21 ліпеня патэлефанавала спадарыня Святлана Маразевіч і паведаміла сумную навіну – пайшла з жыцця наша цудоўная і сціплая спадарыня Сафія. Літаральна паўтара месяцы таму мы ўсе разам адзначылі яе 90-годдзе. З нагоды юбілею пра яе быў надрукаваны артыкул у “Нашым слове” №23 за 9 чэрвеня 2021года. Прайшло колькі дзён, і я выпісаў на другое паўгоддзе сабе і спадарыні Сафіі “Наша слова”, потым пару разоў размаўлялі з ёй па тэлефоне…і неяк нечакана хутка прыйшла сумная навіна… сыну Алесю выказаў шчырыя спачуванні, а ў самога нешта падтачыла знутры…хоць апошнім часам стараліся менш кантактаваць, асабліва да юбілею, ці захоўваць нейкую дыстанцыю, а тут у сп. Сафіі выявіліся сёр’ёзныя праблемы з лёгкімі …
…Спадарыня Сафія нарадзілася 7 чэрвеня 1931 года ў в. Хамякі каля Свіслачы Гарадзенскага раёна. Мама і тата спадарыні Сафіі прыгожа казалі па-беларуску, і любоў да мовы была закладзена з дзяцінства. У Свіслацкай школе вучылася па-беларуску. Скончыла педвучылішча, дзе ў гарадах беларуская мова была выціснута метраполіяй і заменена на рускую. Дазвол беларусам пакуль яшчэ быў дадзены на выкарыстанне роднай мовы ў сельскіх школах, але і там знаходзіліся “шляхетныя людзі” на адміністрацыйных пасадах навучальных устаноў, якія спіным мозгам для павышэння па кар’ернай лесвіцы адчувалі правільны подых Усходу. Пазней сп. Сафія вучылася на вячэрнім аддзяленні Гарадзенскага педінстытута, дзе ў 50-я гады выкрывалі і садзілі ў турмы за родную мову беларускіх выкладчыкаў-патрыётаў. Працавала настаўніцай у школе, потым у музеі гісторыі рэлігіі, там пазнаёмілася з географам, рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым, які параіў паступова перайсці на беларускую мову. Пазней да беларускай мовы далучыліся іншыя супрацоўнікі музея, але спачатку сп. Сафія, працуючы там прыбіральшчыцай і наглядчыцай, амаль адзіная выручала экскурсантаў з Польшчы і Пецярбурга, якія замаўлялі экскурсіі ў музеі рэлігіі па-беларуску. Спадарыня Сафія актыўна наведвала культурныя беларускія мерапрыемствы ў горадзе, хадзіла ў клуб “Паходня”, пазней – на заняткі УЗВ, любіла турыстычныя вандроўкі, экскурсіі па старажытнай Гародні… Падтрымлівала цёплыя адносіны з гарадзенскімі актывістамі, якія любілі мову і гісторыю сваёй краіны. Шмат чытала, слухала перадачы па радыё і тэлебачанні на канале “Культура”, нават нешта занатоўвала. Лічыла, што дзяржаўнасць Беларусі павінна будавацца на беларускім моўным падмурку, інакш не зможа доўга існаваць… і на гэтым падмурку варта будаваць беларускі дом.
Спадарыня Сафія заўсёды запрашала праводзіць Рады ТБМ у нефармальнай хатняй абстаноўцы. Радныя Таварыства беларускай мовы прыносілі ў “Беларускую гасцёўню” свае падарункі, дапамагалі гаспадыні прыгатаваць розныя стравы. Сустракаліся на Радуніцу, святкавалі Дзень роднай мовы, сустракаліся ў час прыезду цікавых гасцей і пасля агульнагарадскіх мерапрыемстваў. Спадарыня Сафія ніколі не навязвала ўласных поглядаў, старалася кожнаму дагадзіць, любіла паназіраць за цікавымі бяседамі, зрэдку нешта прапаноўвала сваё, наведвальнікі чыталі вершы любімых паэтаў, абмяркоўвалі іх, спявалі беларускія песні, глядзелі відэазапісы культурных падзей, відэазапісы народзінаў нашых сяброў. Тут бывалі беларускія піьменнікі, навукоўцы, музыканты, паэты, дактары, настаўнікі….
…У пятніцу, 23 ліпеня з раніцы выдаўся выдатны сонечны дзень, родныя і сябры з жывымі кветкамі ішлі да Уладзімірскай царквы, якая стаіць каля першай беларускай чыгункі Варшава-Санкт-Пецярбург, каб развітацца са спадарыняй Сафіяй. Большая частка людзей вырашыла праводзіць яе да месца спачыну ў Свіслач, дзе пахаваны на ўзвышаным месцы могілак яе родныя – Дольскія, Лашакі. Адмыслова на развітанне прыехаў з сям’ёй сп. Юрась Мацко, у якога сын сп. Сафіі Алесь некалі вучыўся кавальскаму майстэрству. У часы развітанняў з нашымі блізкімі сябрамі, акрамя спеву “Магутны Божа” ўдзельнікаў хору “Бацькаўшчына”, з’явілася традыцыя чытаць верш Яўгена Петрашэвіча “Хаваюць сёння беларуса”, які ведаюць і чытаюць таксама ў ін-шых гарадах краіны:
Хаваюць сёння беларуса –
Часцінку роду маяго.
А колькі ў краі палягло,
О, Госпадзі Ісусе!
Хаваюць сёння беларуса,
І стала менш на аднаго.
Паплачуць людзі …Памалюся
За супакой душы яго.
Хаваюць сёння беларуса,
Як зерне сеюць па раллі,
І як яно: як не раструсяць –
Не ўзродзіцца ўжо на зямлі.
Хаваюць сёння беларуса…
А можа сеюць на вякі?!
І па-славянску з правае рукі
Зямелькі сыпнуць
па тры жменькі,
Заб’юць ў труну па два цвікі…
Хаваюць сёння беларуса,
А можа сеюць на вякі?!
О, Госпадзі Ісусе,
Будзь міласціў,
Дапамажы
Душы яго спакой знайсці!
Верш гарадзенскага кам-пазітара і паэта Я. Петрашэвіча, карэкцыя са скаротам 2021 г. па-эта І. Будніка (верагодна, упер-шыню прагучаў на пахаванні А. Цыхуна ў сакавіку 2005 года.)
Пасля развітання на могілках і вяртання ў Гародню, у кавярні “Верас” усе дзяліліся ўспамінамі пра цудоўную матулю, бабулю, сяброўку. Было вельмі шмат выказана ўдзячных слоў на яе адрас ад родных і сяброў, слёз, бо і родныя, і сябры даведаліся шмат новага пра сп. Сафію, яе доўгае жыццё насычанае шматлікімі і цікавымі падзеямі. Кіраўнічка хору “Бацькаўшчына” Вера Кунцэвіч распавяла пра свайго сына, якога дапамагала выхоўваць сп. Сафія, калі яна шмат рэпеціравала са сваім хорам, таму дасягненні хору – гэта і яе вялікая заслуга. Сціплая Ніна Шаставіцкая і іншыя ўдзельніцы хору плакалі пасля шчымлівых расказаў выступоўцаў, у якіх сп. Сафія праявіла свае нейлепшыя чалавечыя якасці, не-каторыя з якіх перадаліся і сыну, і ўнучцы. Яна сапраўды шмат каму ў цяжкі час замяняла нашых матуль, якія адышлі ў вечнасць. Адначасова сп. Сафія захавала ясную памяць і выдатна арыентавалася ў гарадзенскім грамадскім жыцці, цікавілася і замежнымі навінамі….
Шкада, што мы больш не наведаем гаспадыню “Беларускай гасцёўні” з цудоўнай і сціплай усмешкай у гарадзенскім мікрараёне “Людзі на балоце”. Няхай легкай будзе родная зямліца ў родным знакавым месцы, дзе Свіслач з левага боку злучаецца з Бацькам-Нёманам…
Сябры Гарадзенскага ТБМ выказваюць шчырыя спачуванні родным і сябрам спадарыні Сафіі! Вечная памяць!
Алесь Крой.