Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дом інжынера Мінейкі ў Дзікушках

Дом інжынера Мінейкі ў Дзікушках

18 жніўня 2021, 16:57 Культура, Навука 38
Дом інжынера Мінейкі ў Дзікушках

Напісаць гэты невялікі артыкул мяне прымусіла памылка, якую ўвесь час паўтараюць розныя беларускія турысцкія сайты. Дом, пабудаваны перад самай Другой сусветнай вайной у Дзікушках, чамусьці ўпарта называецца домам (ці палацам) Грабоўскіх у Ходараўцах. Відочна, што некаму трэба ўжо расказаць гісторыю гэтага будынка.

Род Хадкевічаў згас у дваццатых гадах XIX ст., і маёнтак Вялікае Мажэйкава перайшоў да графаў Грабоўскіх. У 1833 г. Вялікае Мажэйкава было прададзена графу Рафалу Грабоўскаму, пружанскаму падкамораму, жанатаму з Цяльшэўскай. Ён быў сынам генерала літоўскіх войскаў Стэфана Грабоўскага. Менавіта Рафал Гра-боўскі пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую му-раваную царкву ў вёсцы Дзікушкі. Асвечана царква была ў 1840 г. ужо як праваслаўная.

Яго сын Станіслаў Грабоўскі ніколі не быў жанаты і доўгія гады гаспадарыў у гэтым вялікім маёнтку. Прыкладна з 1880 г., ён апекаваўся сваімі сіратамі-пляменніцамі Скарбак-Важнынскімі і іх маёмасцю Ішчална. Такім чынам, практычна валодаў двума маёнткамі.

На пачатку XX ст. маёнтак Вялікае Мажэйкава меў каля 10000 гектараў і цягнуўся бесперапынным пасам шырынёй ад паловы да двух кіламетраў і даўжынёй каля трыццаці кіламетраў ад лесу і фальварка Жукі пад мястэчкам Васілішкі, праз Вялікае Мажэйкава, далей праз фальваркі Марцінішкі, Гай, Раманаўцы, Скабейкі, Дзікушкі, Лябёдку, Станіславова да Шаўдзюноў на беразе Нёмана. Далей гэты пас пераступаў цераз Нёман, і за ракой маёнтак меў яшчэ 200 га лесу – каля лясоў так званай Яворскай Руды, якія належалі маёнтку Жалудок. У Вялікім Мажэйкаве меўся вінакурны завод, два млыны і выдатны лес, які не ведаў сякеры. Зямля была добрая, і аграрная культура падтрымлі-валася на высокім узроўні.

Станіслаў Грабоўскі стала гаспадарыў у Малым Майжэкаве шмат гадоў, але ў 1900 г., выгадаваўшы пляменніц з Ішчалны, выправіўся ў Парыж. Тут ён і дачакаўся Першай сусветнай вайны і ўдалечыні ад маёнтка, які занялі немцы, памёр у 1917 г.

Пасля смерці графа Станіслава Грабоўскага, спадкаемцам застаўся маёнтак Вялікае Мажэйкава ў Лідскім павеце, а таксама дамы і пляц у Вільні.

У падзеле маёмасці прынялі ўдзел Верашчакі (бо сястра Грабоўскага Францішка выйшла замуж за Стэфана Верашчаку) і Аскеркі (яго сястра Тэадозія з Грабоўскіх, была замужам за Аляксандрам Аскеркам). Было вырашана падзяліць маёнтак на 36 частак. 15/36 перайшло да нашчадкаў Верашчакаў, 21/36 – да нашчадкаў Тэадозіі Аскеркі. Гэта частка Аскеркаў адышла да трох замужніх дачок Тэадозіі, якія атрымалі свае часткі ў залежнасці ад колькасці дзяцей. Найбольшая частка, 9/36, дасталася Марыі Мінейка з Аскеркаў, якая мела чацвёра дзяцей. Зоф’я Раствароўская з Аскеркаў, якая мела дваіх дзяцей, атрымала 7/36, а Аляксандра Ваньковіч, як адзіная дачка Ядвігі Горват з Аскеркаў, успадкавала 5/36 маёмасці. Гэтыя прапорцыі падзелу адносіліся як да нерухомасці, так і да рухомасці, якой, дарэчы, было няшмат.

Мінейкам дасталася частка Вялікага Мажэйкава – Дзікушкі. І гэтай маёмасцю, пасля заканчэння вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, валодаў інжынер Аляксандр Мінейка, якога суседзі лічылі настаўнікам і дарадцамі ў сельскай справе. Аляксандр Мінейка жыў у малым дамку з некалькіх пакояў, а вялікі, мураваны і прыгожы дом пабудаваў перад самым 1939 г. Менавіта парэшткі гэтага дома і выклікаюць вялікую цікаўнасць нашых сучаснікаў.

Сядзібны дом Мінейкі быў  пабудаваны ў стылі неакласіцызму і, нягледзячы на сучасны разбураны стан, усё яшчэ здзіўляе разма-хам і элементамі вонкавага дэкору – яго маляўнічыя парэшткі любяць здымаць турысты. Часцей за ўсё на фотаздымках у інтэрнэце можна ўбачыць балкон на пяці невялікіх калонах, а таксама парадны ўваход. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме Мінейкі арганізавалі саўгасную кантору, потым вясковы клуб, а з нейкага моманту проста закінулі.

Пра апошняга гаспадара Дзікушак – інжынера-аграрніка Аляксандра Мінейку вядома наступнае. Ён кіраваў маёнткам сваёй маці Дзікушкі (каля 1000 га). За ўдзел у Польска-савецкай вайне быў узнагароджаны Крыжам Валечных і ў 1920 г. атрымаў чын падафіцэра польскай арміі. Перад Другой сусветнай вайной быў сябрам управы малочнага каапе-ратыва ў Дзікушках і чынным сябрам Кола гадоўцаў  коней. Суседзі пісалі пра яго як пра добрага аграрніка, які ў Дзікушках паставіў сельскую гаспадарку на самы высокі ўзровень. У 1939 г. афіцэр парашутнай брыгады Аляксандр Мінейка выехаў у Англію і, адваяваўшы ўсю вайну, застаўся там у эміграцыі.

Па нейкай неверагоднай памылцы на ўсіх турыстычных сайтах дом Мінейкі ў Дзікушках, які так любяць фатаграфаваць турысты, да нашага часу лічыцца “Сядзібным домам Грабоўскага ў Ходараўцах”.

Лаўрэш Леанід,

пісьменнік.

Фота аўтара, чэрвень 2021 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4728
Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя
Выданні

Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя

18 снежня 2018, 10:5716
З днём нараджэння Данута Янаўна
літаратура

З днём нараджэння Данута Янаўна

13 снежня 2022, 21:3616
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1416
Далучайцеся да нас