкі паэт заклікаў:

Не для крыку, не для славы,

Мы павінны працаваць,

А за светлую ідэю

Разам ўсе мы мусім стаць.

Не ісці, не адлучацца

Ад сярмягі, ад братоў.

Ўсё жыццё трэба змагацца –

Жыць усім без ланцугоў.

 

Потым вершы Алеся Салагуба актыўна друкаваліся ў “Нашай волі”, “Вольнай працы”, “Нашай праўдзе”, “Маланцы”, “Беларускай ніве” і іншых выданнях пад сваім уласным прозвішчам і пад крыптанімамі і псеўданімамі: Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка, А.С. і г.д.

Пачатак сваёй свядомай мэтанакіраванай літаратурнай творчасці паэт адносіў да 1924 года – да часу яго першага турэмнага зняволення ў Лукішках, калі ён за кратамі напісаў цыкл вершаў і п’есу “Касулі ў цемры”. У гэты час яго захапляў ідэал усеагульнай любові да чалавека. Як пісаў даследчык заходнебеларускай літаратуры Мікола Мікуліч у кнізе “Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)” (Мінск, 2010. С. 268-269), “своеадметнасць паэзіі А. Салагуба заключаецца ў тым, што яна народжана галоўным чынам у турэмнай няволі, падчас знаходжання аўтара ў Лукішках (у 1924 і 1927 гг.), яе змест складаюць думкі і перажыванні юнака-палітвязня”.

Гэтай думкі прытрымліваўся і даследчык творчасці Алеся Салагуба доктар філалагічных навук Арсень Ліс: “Бунтарства супраць старога ладу, капіталу, рэвалюцыйная зарыентаванасць паэта асяроддзем, адпаведнай літаратурай моцна чуюцца ў яго вершах, напісаных… у Лукішкай турме” (Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды. Мінск, 1994. С.45):

Душою, сэрцам я –

                   і моцны, і цвярозы,

Мне аднастайнасцяў

                  не страх жыцця:

Я пралетар,

                   я – новых дней дзіця,

Я не баюся буднічнае прозы.

Ў грудзёх маіх паэзія бурліць, —

Я – валадар над дзіўнаю красою,

Я песні барацьбы нясу з сабою.

Я жыць хачу, цярпець,

                           кахаць, тварыць!..

 

Сапраўды, у поглядах паэта хутка адбываецца пералом, ён адыходзіць ад рамантычнага ўспрыняцця свету і прасякаецца ідэямі класавага змагання, арганізаванай сацыяльна-палітычнай барацьбы.

Калі выйшаў паэт з Лукішкаў на волю, нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Па-ступіў у Белдзяржуніверсітэт, быў аспірантам Інстытута літаратуры Акадэміі навук. А ў 1929 годзе з друку выходзіць першы і адзіны зборнік паэзіі Алеся Салагуба “Лукішкі”. Зразумеўшы жыццё ў Савецкай Беларусі, ён пісаў сябрам у Заходнюю Беларусь, каб не ўцякалі ў СССР, “бо тут нас саджаюць у свае, пралетарскія турмы”. І гэтага яму не даравалі, а ў 1933 годзе Алеся арыштавалі і ў 1934-м расстралялі.

Адной з прычын хуткага расстрэлу паэта, як пісаў у сваёй кнізе “Цяжкая дарога свабоды” літаратуразнавец Арсень Ліс, з’яўляўся і выпадак, калі Алесь Салагуб схапіў чарнільны прыбор са стала і кінуў ім у твар ката. А каты такое не даруюць. Гэты выпадак, найхутчэй, і мог паўплываць на рашэнне таго псеўдасуда.

Дзесьці ў 1956-1957 гадах адзін лейтэнант прывёз у родную вёску Зарудзічы, што на Смаргоншчыне, маці Алеся Салагуба даведку аб рэабілітацыі сына і сказаў, што быццам ён памёр у лістападзе 1941 года. І нават называлася прычына смерці – запаленне лёгкіх. Калі ж пасланец зачытаў, што Алесь Салагуб памёр, жанчына запратэставала: “Не памёр, а забілі”. Алесю Салагубу было толькі 28 гадоў.

                Уся творчасць Алеся Салагуба раскідана па заходнебеларускіх выданнях і выданнях БССР да 1934 года. Гэта вершы, артыкулы, турэмныя запісы. Пасля першага зборніка “Лукішкі” (1929) прайшлі ўжо 92 гады. Так ніхто з нашых даследчыкаў не парупіўся сабраць лепшыя творы Алеся Салагуба пад адну вокладку і выдаць асобнай кнігай. Алесь Салагуб застаецца сёння  амаль забыты. Вельмі шкада. А ён даўно заслу-гоўвае, каб літаратурная спадчына нашага літаратара вярнулася да беларусаў.

                Прапаную чытачам “На-шага слова” некалькі малавядомых вершаў Алеся Салагуба, якія былі напісаны ў 1920-х гадах і апублікаваныя ў “Нашай праўдзе” і ў “Народнай справе”.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

З-за крат

О, воля, воля залатая,

Усёй істотай рвуся я

К табе, дзе сонца і вясна,

Дзе з жвірам шэпчацца жывая

Крыніцы чыстая струга,

Дзе салаўі пяюць у гаю,

Дзе рух, змаганне і краса.

Стаіш ты крозаю прад вокам,

Як траўня раніца, як сон,

Ты пахнеш мне вясновым сокам,

Які цячэ слязой з бяроз.

Гучыш, як ціхі камертон

Аб перажытым і далёкім,

Як ціхі стук кляпання кос.

Гучыш акордам удалым

Гулліва-струннае гітары, –

Як шопат белых ясакараў

Над праслам крыжыкам гнілым

Дзядоўскіх-бацькаўскіх магілак

На шляху бітым і старым.

Я прагну вырвацца за браму

Да родных, знішчаных нізін.

На яве сню лясы, паляны –

І птушак спеў і неба сінь…

Прыйдзі, прыйдзі, о, міг жаданы,

О, воля, воля, я твой – сын!

Лукішкі, 1928 г.

 

Летняя ноч у вёсцы

Сабака гаўкнуў раз, другі…

Ўдалі замёрла з плачам рэха.

Пялёнка жальбы і тугі

Спавіла сэрца, – не да смеху!

Ахутаў вёску цяглы сон,

Снуе, прадзе ніткі драмота.

І толькі ў свята песні тон

Парушыць ціш, спакой, самоту.

Смяюцца зоркі, зіхацяць

З высі, з лазурнай неба далі,

А ў вёсцы сон, у вёсцы спяць,

І біцца сэрцы перасталі.

Тыкеля месяц-вартаўнік

Зіяе вечна без клапотаў, —

Жартуе з хмаркай, чараўнік,

І спаць яму няма ахвоты!

З Заходу вецер спудзіць хмар,

Ён плюне небу хмарай ў вочы,

І страшна ў вёсцы тады ўночы

І злосны неба ўночы твар.

Зарудзічы, 1926 г. 

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю
Навука

Наваградскія чытанні: гісторыя і сучаснасць Наваградскага краю

29 жніўня 2024, 14:4116
Далучайцеся да нас