Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гісторя Магілёўшчыны. На радзіму паэта Паўла Пруднікава. Частка 2

Гісторя Магілёўшчыны. На радзіму паэта Паўла Пруднікава. Частка 2

19 кастрычніка 2021, 23:16 Спорт 37
Гісторя Магілёўшчыны.   На радзіму паэта Паўла Пруднікава. Частка 2

Пасля Старога Дзедзіна мы накіраваліся ў Мілаславічы. Гэта старажытнае мястэчка, якое знаходзіцца недалёка ад шашы Крычаў – Рослаў. Мілаславічы вядомыя з 1604 года. Знаходзяцца на рацэ Іпуць, што ўпадае ў Сож. Побач з Мілаславічамі у 1725 годзе ўзнікла мястэчка Ганна, якое было заснаванае Радзівіламі, а менавіта тагачаснай уладальніцай Крычаўскага староства – Ганнай Катажынай Сангушкавай Радзівіл. Згодна з інфармацыяй гісторыка Андрэя Мяцельскага, інвентар Крычаўскага староства 1747 года дазваляе зрабіць рэканструкцыю мястэчка Ганна, якое ў той час мела і іншую назву – Мілаславічы. Цэнтрам мястэчка быў рынак плошчай 1500 квадратных метраў. А з рынка выходзілі чатыры вуліцы з наступнымі назвамі: Шумяцкая, Старэцкая, Ганчарная і Ладзяшанская. У 1779 годзе у Мілаславічах налічваўся 51 двор, дзе пражывалі 382 жыхары. А пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Ганна канчаткова змяніла сваю назву на Мілаславічы. Паводле дакументаў Крычаўскага графства 1779 года ў Мілаславічах было 51 двор хрысціянскі і 19 двароў жыдоўскіх. Акрамя гаспадарчага дома і гаспадарчых пабудоў пры ім меліся таксама праваслаўная царква Пакрова Прачыстай Багародзіцы і ўніяцкая царква Святога Іосіфа. У 1858 годзе ў Мілаславічах 422 жыхары, 88 двароў, вінакурны завод. У 1897 годзе – 1403 жыхары, 205 двароў, двукласная і царкоўна-прыходская школы, царква, малітоўны дом. З 1924 года Мілаславічы становяцца цэнтрам раёна ў складзе Калінінскай акругі.

Да нашага часу ў мястэчку захавалася царква Свята-Ушэсцеўская другой паловы 19 стагоддзя.  Помнік пабудаваны з цэглы, архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.  Рака Іпуць працякае праз усё паселішча і мае вельмі прыгожыя берагі. На Іпуці, на ўскрайку Мілаславічаў засталіся парэшткі парку, які быў пры сядзібе князя Мікалая Мяшчэрскага.

Далей мы завіталі ў раённы гарадок Клімавічы. Тут засталося трохі мураваных прыгожых дамкоў 19- пачатку 20 стагоддзя. У цэнтры горада царква Свята-Міхайлаўская, пабудаваная ў 1867 годзе. Побач з царквой усталяваны каменны крыж. Пад’ехалі мы і да сядзібнага дома князёў Мяшчэрскіх, дзе зараз знаходзіцца раённы краязнаўчы музей. Але, на вялікі жаль, будынак музея зараз на рамонце, і экспазіцыя часова пераехала у вёску Ціманава, і ў старажытны маёнтак Мяшчэрскіх мы не патрапілі. Сёлета юбілей Клімавічаў, і пасля таго, як трохі сцішыцца эпідэмія, магілёўцы абавязкова наведаюць родныя мясціны паэта П. Пруднікава і прыгожы гарадок Клімавічы.

Побач з Клімавічамі па шляху на Родню з левага боку ад трасы мы накіраваліся пабачыць дзіва сучаснай прыроды, створанае рукамі чалавека… Літаральна за некалькі кіламетрах ад саміх Клімавіч знаходзіцца каля дзясятка кар’ераў, у якіх калісьці здабывалі крэйду. Зараз кар’еры запоўніліся вадой, а берагі зараслі хмызняком і лесам. Вада мае непаўторны бірузовы колер. І той, хто трапляе на гэтыя рукатворныя азёры, дужа здзіўляецца прыгажосці прыро-ды і незвычайнасці ландшафту. Так што “Лазурны бераг” – ён не такі ўжо і далёкі ад магілёўцаў!!!

Усход Магілёўшчыны яшчэ вельмі слаба даследаваны навукоўцамі і перадусім гісторыкамі. Шмат давядзецца прыкласці намаганняў, каб вывучыць наш непаўторны край. Так што вандруйце, беларусы, усё фатаграфуйце, збірайце артэфакты, запісвайце ўспаміны старажылаў. І ў старасці нам будзе не сорамна распавесці сваім нашчадкам пра нашыя стваральныя ўчынкі.

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

  1. Каменны крыж каля царквы ў Клімавічах.
  2. Крэйдавы кар’ер каля Клімавіч.
  3. Клімавічы. Сядзіба князёў Мяшчэрскіх.
  4. Мілаславічы. Рака Іпуць.
  5. Мілаславічы. Царква 19 ст.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4718
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0415
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4915
Тастамент Генадзя Бураўкіна
Культура

Тастамент Генадзя Бураўкіна

7 верасня 2021, 10:5114
Далучайцеся да нас