У ХІІІ ст. на вялізных тэрыторыях Еўразіі адбыліся вялікія змены, якія паўплывалі на гісторыю ўсяго чалавецтва. Так сталася, што нашыя продкі прынялі непасрэдны ўдзел у гэтых падзеях.
У ХІІІ ст. на тэрыторыі Цэнтральнай, Паўднёвай і Усходняй Еўропы адбыліся вялікія змены ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці народаў, якія тут жылі. Не сталі выключэннем і беларускія землі, якія былі ў стане феадальнай раздробленасці. Яшчэ ў канцы XII ст. Вялікае Княства Полацкае моцна аслабела і страціла свой былы ўплыў, бо ў гэты час узмацнілася суседняе Смаленскае княства, якое захапіла частку земляў Полацкага і Чарнігаўскага княстваў. Таму значная частка полацкіх будаўнікоў пераехала ў Смаленск, дзе ішло інтэнсіўнае каменнае будаўніцтва.
У 1198-1300-х гг. у Прыбалтыцы з’яўляюцца нямецкія рыцары і місіянеры, якія хутка яе захапілі і распаўсюдзілі каталіцтва сярод мясцовага насельніцтва. У гэты час узнікае горад Рыга, які будуецца з цэглы і каменю ў гатычным стылі і становіцца цэнтрам беларуска-нямецкіх ваенных, эканамічных і культурных кантактаў.
На поўдні Еўропы ў 1204 г. крыжакі раптоўна захапілі Канстанцінопаль і на рэштках Візантыі стварылі Лацінскую імперыю. У 1237-1240-х гг. войскі мангольскай дзяржавы захапілі землі Разанскага, Уладзіміра-Суздальскага, Чарнігаўскага, Перыяслаўскага і Кіеўскага княстваў, і там неўзабаве ўтварылася моцная нехрысціянская дзяржава – Залатая Арда.
У гэты час немцаў удалося спыніць пад сценамі Полацка, а мангольскія атрады зачапілі сваімі наездамі толькі некаторыя паселішчы на поўдні і ўсходзе Беларусі і пайшлі ў бок Польшчы і Венгрыі.
Цікавая сітуацыя склалася на заходніх землях Беларусі. На паўднёвым захадзе ўзмацнілася Галіцка-Валынская зямля, якая валодала Берасцем і яго ваколіцамі і не была канчаткова заваяваная манголамі.
Беларускае Панямонне расквітнела яшчэ ў XII ст., калі там утварылася Гарадзенскае княства, з якога ў пачатку XIII ст. вылучылася самастойная Навагародская зямля, а горад Наваградак стаў адным з самых вялікіх і багатых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Менавіта тут у сярэдзіне XIII ст. узнікае новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай у Наваградку.
Аднак Наваградак, нягледзячы на сваё багацце і ўплыў на суседзяў, меў вялікі недахоп, бо быў заснаваны далёка ад вялікіх водных шляхоў, а адлегласць ад вялікай ракі Нёмана была каля 20 км, а гэта было вельмі нязручна. Таму і з’явіўся ў яго ўдалы канкурэнт Вільня, геаграфічнае становішча якой было больш выгодным.
Гарадское паселішча тут у асяродку балцкіх плямёнаў у ХІІ ст. заснавалі крывічы. Яны з’явіліся яшчэ ў VI-VII стст. і пасяліліся ўнізе каля Замкавай гары. Паступова ўзнік невялікі горад і ўдзельнае Віленскае княства, якое належала да Полацкай зямлі. Спачатку горад меў назву “Крывы горад” або “Крывіч-горад”, як паселішча крывічоў. У якасці прыкладу можна прывесці беларускае мястэчка Крэва, таксама заснаванае крывічамі непадалёку ад Вільні. У 1070 г. тут кіруе князь Расціслаў Рагвалодавіч, а потым і яго сыны. У часы князя Войшалка Віленскае княства далучаецца да ВКЛ. Назва Крывы горад згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў ХIV ст., бо нямецкія хронікі пішуць, што гэта – “русінскае места” [1, с. 129].
Некаторыя літоўскія гісторыкі трымаюцца думкі, што нібыта Вільню заснаваў вялікі князь Гедымін, паводле вядомага падання пра жалезнага ваўка [2, с. 38]. Ад-нак археолагі ў 1940 г. даказалі, што на Замкавай гары ў Х-ХІІІ стст. ужо быў драўляны замак, які меў з трох бакоў драўляныя ўмацаванні, а з усходняга боку – насыпны вал. У сярэдзіне ХІІІ ст. каля заходняга і паўночнага схілаў Замкавай гары існавала драўляная забудова з дамамі і маставымі. Таксама археолагі знаходзілі тут кавалкі цэглы і вапнавай рошчыны, што сведчыць пра існаванне мураваных будынкаў.
Археолагі знайшлі тут арабскія манеты першай паловы Х ст., а таксама ўпрыгожванні ўсходніх славян ІХ-ХІІІ стст. [3].
У пачатку ХIV ст. князь Гедымін пераносіць сюды сталіцу ВКЛ. Упершыню ў пісьмовых крыніцах новая назва горада Вільня згадваецца ў грамаце ганзейскіх гарадоў пад 1323 г. як сталіца краіны. Разам з ганзейскімі купцамі і майстрамі ў Вільню прыйшлі і каталіцкія ордэны. У 1321 г. тут ужо былі храмы дамініканцаў і францысканцаў, а таксама праваслаўныя храмы, самы старажытны з іх – гэта Мікалаеўская царква.
У цэнтры горада Гедымін пабудаваў два мураваныя замкі: Верхні – на вяршыні Замкавай гары і Ніжні – каля яе падэшвы.
Верхні замак, акрамя каменных муроў, меў тры абарончыя вежы. Сцены Ніжняга замка таксама мелі абарончыя вежы і працягласць больш за кіламетр. Адна з замкавых вежаў, а менавіта яе падмуркі, захаваліся пад мурамі званіцы кафедральнага сабора. Званіцу пабудавалі ў ХV – пачатку ХVІ ст. У плане вежа была квадратнай памерам 13,5х13,5 м.
Вышыня замкавых муроў дасягала 9-10 м, а шырыня вагалася ад 1,7 да 3,1 м. На супрацьлеглым баку р. Віліі стаяў трэці Крывы замак.
Адначасова з Вільняй узнікае і яе будучы канкурэнт Масква.
Першае гарадское паселішча на месцы Масквы ўзнікла ў ХІ-ХІІ стст. у сутоках ракі Масква і ракі Няглінная. У гэтым месцы склалася гістарычнае ядро горада, якое атрымала назву Крэмль.
Першы ўспамін пра Маскву як горад адносіцца да 4 красавіка 1147 г., калі суздальскі князь Юры Даўгарукі запрасіў у госці ў Маскву северскага князя Святаслава Ольгавіча [4, с. 11].
На тэрыторыі сучаснай Масквы археолагі адзначылі каля 70 курганных могільнікаў вяцічаў, пераважна на правым беразе р. Масква. Самае ранняе і багатае жаночае пахаванне вяцічаў знойдзена археолагамі ў кургане на тэрыторыі маскоўскага раёна Чаромушкі.
Гісторыкі адзначаюць, што спачатку ўся Масква была драўляная – “лубяная”. Дамы былі з бярвёнаў, накрыты саломай, цёсам альбо гонтай. Частка будынкаў – гэта “курная ізба”, якая абагравалася “па-чорнаму” [5, с. 90].
Першае паселішча – драўляная крэпасць у ХІ-ХІІ стст. знаходзілася на ўскрайку Крамлёўскага пагорка і мела даўжыню каля 130 м, а шырыню 90 м. Археолагі прасачылі рэшткі першапачатковага рва вакол крэпасці. Ён меў форму закругленага трохкутніка з шырынёй уверсе 15 м і глыбінёй да 5 м [4, с. 42].
Удзельным княствам Масква стала ў 1276 г., калі яе князем быў сын Аляксандра Неўскага Данііл.
Значна ўмацавалася Маскоўскае княства пры Іване І Каліце (вялікі князь з 1328 па 1340 г.). Ён актыўна супрацоўнічаў з Залатой Ардой, збіраў даніну для золатаардынскіх ханаў і пры гэтым не забываў пра сябе. Ён пачаў у Маскве каменнае будаўніцтва, пабудаваў у Крамлі каменны сабор Успення Божай маці, дзе потым быў паха-ваны мітрапаліт Пётр, які пераехаў у Маскву на сталае пражыванне з Уладзіміра. Масква стала галоўным рэлігійным цэнтрам праваслаўнай царквы на тэрыторыі Залатой Арды.
Таксама ён пабудаваў у Крамлі сабор Арханёла Міхаіла, які стаў спачывальніцай маскоўскіх князёў. Усяго белакаменных храмаў, пабудаваных Іванам Калітой, было пяць, але яны да нашых дзён не захаваліся. У 1339 г. маскоўскі князь будуе першы драўляны (дубовы) Крэмль.
У гэты час Вільня ў адрозненне ад Масквы ўжо мела два мураваныя замкі.
У другой палове ХІV ст. на Вільню не раз нападалі крыжакі. Летам 1365 г. яны падыходзілі да горада, але захапіць Верхні замак не здолелі. У 1390 г. яны пяць тыдняў вялі асаду горада і пры гэтым ушчэнт знішчылі Крывы замак, які ўжо больш не аднаўляўся. У 1394 г. яны нават разбурылі адну з вежаў Верхняга замка, але захапіць замак цалкам не змаглі.
Новы этап адбудовы Віленскіх замкаў звязаны з князем Вітаўтам, які скончыў будаўнічыя работы ў 1419 г.
У XIV-XV стст. вакол паселішча пад Замкавай гарой насыпалі земляны вал, пабудавалі абарончыя муры, перакінулі праз роў і рэчку Вілію пад’ёмныя масты. Гэтыя ўмацаванні атрымалі назву Ніжні замак. На яго тэрыторыі акрамя драўляных з’явіліся мураваныя двух- і трохпавярховыя будынкі. Гэта былі палацы вялікіх князёў і магнатаў, капітула і кафедральны сабор.
У часы кіравання Альгерда (1345-1377 гг.) у Вільні будуюцца праваслаўныя храмы. Гэта Прачысценская, Пятніцкая, Траецкая і Святадухаўская цэрквы. У 1387 г. горад атрымаў Магдэбургскае права і ў цэнтры з’явілася гарадская ратуша.
З канца XIV ст. пры манастырах існуюць школы і бібліятэкі. У XIV ст. пры вялікакняскай канцэлярыі пачынае дзейнічаць архіў (Метрыка ВКЛ). З 1413 г. Вільня – цэнтр Віленскага ваяводства, а з 1416 г. – рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ. У XIV ст. у Вільні сфарміравалася “русінская старана” – частка горада, заселеная праваслаўнымі. На віленскай “русінскай старане” ўжо ў часы Гедыміна стаялі цэрквы [6, с. 39].
Адначасова з Вільняй расла і ўмацоўвалася Масква. У 1366-1367 гг. князь Дзмітры Данскі пачаў будаваць белакаменны Маскоўскі Крэмль замест драўлянага. Каменнымі былі вежы і найбольш значныя часткі абарончых сцен.
Вакол Крамля выкапалі роў ад рэчкі Нягліннай да ракі Масква. У 1368 і 1370 гг. Крэмль не здолелі захапіць войскі князя Альгерда. Аднак у 1382 г. Крэмль захапіў і разбурыў хан Тахтамыш. Таксама пры Дзмітрыі Данскім пабудавалі каменныя саборы ў Чудавым і Вазнясенскім манастырах.
У буйных манастырах Масквы ў XIV – пачатку XV ст. у Спаскім, Чудаве, Багаяўленскім і Андронікавым ужо былі каменныя саборы. У XV ст. з каменю ўжо маглі будаваць трапезная палаты на гаспадарчых падклетах. Маскоўскія манастыры мелі агароджы, што дазваляла даследчыкам лічыць іх кропкамі абароны. Аднак паколькі яны не мелі такіх элементаў фартыфікацыі як валы і равы, то быць сапраўднымі ваеннымі аб’ектамі ў ХІІІ-XV стст. не маглі. Навукоўцы лічаць, што да канца першай трэці XIV ст. у Маскве былі два вялікакняскія манастыры – гарадскі і загарадны, і адзін баярскі – на гарадскім пасадзе [7, с. 212].
У XIV ст. назіраецца буйны рост ВКЛ, якое да пачатку XV ст. становіцца адной з самых уплывовых і магутных дзяржаў. Мураванае будаўніцтва набірае сілу і падзяляецца на замкавае і культавае, дзе пасля Крэўскай уніі пашыраецца ўплыў каталіцкай царквы. Ва ўжытак прыходзяць пячная кафля, вялікапамерная цэгла і керамічная дахоўка. Пасля перамогі на Грунвальдскім полі ВКЛ уступае ў стадыю росквіту і стварае самабытную архітэктуру ў стылі готыкі з нацыянальнымі асаблівасцямі.
У гэты час расквітнела і Вільня як сталіца вялікай і моцнай дзяржавы. У XIV ст. на месцы Ратушнай плошчы склаўся новы гарадскі цэнтр, рынкавая плошча, якая мела форму трохкутніка.
Для віленскіх будынкаў канца XIV – пачатку XV ст., пабудаваных паводле гатычных канонаў, уласцівы масіўныя муры, цяжкія прапорцыі фасадаў і простыя знешнія формы. У другой палове XV ст. з’яўляюцца аздабленні фасадаў, выкладзеныя з профільнай цэглы. Жылыя дамы займаюць толькі частку ўчастка і да вуліцы стаяць бокам. Яны маюць ад двух да трох паверхаў, на кожным з іх ёсць два-тры памяшканні [8, с. 374]. У іх інтэр’еры з’яўляюцца кафляныя печы з паліванай кафлі.
Падчас раскопак былога вялікага княскага палаца ў Вільні, што некалі стаяў на тэрыторыі Ніжняга замка, у слаях XV ст., акрамя міскавай непаліванай гаршчковай кафлі, знойдзена і каробкавая. Вонкавая пласціна гэтых кафлін аздоблена выявай шчыта з гербам або раслінным арнаментам. Некаторыя кафлі (іх няшмат) пакрыты палівай зялёнага, жоўтага або бурага колеру. Таксама знойдзены 4 кавалкі керамічных плітак з рэльефным малюнкам, якія выкарыстоўваліся для аздаблення сцен палаца.
Сітуацыя на палітычнай арэне Еўропы кардынальна змянілася ў сярэдзіне – другой палове XV ст. У 1453 г. пад ударамі турак-асманаў знікла Візантыя. На Усходзе распадаецца на асобныя дзяржавы (ханствы) і знікае Залатая Арда. У Крыме паўстае адзін з галоўных ворагаў ВКЛ на поўдні – Крымскае ханства.
У XV ст. назіраецца буйны рост Масквы, якая пасля белака-меннага будаўніцтва пераходзіць да цаглянага. У Маскве навучыліся вырабляць цэглу. Так, у 1467 г. дойлід Васіль Ярмолін адрамантаваў у Крамлі адзін са старых белакаменных храмаў з дапамогай абпаленай цэглы.
У 1471 г. багаты купец па мянушцы Таракан будуе з цэглы ў Крамлі першы мураваны палац.
У 1480 г. Маскоўская дзяржава становіцца незалежнай і неўзабаве ў 1485 г. Іван ІІІ пачынае будаваць новы цагляны Крэмль [4, с. 136]. Ён запрасіў з Італіі архі-тэктараў і будаўнікоў, якіх у Маскве называлі “фразінамі”. Самым вядомым з іх быў Арыстоцель Ф’яраванці, які і пабудаваў новы цагляны Крэмль з элементамі позняй італьянскай готыкі. Адначасова дойлід пабудаваў у Крамлі новы Успенскі сабор на месцы старога будынка. Пасля яго смерці будоўлю Крамля працягвалі Антон Фразін і Марк Фразін, а з 1490 г. П’етра Антоніа Салоры. Менавіта ён пабудаваў знакамітую Спаскую вежу. Будоўлю Крамля скончылі ў 1499 г. Перыметр яго муроў склаў больш за 2 км.
У 1480 г. з’явіўся рэальны вораг ВКЛ на ўсходзе – Вялікае Княства Маскоўскае. Усё гэта актывізуе мураванае абарончае дой-лідства, якое прыстасоўваецца да новай агняпальнай зброі. Будуюцца інкастэляваныя абарончыя храмы розных канфесій.
Мураваныя сцены з вежамі атрымала сталіца ВКЛ Вільня. Для будаўніцтва гарадскіх умацаванняў было запрошана шмат работнікаў. Напрыклад, у 1497 г. на будаўніцтве Вострай Брамы ў сярэднявечнай Вільні пад кіраўніцтвам майстра-архітэктара працавалі 16 муляраў, 96 рамеснікаў-памочнікаў, 48 цесляроў, 300-400 дапаможных работнікаў і 36 фурманаў (кожны з парай коней).
Гэта адзіная гарадская брама, якая дайшла да нашых дзён. Некалі яна называлася Меднінскай, бо праз мястэчка Меднікі вя-ла дарога на Менск. Пазней яе назвалі Вострай брамай. На стыку брамы захавалася старадаўняя выява герба ВКЛ “Пагоня”, якую ў сваім вершы апісаў Максім Багдановіч.
Спачатку было 5 мураваных абарончых брам-вежаў (Віленская, Траецкая, Медніцкая і Спаская). Потым дадаліся Татарская, Рудніцкая, Субач, Бернардынская і Мокрая. У 1522 г. будоўлю скончылі і даўжыня каменных муроў склала 2,4 км. У 1517 г. Вільня вырасла да памераў Кракава і ў сярэдзіне XVІ ст. тут жыло каля 20 тысяч чалавек. У 1511 г. тут было 7 касцёлаў, 14 праваслаўных цэркваў і манастыр Св. Тройцы. У 1536 г. з’явіўся першы мураваны мост цераз Вілію, які атрымаў назву Зялёны.
Яшчэ ў часы Альгерда ў Вільні з’явіліся немцы і габрэі, а ў часы Вітаўта – крымскія татары. Таму ў горадзе пачалі будаваць сінагогі і мячэці. У часы Жыгімонта Кейстутавіча (1432-1440 гг.) у горад былі запрошаны рамеснікі з Польшчы і Італіі.
Гістарычны цэнтр Вільні добра захаваўся, нягледзячы на Першую і Другую Сусветныя войны.
Стары горад у цэнтры Вільні мае плошчу 256,14 га і з’яўляецца адным з самых вялікіх ва Усходняй Еўропе помнікам горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе знаходзіцца большая частка помнікаў архітэктуры. Стары горад уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
У пачатку ХVІ ст. гарадскія ўмацаванні будуюцца і ў Маскве. Яны ўзніклі з усходняга боку Крамля і атрымалі назву Кітай-горад. Спачатку гэта была сцяна, зробленая са шчыльна ўтрамбаванай зямлі, насыпанай паміж драўлянымі платамі, зробленымі з галля розных дрэў, што было звязана вяроўкамі. У 1535 г. Пётр Фразін пабудаваў побач цагляны мур з брамамі-праездамі.
Такім чынам, сталіцы-суперніцы Вільня і Масква напярэдадні Аршанскай бітвы былі добра ўмацаваныя і гатовыя да вайны. Аднак іх муры пабачылі ворагаў толькі ў ХVІІ ст. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Літаратура:
- Арлоў Уладзімір, Герасімовіч Зьміцер. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя. – ЗП “Альпійскія інвестыцыі”, друкарня “NEOGRAFIA”, Martin, Slovakia. – 2002. – 400 c., іл.
- Луцкевіч Лявон. Вандроўкі па Вільні. – Вільня: Рунь, 1998. – 159 с., іл.
- Будрейка Э. Вильнюсский замок. Пер. с лит. С. Быстрыцкой. – Вильнюс: Минтис, 1980. – 48 с., ил.
- Векслер А. Г. Москва в Москве. – 2-е, доп. и переизд. изд. – Москва: Моск. рабочий, 1982. – 239 с., ил.
- Москва в творчестве А. М. Васнецова: сборник. – Москва: Моск. рабочий, 1986. – 272 с.
- Альфансас Эйдзінас, Альфрэдас Бумблаўскас, Антанас Кулакаўскас, Міндаўгас Тамашайціс. Гісторыя Літвы. – Вільня: Santara, 2014. – 280 с.
- Беляев Л. А. Древние монастыри Москвы (кон. ХІІІ – нач. ХV вв.) по данным археологии. – Москва, 1995. – 310 с., ил.
- VILNIAUS ARCHITEK-TURA. – Vilnius: Mokslas, 1985. – 384 p., 537 il.
- Княжеский дворец вильнюсского Нижнего замка: исследования 1988 года. – Вильнюс, 1989.