Расоншчына – адзін з прыгажэйшых куткоў Віцебшчыны. Каля 8 кіламетраў ад Расонаў знаходзіцца вёска Двор-Чарэпіта. Яна славіцца тым, што некалі ў вёсцы была сядзіба пана Гласку. А вакол яе напачатку ХХ стагоддзя гаспадар заклаў вялікі парк.
У гэтай вёсцы перад Другой сусветнай вайной жыў паэт Хведар Андрэеў. Праўда, невядома, ці гэта яго сапраўднае прозвішча, ці псеўданім. Вясковец тады пісаў па-беларуску вершы. Магчыма яны друкаваліся ў мясцовым друку ў 1930-х гадах, але адшукаць іх не ўдалося. Ці можа пісаў паэтычныя радкі для сябе і нідзе не друкаваўся, бо баяўся з-за гэтага трапіць у Сібір. Але, калі Беларусь аказалася пад нямецкай акупацыяй і на яе тэрыторыі пачало выдавацца шмат розных выданняў, Хведар Андрэеў вырашыў свае творы адсылаць у газету “Беларуская старонка” (Віцебск), якая выдавалася з 1942 года, як дадатак да рускамоўнай газеты “Новый путь” (Орша). Рэдактарам газеты быў нехта А. Бранд. А беларускамоўнае выданне рэдагаваў Міхась Рагуля. “Вы сваімі вершамі творыце скромную, але вельмі патрэбную справу. Пішыце і далей. Ваша каханне да роднага краю і роднай мовы, павінны натхняць шмат беларусаў. Моц народу ў яго пачуцці нацыянальнага адзінства, у яго каханні да роднага”, – пісала “Беларуская старонка” ў красавіку 1942 года.
Вершы з Двор-Чарэпіты Хведар Андрэеў пастаянна дасылаў у газету. Не ўсе яны, відаць, траплялі на яе старонкі, але сёе-тое было апублікавана. Як склаўся лёс вясковага паэта – невядома. Магчыма расонскія краязнаўцы ведаюць пра яго штосьці ці дапамогуць адшукаць сляды паэта. Хутчэй за ўсё, на маю думку, Хведар Андрэеў пасля вайны быў расстраляны ці высланы ў сталінскія лагеры. Справа ў тым, што яго прозвішча фігурыруе ў спісе тых асобаў, якія супрацоўнічалі з газетай “Беларуская старонка”. Спіс гэты складала супрацоўніца аддзела УМГБ па Віцебскай вобласці малодшы лейтэнант Усвятцава. І ён быў накіраваны начальніку 2-га аддзела па Віцебскай вобласці падпалкоўніку Шэбалаву пад грыфам “Совершенно секретно” ў жніўні 1947 года. Дакумент гэты захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці.
Некалькі вершаў Хведара Андрэева з Двор-Чарэпіты прапаную чытачам “Нашага слова”. Няхай яны нагадаюць пра паэта, які 80 гадоў таму жыў на Расон-шчыне.
Сяргей ЧЫГРЫН.
О, Беларусь мая!
О, Беларусь мая! О, сонца!
Ты, мо, шыпшынай расцвіцеш!
Пачуццем радасці бясконцай
Мяне, бы келіх той, нальеш!
І я паўсюду распляскаю
Ў сузор’ях радасці віно!
Цябе ўлавіць, о, мой краю!
Мо Богам мне ва ўдзел дано!
О, кветка, радасці-шыпшына!
Бо ты – не змрок, ты – шчасця свет!
Табе пяю, мая краіна,
Маёй істоты веснацвет!
***
Як старац з ліраю
Іду ў пустыню свету…
Паўлюк Трус.
Пайду я лірнікам убогім,
Пайду ў няведамую даль
Шукаці к радасці дарогі,
Пазбыці сэрца роспач, жаль.
У небе воблакі паволі,
У даль нязваную плывуць.
Пайду шукаці шчасця-волі,
Той кут, дзе радасці жывуць.
Пайду, не знаючы спачыну,
І дзень, і ноч я ў даль імкнусь.
Пайду у даль сваёй краіны
Любіць і славіць Беларусь.
Іду, мне ўстрэч імкнуцца далі,
Краіны роднае прастор.
Парывы радасці, бы хвалі,
У сэрцы творчы міг-задор.
Часіны светлыя натхнення,
Табе радзіма аддаю.
Душы парывы-летуценні,
Цябе шаную і пяю!
Жураўлі
Паплылі, паплылі, паплылі
У нязнаную даль жураўлі…
Ну куды ж ад радзімых балот
Вы імкнецеся ў даль столькі год?
Вецер песню расстання запеў,
Сумна, жаласна лес зашумеў…
Маю радасць з сабой паняслі
У нязнаную даль жураўлі…
***
Я гімны новыя спяваю,
Мой край! Даволі быць у сне.
Пазбаўся роспачы, адчаю,
Ідзі спаткаць жыцця вясну!
Сустрэнь жыццёвае правесне,
Мой абяздолены народ…
Прыйшла вясна, звіні ёй песня,
Слаў шчасця новага прыход.
Краю мой
Краю, мой краю,
любы мой краю –
О, Беларусь!
Думкай крылатай
к табе прылятаю,
Сэрцам к табе я імчусь.
Чую я, чую Нёман гамоне,
Хмурыцца, плача Дзвіна…
Хмара над полем слязіны роне,
Стогне пад ветрам сасна.
Краю мой,
краю, скаваны ў кайданы,
Волі чакаеш даўно.
Бедны народ мой, абрабаваны,
Шчасце табе не дано!..
Вечна жывеш паднявольны,
гаротны,
Бедны, лапцюжны, мой край!..
Ціха навокал, шапоцяць чароты,
Гусі імкнуцца ў вырай.
Шэпчуцца, стогнуць бярозы і елі,
Шэрыя далі маўчаць…
Вецер завые ў полі спусцелым,
Груганы дзесць закрумчаць.
Воўкі заводзяць жудкія спевы,
Стогне старая сасна…
Смелыя, гордыя – дзе ж вы?..
Край свой будзіце ад сна!
Хведар АНДРЭЕЎ.