МОЙ СТАРЭЙШЫ сябар, дырэктар унітарнага прадпрыемства “Канстанта-91” Генадзь Чачанец, усё ж не вытрымаў:
– Вось вы, журналісты і пісьменнікі, у асноўным пішаце пра тых, у каго высокія ордэн ці пасада, ці хто аднойчы неяк вельмі адзначыўся, а дзе ж вашыя сённяшнія расповеды пра людзей простых, без рэкордаў ды заўважных узнагарод, але зрабіўшых і працягваючых рабіць часам больш важкага і карыснага, чым іншыя знаныя. Узяць, напрыклад, майго бешанковіцкага земляка з Жарнасекава Уладзіміра Сцяпанавіча Краско. Сёлета яму споўніцца ўжо 91, а ён як працаваў, з вымушанымі часовымі перапынкамі, на родненькай зямельцы, так і працягвае гэта рабіць. Адным начальнік кіруе, другім – жонка ці сяброўка, трэцім – сябрук, а ім усё жыццё кіравала і кіруе праца. Ягоныя залатыя рукі ўмеюць усё, акрамя адзінага – знаходзіцца ў спакоі.
Памяць на прозвішчы, асабліва свае, віцебскія, у мяне, не хвалюся, добрая, і я праз хвіліну-другую адрэагаваў:
– Слухай, а ці не той гэта вядомы ў вашай акрузе пчаляр, прозвішча якога я пачуў падчас працы ў “Сельской газете” ад нашага тагачаснага ўласнага карэспандэнта па Віцебшчыне Віталя Фёдарава? Ці не мёдам твайго Краско частаваў нас у рэдакцыі нехта з яе супрацоўнікаў?!
– Вось давай і праверым. Я на Мядовы Спас еду са сваім добрым таварышам, вельмі прыемным і талковым чалавекам Уладзімірам Кароткім на сваю малую радзіму. Магу і цябе прыхапіць. Павер, не пашкадуеш, напішаш урэшце пра чалавека-працаўніка, які быў і застаўся сапраўдным патрыётам, як гэта напышліва для асобных ні гучыць, свайго радзі-мага куточка…
У ахутаным зелянінай і цішай Жарнасекаве, дзе засталіся (і гэта яшчэ добра!) 32 жыхары, прыгожанькую брамку на невялічкім узгорачку гасцінна адчыніла прыемная, ветлівая, усмешлівая, жвавая старэйшая дачка старажыла вёскі Людміла, выпускніца Віцебскага ветінстытута, якая апошнія 15 гадоў перад пенсіяй узначальвала Бачэйкаўскі сельсавет:
– Праходзьце, праходзьце, калі ласка, рады бачыць вас на нашай зямельцы!
– А дзе ж гэта Сцяпанавіч, казаў, сам сустрэне, – іранічна-весела адгукнуўся Генадзь Мікалаевіч.
– Яны з маім мужам Рыгорам ля трактарчыка даўнавата ўжо возяцца.
У гаражы, дзе хапіла б месца яшчэ на пяць такіх жа самаходных машын, як убачаны намі, пад колер навакольнай травы, “Catmann-242”, цесць і зяць, родны брат якога, як пазней высветлілася, – вядомы беларускі паэт Змітрок Марозаў, які ў свой час шчыраваў памочнікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, мянялі аліву ў рухавіку. Змітрок прысвяціў слыннаму сваяку вось гэткі цудоўны верш:
Нагамонімся, агледзімся – заплачам,
Вытрам слёзы, закасаем рукавы…
Толькі працай гэты свет мы перайначым –
Да знямогі, да знямення, да крыві.
Мала пнуцца, слоўным боксам захапляцца,
Перасоўваць, разбураць, перастаўляць…
Распрыгоніць нашы душы толькі праца,
Толькі праўда можа нас уратаваць.
Толькі слова (не жалезнае – жывое!)
Можа веру ў кожным сэрцы абудзіць…
Я таксама стану некалі травою –
Не бяда, было б каму траву касіць!
– Час не чакае, трэба зернавое дасеяць, з паўсотні агульных сотак яно нямала займае, – махнуў, пасля ўпэўненага паціску рукі галавой у бок поля за домам невысокі, хударлявы, але моцненькі, з добрымі жывымі вачыма гаспадар, і дадаў:
– А праз дзвесце сорак мотагадзін трэба чыстую заліваць. Апошнім часам, перад выездам, майго коніка спрытненька асядлоўвае Грыша, балазе жывуць з Людай усяго за два кіламетры, у трохпакаёўцы. Шчэ раз выбачайце, што сам не сустрэў. Думаю, час ёсць, трэба ж нештачка зрабіць. Ведаеце, праца – гэта мая жыццёвая, як яе… во, функцыя. Калі нічога не раблю – не адчуваю ў сабе аніякага жыцця. Ніколі не перастану здзіўляцца той частцы сён-няшніх маладых, не зразумею тых, якія лічаць, што шчасце ў тым, каб працавалі іншыя, а ім бы толькі гуляць, крытыкаваць, насміхацца, мітынгаваць, бузаваць ды піўко імпартовае за чужыя грошы папіваць. І самому, і дочкам, акрамя Люды ў мяне шчэ Вера і Света, даводзілася ў розных месцах самую розную работу выконваць. І я заўжды сабе ды ім казаў: “Саромецца можна і трэба не якой-небудзь працы, нават самай бруднай, а бяздзейнасці ды гультайства”. Можа, пасля гэткага папярэджання Людка і атрымала Грамату райкама камсамолу, як лепшая маладая даярка ў раёне. Ну, загаварыў я вас, прабачце, давайце ў хату, трэба ж тое-сёе пасля доўгай дарогі з’есці, дзякуй, што наведалі старога, дай вам Божа здароўя!
ТОЕ-СЁЕ на моцным, яшчэ бацькоўскім стале ўразіла і колькасцю, і рознасцю, і якасцю, і смакам. І я вельмі і вельмі засмуціўся, што напярэдадні зноўку нагадала пра сябе мая сяброўка па жыцці – падагра, якая патрабуе строгай дыеты. Але ж адпампаваны медагонкай з сотаў залаціста-жоўты мёд, які пакручастай горкай сцякаў у спецыяльны посуд, ужываць, на шчасце, дазвалялася! Каля стала, на якім з дапамогай спецыяльнага бліскучага нажа рыхтаваліся да свабоды зробленыя бацькоўскімі рукамі паўнют-кія рамкі, і каля салодкай машыны ў пярэдняй частцы прасторнай хаты, якую перавезлі ў 1937-м з вёскі Шыпулі, завіхаліся Людміла і прыехаўшая з віцебскага пасёлка Акцябрскі Святлана. Яны, вядома ж, дапамагаюць наводзіць парадак, але, усё ж, адчуваецца адсутнасць цёплых, клапатлівых, уважлівых і старанных рук жонкі Надзеі Яфімаўны, адной з лепшых паляводак калгаса “1 Мая”, якая пакінула гэты свет яшчэ ў 2009-м, калі ёй споўнілася 76… Цяжкую страту дарагога чалавека Уладзімір Сцяпанавіч перанёс гэтак жа мужна, як і трагічную смерць малодшага брата Дзімкі, які падарваўся пасля вайны на гранаце і памёр у яго на руках…
– Ешце, ешце, гэтая смаката сапраўдная, – шчыра і сардэчна запрашаў нас гаспадар. – Адчуваеце, якая казачная духмянасць? А ўсё таму што я, у адрозненне ад многіх, ніколі не падсоўваю сваім неверагодным працаўніцам цукар, цукровы сіроп, ці іншыя “прысмакі”, накшталт ненатуральнай глюкозы, жалаціну ці крухмалу… У мінулым годзе памерла жонка майго вернага сябра Алеся Баўдзілы, з якім разам вучыліся ў школе, былы аграном-насеннявод калгаса “Бачэйкава” Марыя Канстанцінаўна. Яе працу, між іншым, адзначылі двума ордэнамі – Працоўнага Чырвонага Сцяга і Знак Пашаны. Дык вось, яна казала, што пры згаданай падкормцы пчол у мёдзе нямашака арганічных лятучых рэчываў, таму адсутнічае і той дзіўны водар, якім напоўнілася ўся хата. Увогуле, адукаваная, разумная жанчына, пра якую кажу, дапамагла мне правільна, граматна вырошчваць усё, чаму я дапамагаў вырасці раней і дапамагаю цяпер. Вы звярнулі ўвагу на тое, што я назваў пчол неверагоднымі працаўніцамі? Гэта не выпадкова. Каб сабраць кіло мёду, пчала павінна злётаць па няктар да… 150 тысяч разоў. Ёй трэба праляцець каля 460 тысяч кіламетраў. Гэта ў 11 разоў больш, чым акружнасць зямнога шара па экватары!
Я гэтак заслухаўся, што забыўся адразу запытаць пра тое, пра што ўсю дарогу думаў – ці купляў у Сцяпанавіча мёд хтосьці з менскіх журналістаў? Урэшце запытаўся, і праз колькі хвілін ад Людмілы пачуў:
– Так, недзе ў сярэдзіне дзевяностых, разам з загадчыцай Бачэйкаўскага Дома культуры Таццянай Косінец па мёд прыязджала надта гаваркая, культурная, сімпатычная бялявая жанчынка з “Беларускай нівы”, якую я выпісвала і з цікавасцю чытала. У мяне нават захаваліся асобныя старонкі трох нумароў за 96-97 гады. Памятаю, бацька ўсё пытаўся: “Каласок” прынесла? – Пад такой прыгожа намалёванай назвай друкаваліся вельмі пазнавальныя і карысныя парады спецыялістаў і чытачоў, якія дзяліліся асабістым гаспадарчым досведам. Госця цікавілася тады творчасцю нашага вядомага ў рэспубліцы народнага фальклорнага калектыву “Крыніца”.
Ад нечаканасці я знямеў, бо адразу здагадаўся, каго мела на ўвазе Людміла. Гэта была заслужаны работнік культуры Беларусі Святлана Ульянаўна Кліменценка, якая верай і праўдай служыла роднаму беларускаму слову, па-мацярынску апекавала Жэню Янішчыц і Свету Алексіевіч, якія працавалі ў свой час пад яе кіраўніцтвам.
Вось сказаў пра гэта, і адразу ўспомні-лася Жэніна:
Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песняй, што расчуліла да слёз,
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю блаславёнага дачка,
Дзякуй лёсу,
Маю не ў нагрузку –
Зорны крыж Мацея Бурачка…
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш
Што свет даўно не вузкі!
… Ды калі ты не бязродны сын –
Гавары са мной па-беларуску.
Час – вар’ят, шалёнае таксі,
Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зараслі?
Памаўчы са мной па-беларуску.
Святлана Ульянаўна доўгі час паспяхова ўзначальвала ў нашай сялянскай газеце аддзел культуры, а пасля шмат гадоў упрыгожвала сваімі развагамі над лёсам народа і ягонай мовы старонкі “Народнай Волі”. Менавіта ёй належыць адзін з самых яркіх публіцыстычных артыкулаў пра добра знаёмае сёння не толькі беларусам лясное ўрочышча на паўночна-ўсходняй мяжы Менска: “Курапаты: на мяжы памяці і бяспамяцтва”. Ён быў надрукаваны ў нумары “Народнай Волі” за 30 красавіка – 4 траўня 2009 года. На вялікі жаль, напрыканцы студзеня 2020-га сябра Грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Святлана Ульянаўна Кліменценка назаўжды з намі развіталася… Вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч, які працаваў калісь літкансультантам “Сельской газеты”, прысвяціў гэтай неверагоднай жанчыне такія надзённыя радкі:
Светлая, прасветлая Святлана,
Не сышоў падзеяў цёмны фон,
Цяжка так душу вярэдзіць ён,
Светлая, прасветлая Святлана!
У чародах непаўторных дзён
Хочацца палётаў не ў нірвану…
Светлая, прасветлая Святлана,
Не сышоў падзеяў цёмны фон.
А пачаткам радасных падзей
Стане разняволенае слова.
Слова – ўсіх падзеяў, дзей аснова,
Гэта – найвялікшы скарб людзей!
Хоць у рэчаіснасці суровай
Верыцца у лепшае радзей,
А пачаткам радасных падзей
Стане разняволенае слова.
НА ПЧАЛЬНІК (як жа не глянуць?!) з пятнаццаці, было зачна больш, хатак у садзе з яблыняў, грушаў, сліваў, вішань, маліны і ажы-ны мы кіраваліся праз шыкоўную майстэрню, дзе спаборнічалі між сабой пахі новага мёду і свежых стружак з пілавіннем. Тут жа красаваліся зусім нядаўна народжаныя майстэрствам і тонкім разуменнем таго, што робіш, рамкі з сасновых дошак. У чаканні свайго асабістага ўдзелу ў далейшай важнай справе нецярпліва пазіралі на дрэваапрацоўчы станок электрапіла, фуганак, гэбель ды іншыя неабходныя сталярныя прылады. Так і хацелася іх супакоіць: “Не хвалюйцеся, гаспадар хутка прыйдзе!”.
Зайздросны для тых, хто не вельмі ці ўвогуле не любіць “гнуць спіну” пчальнік з-снаваў яшчэ дзед па бацькоўскай лініі Хведар Хведаравіч, лепшы ў акрузе скрыпач. Казалі, пчолы Ляўшуна (такая ў яго была мянушка) дзейнічаюць лепей за іншых таму, што ён грае ім нейкую патаемную мелодыю. Справу працягваў да самага свайго сыходу бацька Сцяпан – першы брыгадзір першага калгаса “1 Мая”. На фронт з-за атрыманай падчас службы ў коннай артылерыі кантузіі яго не ўзялі, і ён даволі хутка наладзіў сувязь з партызанамі.
Парадак з дапамогай маці Соф’і Яфімаўны навёу у хаце і пчальніку такі, што дванаццаць аўстрыйскіх шафераў адразу зрабілі зусім нечаканае жытло сваім, а сям’ю адправілі ў суседнюю прыбудову для захавання збажыны, бульбы, буракоў, гародніны ды садавіны. Балазе захоўваць асабліва не было чаго, таму ўшасцёх і ўмяшчаліся. Крыху прасцей і ў той жа час куды складаней стала пасля таго, як у атрадзе моцна захварэла кухарка. Лясныя мсціўцы, сярод якіх былі розныя “байцы”, тэрмінова звязаліся з бацькам, які па іхнім настаянні стаў часовым старастам. Гэта першае. А другое – ён павінен быў тэрмінова адправіць у лес дачку Ліду, якая ўмела, да таго ж, яшчэ і добра шыць. “Паехала да хворай цёткі”,- адказаў бацька галоўнаму аўстрыяку. Той больш і не пытаўся, бо, найперш, яго больш цікавіла сямнаццацігадовая прыгажуня Маня, што прыходзіла ў дом паліць раніцой печку, а днём павінна была засыпаць пяском канавы на дарозе ў Віцебск. Часцяком Валодзя хадзіў замест яе. Наведваў ён на балоце і партызанаў, якім насіў спечаны матуляй хлеб. Ніхто не мог і ўявіць, чым займаюцца на самой справе дачка і сын старасты! Добра, ні ў Бачэйкаве, дзе стаяў нямецкі гарнізон, ні ў Жарнасекаве не было паліцаяў. Праўда, усім хапіла аднаго вырадка – начальніка полацкай паліцыі Пракопа Ціслёнка з Клешчына, якога баяліся нават немцы! У сваіх крывавых “камандзіроўках” ён расстрэльваў усіх, хто трапляўся пад руку. Не менш жорстка дзейнічалі і бандэраўцы. У гэта нельга паверыць, але быў момант, калі аступаючыя, знясіленыя немцы на ламанай рускай мове папярэдзілі бацьку і дзядзьку, якія тушылі хату, што рускія (украінскія нацыкі) забіваюць на сваім крывавым шляху людзей без разбору. Ліда вярнулася дадому ледзьве жывая, пра гэта многія вяскоўцы ведалі, але ворагу так і не выдалі.
Пасля вайны Уладзімір працягнуў вучыцца ў школе. Потым служыў на Сахаліне, дзе стаў старшыной артылерыйскай батарэі. Настойліва прапаноўвалі застацца, абяцаючы залатыя горы, але без радзімы сябе не ўяўляў. Дарэчы, казачныя ўмовы абяцалі і кіраўнікі ўкраінскіх шахтаў, дзе давялося ў свой час папрацаваць.
Пасля вяртання з войска Уладзімір дбайна, старанна, рупна працаваў машыністам паравой стацыянарнай машыны на мясцовым цагляным заводзе, аб якім, як і пра шмат што іншае засталіся адны ўспаміны… Пасля таго як запалілася “лямпачка Ільіча” – вывучыўся на экскаватаршчыка і 20 гадоў аддаў Бачэйкаўскаму будаўніча-мантажнаму ўпраўленню. Амаль увесь гэты перыяд партрэт Уладзіміра Краско вісеў на Дошцы гонару арганізацыі, якая, крамя Бешанковіцкага, абслугоўвала Лепельскі, Чашніцкі і Шумілінскі раёны. Калі надышоў час развітвацца – лепшы экскаватаршчык БМУ да самай пенсіі звязаў свой лёс з родным калгасам. Вышэй вытворчых паказчыкаў ніхто ў тыя, ды і пазнейшыя гады, не дабіваўся. ” Лепшага жывёлавода, – адзначаў на сходах і ў размовах са спецыялістамі старшыня гаспадаркі Яўген Шурмялёў, – за ўсю сваю шматгадовую дзейнасць я не бачыў раней, і, думаю, ніколі ўжо не сустрэну”. Ды ўсе гэта добра ведалі і без ягоных слоў. Краско ніводнага разу не спазніўся накарміць сваіх 150 бычкоў, прывагі якіх даходзілі да паўтара кіло ў суткі, “зялёнкай”, сенажом, сенам, камбікормам альбо мукой. Пры гэтым ён рабіў усё магчымае, каб жывёліны атрымлівалі абгрунтаваную спецыя-лістамі норму таго ці іншага корму.
Уладзімір Сцяпанавіч заўжды лічыў і працягвае лічыць сёння, што сапраўдны скарб для яго самога, ягоных сціплых землякоў, урэшце для ўсіх нас, беларусаў, – гэта жаданне і ўме-нне працаваць на сваёй роднай зямельцы, у сваёй роднай краіне.
Уладзімір Барысенка.
На здымках:
- Мясцовыя краявіды, рэчка Ула.
- Старшына артылерыйскай батарэі, Сахалін, 1953 г.
- Партрэт з Дошкі гонару.
- Ул. Краско ў сваёй шыкоўнай май-стэрні.
- З зяцем Рыгорам на пчальніку.
- Дружная сям’я ветэрана.