Вярхоўны суд Беларусі 27 жніўня ліквідаваў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, нібыта з-за “невыпраўлення парушэнняў, выяўленых Мінюстам падчас праверкі”, паведаміў БАЖ. Пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі разглядала суддзя Інэса Лазавікова.
Паводле рашэння Вярхоўнага суда, усе довады прадстаўніка ГА “БАЖ” аб тым, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, прызналі не важнымі, а прадстаўнік арганізацыі “няправільна разумее закон”.
– Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі была чаканым. З моманту падачы зыску ніхто не меў ілюзій. Нагадаю, што ў той жа дзень у офісе БАЖ адбыўся ператрус і памяшканне апячаталі, – распавёў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. – Ліквідацыя БАЖ як арганізацыі – гэта вынік у “адміністрацыйнай” рэальнасці. Але БАЖ – гэта не проста радок у рэестры. Гэта суполка журналістаў. Мы працягнем працу – аб тым, як і ў якой форме трэба думаць і вырашаць.
На стан 27 жніўня 2021 года сябрамі асацыяцыі з’яўляюцца больш за 1300 чалавек.
– Немагчыма прыпляснуць проста адміністрацыйным рашэннем. Бо БАЖ – гэта людзі, праекты, падзеі. Проста зараз мне пішуць людзі: “Ганаруся, што я сябра БАЖ”, – такая ідзе плынь салідарнасці. Так што вышэй нос! Будзем працаваць далей. Здавацца ніхто не збіраецца, – распавёў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Чаму ліквідавалі БАЖ?
16 лютага 2021 года ў офісе БАЖ адбыўся ператрус. У чэрвені 2021 года Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасці БАЖ. У дзейнасці арганізацыі, нібыта былі выяўлены парушэнні. 14 ліпеня без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі адбыўся другі ператрус. Пасля яго офіс апячаталі.
Папярэдняе паседжанне аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў адбылося 11 жніўня. 23 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Валянціна Кулік разгле-дзела скаргу арганізацыі, але папярэджанне Мінюста пакінулі ў сіле.
Што такое Беларуская асацыяцыя журналістаў?
Беларуская асацыяцыя журналістаў – беларуская няўрадавая грамадская арганізацыя. Аб’ядноўвае грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або спрыяюць яе развіццю. Утворана ў 1995 годзе, у 2006 годзе прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Выступае ў абарону правоў журналістаў і прынцыпаў свабоднай і прафесійнай журналістыкі.
У 2004 г. Еўрапейскі парламент узнагародзіў БАЖ прэміяй імя Сахарава “За сабоду думкі”.
У 2011 г. Атлантычны Савет ЗША ўзнагародзіў БАЖ “Прэміяй Свабоды Атлантычнага Савета”.
У 2020 г. БАЖ атрымала ўзнагароду ад уладаў Канады і Вялікабрытаніі за свабоду СМІ.
У 2020-2021 гадах БАЖ цалкам сканцэнтравалася на дапамозе членам арганізацыі, чые прафесійныя правы парушаліся ў сувязі з распачатымі адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі.
Паводле СМІ.