Пайшоў з жыцця Чэслаў Сенюх. Пражыў нямала, ступіў у дзясяты дзясятак сваіх гадоў, зрабіў таксама шмат. Аднак многія толькі некралогам адкрываюць для сябе гэтае імя, а дасведчаныя прыгадваюць перакладчыка “Новай зямлі” на польскую мову са шкадаваннем, што ўсё ж мала ведаюць пра яго. Апошнія дзесяцігоддзі гэты, варты ўвагі чалавек, амаль не з’яўляўся ў нашай медыйнай прасторы.
– Чаму так? – пытаюся я ў Валера Дранчука, які пэўны час меў прыязныя стасункі з Чэславам Сенюхам.
– Прычын шмат, якія датычаць нас саміх, нашага грамадства, нашай абмежаванасці і закрытасці. Але ёсць у гэтым і асаблівасць самога Чэслава Сенюха. Ён – чалавек справы; у гэтым пераконваешся, прабягаючы па радках яго багатай біяграфіі. А па славу, публічную вядомасць, як кажуць, у чарзе ніколі не стаяў.
– Дзе і калі адбылася Ваша першая сустрэча з гэтым чалавекам?
– Першае, што хачу адзначыць: перакладніцкі чын спадара Сенюха стасоўна “Новай зямлі” нельга пераацаніць – ён тытанічны!
А наконт сустрэчы, мабыць, гэта вельмі лагічна, што спаткаліся мы ўпершыню на радзіме Коласа. Якая нагода тады нас сабрала, не памятаю, але запомнілася, як спадар Чэслаў чытаў са свайго перакладу, хораша чытаў, а мы смакавалі на слых гучанне такіх знаёмых нам радкоў, але па-польску.
На той час я рыхтаваў трэці нумар квартальніка “Белавежская пушча” і прапанаваў месца на яго старонках. Пераклад быў яшчэ не закончаны, але ўрывак мне Чэслаў даслаў. Мы нават пасябравалі, лепш сказаць, прыхільна зблізіліся на грунце “зямляцтва” – ад самага знаёмства было відаць, як Чэслава ўзрадавала, што я нарадзіўся непадалёк Коласавых мясцін. Гэта было ўзаемна, нас яднала любоў да зямлі вялікага песняра (фота 1, “Новая зямля” па-польску на старонках газеты Валера Дранчука “Белавежская пушча”).
– У літаратурных колах ёсць меркаванне, што гэта Янка Брыль надарэчыў Чэслава Сенюха на пераклад вяршыні нашага нацыянальнага эпасу. Што можаце сказаць на гэты конт?
– Ахвотна прымаю, што так магло быць. Гэта ад умення адпаведна цаніць і бачыць чалавека. Верагодна, што Брыль лепш за самога Сенюха адчуў яго магчымасці і патэнцыял як перакладчыка “Новай зямлі”. Іван Антонавіч неаднойчы падказваў слушныя ідэі людзям, якія могуць паслужыць Бацькаўшчыне.
– Ці прыгадаеце яшчэ сустрэчы і творчыя ўзаемадачыненні з Чэславам Сенюхам?
– Адзначу яшчэ адну сустрэчу, быццам нечаканую. 2001 год. Музей Янкі Купалы. Ушанаванне літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча. Я і не ведаў, хто яшчэ намінаваны на высокую ўзнагароду. Як аказалася, сярод нас быў і Чэслаў Сенюх. Захаваўся фотаздымак Уладзіміра Кармілкіна, які нагадвае амаль што пра той момант (Фота 2). На ім Валянцін Акудовіч, Чэслаў Сенюх і я. З намі Адам Мальдзіс, які толькі-толькі прышпіліў нам памятныя медалі. Не ведаю, хто вылучаў перакладчыка “Новай зямлі ” на прэмію, але несумненна, што ён – не самавылучэнец. На ўручэнні спадар Чэслаў быў урачысты, радасны. Стрымана, з гонарам прымаў заслужаную ўзнагароду.
– Ведаю, што Вы мелі добрае знаёмства яшчэ з адным перакладчыкам нашай літаратурнай энцыклапедыі.
– Так. Гэта Валер Стралко. Таксама ўжо пайшоў з жыцця. Ён зрабіў выдатны пераклад “Новай зямлі” на ўкраінскую мову пазней за Сенюха. У 2007 годзе мне, аднаму з першых, бо і жылі па-суседску, ён прынёс пагартаць-паглядзець выданне, якое неўзабаве прэзентавалася ў рамках кніжнага кірмашу. А зноў жа, ці многія з нас пра гэта ведаюць?
Што на гэта скажаш. Пагаджаюся з маім суразмоўцам: так, мы заабавязаны многім, хто абраў нашу культуру, літаратурную спадчыну, нацыянальныя шэдэўры справай свайго клопату, таленту, часткі жыцця. Доўг удзячнасці і памяці трэба плаціць. Для патрыятычнага выхавання, беларусазнаўства, дзеля справядлівасці, свайго нацыянальнага падвышэння гэта вельмі важна.
Запісала Наталля Плакса. Нясвіж.