7 ліпеня на 68-м годзе пайшоў з жыцця мужны патрыёт Беларусі Віталь Ешану.
Віталь (па-пашпарце – Віктар) Рыгоравіч Ешану нарадзіўся 13 красавіка 1954 года ў Слоніме. Ягоны бацька з Малдовы, праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Слоніме, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, ды тут і застаўся.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Віталь два гады вучыўся ў Менску ў політэхнічным інстытуце, а потым 42 гады – з 1973 па 2015 год – працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы рабочым, а апошнія гады (пасля выдалення адной ныркі) працаваў у ахове фабрыкі.
– Ужо 28-мы год я працую на КПФ. Вучыўся, потым дабудоўваў фабрыку і манціраваў абсталяванне. З пуску фабрыкі працую ў кордачасальным цэху. З ёю звязана ўсё маё жыццё. Гэта – і мой горад, і мая фабрыка. Я з гонарам называю фабрыку сваёй. Мне не абыякава, якая яна была, якая яна цяпер, і што нас чакае ў будучыні, – так у жніўні 2000 года ў інфармацыйным бюлетэні першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага работнікаў ААТ “Слонімская КПФ” Віталь патлумачыў, чаму пачаў займацца Свабоднымі прафсаюзамі.
Суполка СПБ на Слонімскай КПФ была створана ў пачатку 2000 года па ініцыятыве В. Ешану. З траўня 2020 года суполка выдавала інфармацыйны бюлетэнь “Камвольшчык”, рэдактарам якога быў Віталь. Па прыкладзе камвольшчыкаў, у Слоніме паўсталі яшчэ тры суполкі СПБ. Праз два гады адміністрацыі прадпрыемстваў пазбавілі суполкі Свабодных прафсаюзаў юрыдычнага адраса, што азначала забарону на афіцыйную дзейнасць.
У інтэрв’ю “Газеце Слонімскай” у ліпені 2020 года В. Ешану так сказаў пра тыя часы:
– Ні начальства, ні ўлады ніяк не рэагавалі на маё сяброўства ў адной з сацыял-дэмакратычных партый. Але калі я выйшаў з федэрацыі і ўступіў у Свабодны прафсаюз Беларускі, арганізаваў і ўзначаліў першасную арганізацыю на КПФ Слоніма, дык адчуў усё “хараство” ўлады. Запужванне, пагрозы, выклікі ў пракуратуру, КДБ, вобшукі. Галоўнае, што дапамагло выстаяць, гэта падтрымка сяброў першаснай арганізацыі, у пераважнай большасці жанчын, салідарнасць людзей, маральная падтрымка. Нават пасля ліквідацыі ячэйкі.
У 2004 годзе Віталя і яго жонку Ліду напаткала вялікае гора – пасля працяглай анкалагічнай хваробы памёр іх малодшы сын, 21-гадовы Юрась. Віталь з удзячнасцю згадваў рабочую салідарнасць падчас лекавання сына – маральную і матэрыяльную падтрымку сяброў дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі, асабліва падтрымку шахцёраў Салігорска.
Для нас, паплечнікаў і сяброў Віталя па духу, па душы, для многіх людзей у Слоніме і па ўсёй Беларусі Віталь Ешану – яркая, неардынарная асоба. Віталь – знакавая постаць у найноўшай гісторыі Слонімшчыны. Рамантык і летуценнік, і, адначасова, бунтар і бескампрамісны барацьбіт, які ўсё называў сваім імем: дабро – дабром, зло – злом, годных людзей – годнымі, падлюгаў – падлюгамі.
25 гадоў таму, у 1996 годзе, гаспадар лецішча ў вёсцы Паўлавічы Слонімскага раёна Віталь Ешану застрахаваў гэтую сваю вясковую будыніну толькі таму, што работнік Белдзяржстраху Міхась Варанец размаўляў па-беларуску*. Для Віталя не існавала словазлучэння “Какая разніца!”. І гэта не толькі адносна нашай мовы. Для Віталя была розніца, які сцяг, герб, была розніца, хто, што за чалавек ва ўладзе, і хто, што за чалавек побач з ім. Таму не дзіўна, што летам-восенню 2020 года В. Ешану апынуўся ў эпіцэнтры драматычных падзей, якія, як і па ўсёй краіне, разгарнуліся на Слонімшчыне, а ў лістападзе таго ж 2020 года адбыў 7-суткавы адміністрацыйны арышт. Не дзіўна, што пасля названых драматычных падзей Віталь са студзеня 2021 года стаў падпісчыкам “Нашага слова” – галоўнай беларускай газеты на беларускай мове.
Адкуль гэта?! Такі характар, такая натура! Мабыць жа, ад бацькі і маці. А мо яшчэ, кажучы словамі яго любімага паэта Уладзіміра Высоцкага, у дзяцінстве Віталь прачытаў тыя, што трэба, кніжкі…
“Шлях ці труна? Ізгой ці небыццё?
Так, выбар небагаты перад намі.
Даруюць нам маруднае жыццё,
Мы з ім скаваны моцна кайданамі.
Але ж ці то жыццё – што ў ланцугах?
Хіба то выбар – калі ты скаваны?” –
пісаў калісьці Высоцкі**.
Віталь Ешану жыў і памёр не скаваны, без ланцугоў. Такім яго мы будзем помніць.
З кастрычніка 2020 года Віталь стаў слабець. Сэрца. Пахавалі яго 9 ліпеня ў Слоніме на могілках Чырвоных Партызан побач з магілай сына Юрася.
* Тады не было абавязковага страхавання, а толькі добраахвотнае.
** Радкі з верша У. Высоцкага “Выбар”, у перакладзе Міхася Булавацкага.
ХАВАЮЦЬ БЕЛАРУСА
Хаваюць сёння беларуса –
Часцінку роду майго.
А колькі ўсіх на свеце палягло!
О, Госпадзе Ісусе!..
Хаваюць сёння беларуса,
Часцінку роду майго.
Хаваюць сёння беларуса,
І стала менш на аднаго.
Паплачуць людзі… Што з таго?
Хаця слязінкі, паўшыя
у дол нябожчыка глыбокі,
Уздымуцца, і з белых воблакаў высокіх
Паведаюць Усявышняму пакутнасці яго.
Хаваюць сёння беларуса,
І стала менш на аднаго.
Хаваюць сёння беларуса,
Як зерне сеюць у раллю.
І як яно пакуль не ўмрэ –
Не ўзродзіцца.
Хаваюць сёння беларуса,
Як зерне сеюць у раллю.
Хаваюць сёння беларуса,
А можа, сеюць на вякі?
І па славянску з правае рукі
Зямелькі сыпнуць па тры жменькі,
Чатыры ў труну заб’юць цвікі.
Хаваюць сёння беларуса,
А можа, сеюць на вякі?
Хаваюць сёння беларуса,
Як пасланца ў Сусвет нябачны,
І так ці гэтак, не іначай,
Аддзеліцца душа ад цела,
Як з вогнішча аддзеліцца ахвярны дым.
Наколькі цяжка тут было на свеце белым,
Настолькі лёгка будзе ёй на свеце тым?
О, Госпадзе Ісусе!
Хаваюць сёння беларуса…
Гасподзь, будзь міласціў,
Дапамажы
Душы яго спакой знайсці.
Гэты верш Яўгена Петрашэвіча ў памяць пра Віталя Ешану прапанаваў апублікаваць падпісчык “НС” са Слоніма Пятро Жукоўскі.
Міхась Варанец, сябар.