Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Летнія вандроўкі “Экватара”. Гудзевічы – 2021

Летнія вандроўкі “Экватара”. Гудзевічы – 2021

13 ліпеня 2021, 20:05 Культура 52
Летнія вандроўкі “Экватара”. Гудзевічы – 2021

Для тых, хто цэніць родную спадчыну, назва Гудзевічы мае сакральны сэнс. У гэтае мястэчка, што на Гарадзеншчыне, невялікі літаратурны дэсант “экватарцаў” здолеў патрапіць у госці 23 чэрвеня 2021 года. А славяцца Гудзевічы на ўсю Беларусь і далёка за яе межамі сваім музеем, які ў 1968 годзе на базе мясцовай сярэдняй школы заснаваў настаўнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Алесь Мікалаевіч Белакоз. Спачатку музей быў літаратурным, а праз некалькі дзесяцігоддзяў стаў дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым.

Прадстаўнікоў літаратурнага клуба “Экватар” гасцінны калектыў установы культуры прымаў у самае “пекла” надвор’я – было вельмі горача. На ганку сустракала гасцей старшы навуковы супрацоўнік Мая Антонаўна Сідар. Разагрэтыя чэрвеньскім сонцам і размораныя спёкай пісьменнікі Інга Вінарская, Мікалай Іваноўскі, Тамара Мазур і Вячаслаў Кор-бут, крыху ажыўшыя ў прахалодзе памяшкання музея, зрабілі літаратурнае выступленне перад сабраўшыміся ў спецыяльнай зале музея слухачамі, сярод якіх былі вучні мясцовай сярэдняй школы, жыхары Гудзевічаў, супрацоўнікі літаратурна-краязнаўчага музея, а таксама Гудзевіцкай сельскай бібліятэкі. Сярод прыйшоўшых на літаратурную імпрэзу была і Вера Ігнатаўна Белакоз, удава славутага заснавальніка музея, якая і дагэтуль жыве ў Гудзевічах. Як адзначыла дярэктар музея Вікторыя Сяргееўна Палойка, з-за пандэміі літаратурных мерапрыемстаў даўно не праводзілася, таму гэтая сустрэча з прафесійнымі пісьменнікамі была вельмі чаканая.

Праводзіў імпрэзу і знаёміў прысутных з прыехаўшымі аўтарамі кіраўнік літаратурнага клуба “Экватар”, паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён звярнуўся да прысутных на мерапрыемстве вучняў, каб тыя беражліва ставіліся да спадчыны продкаў, любілі і шанавалі родную мову, не баяліся складаць свае творы па-беларуску. Далей Вячаслаў коратка распавёў пра працу суполкі, гісторыю заснавання клуба “Экватар”, паказаў слухачам самы першы нумар альманаха “Літаратурны экватар”, прачытаў некалькі сваіх баек і лірычных вершаў, сярод якіх быў і паэтычны твор пад назвай “Дарогі Радзімы”:

 

Дарогі Радзімы ўсё туляцца ў змроку,

Пад раніцу іх туманы праглынаюць.

Ім моляцца зоркі ў тым небе глыбокім

За наш беларускі абсяг каравайны.

 

Іх шмат па мястэчках і вёсках маленькіх,

Зусім непрыкметных ля смелых рачулак,

Яны адгукнуцца суніцамі ў жменьках,

Ля самых ваколіц Слабодак, Пачуек.

Вяргіні ля хатак у Старыцах, Бродках,

Залескіх сцяжынак рамонкі ў суквецці

Парадуюць водарам хмельна-салодкім,

Смачнейшым ва ўсім неабсяжным сусвеце.

 

Іх крокамі нельга паўсюдна адмераць,

Яны – як пульсары на целе краіны,

Хаваюць гісторыі родаў і веры

Ва ўсе залатыя ці змроку часіны.

 

Дарогі Радзімы, звязаныя ў сэрцах

Усіх пакаленняў, – ад краю да краю.

У часе маім рэха іх адзавецца –

Там кожны свой лёс патаемны спаткае.

 

Вялікую цікаўнасць у гудзевіцкай публікі выклікала выступленне паэткі, перакладчыцы, журналісткі, шэф-рэдактара альманаха “Літатурны экватар” Інгі Вінарскай, якая распавяла пра аўтараў альманаха, гісторыю яго сталення, пра супрацоўніцтва “Экватара” з Акадэміяй навук Беларусі, пра ўзнагароды суполкі і публікацыі ў прэсе, прысвечаныя дзейнасці клуба. Інга прачытала некалькі сваіх лірычных вершаў, а потым зазначыла, што ў такую спякоту вельмі хочацца дажджу, нават залевы, і прысутныя пачулі верш пра летні дождж. Дарэчы, забягаючы крыху наперад, можна сказаць, што дажджы і ў Гудзевічах, і па ўсёй Гарадзеншчыне пайшлі праз два дні пасля літаратурнай імпрэзы “Экватара”, і моцная спякота спала.

 

Сусвет прыціх прад подыхам дажджу

Замёрлі рухі велічных стагоддзяў,

Паветра змоўкне, згледзеўшы мяжу

Залевы, мкне дзятва ад непагоды.

 

Сцяна вады – цудоўнай сілы вір,

На каштанах аж свечкі задрыжэлі,

Таполі дождж імкнуцца блаславіць,

Да неба іх маркоты паляцелі.

 

Пірамідальна струнаў чуўся звон…

Вада, вада – там шэпат, шамаценне…

У лужы дзень свой накіруе скон,

Свой вопыт і энергію сталення.

 

І час перад дажджом – цудоўны міг

У покрыве той Боскае залевы…

Вялікі свет! Шчаслівы, хто спасціг

Яго красу – у гэтых летніх спевах!

 

Далей слова атрымаў мясцовы паэт, аўтар некалькіх кніг паэзіі і баек Мікалай Пятровіч Іваноўскі, што жыве недалёка ад Гудзе-вічаў – у прыгожай і маляўнічай вёсцы Пачуйкі, дзе займаецца ўласнай гаспадаркай, вялікую частку якой складае пасека. Мікалай Пятровіч распавёў пра асбістае сяброўства з заснавальнікам музея Алесем Мікалаевічам Белакозам, чалавекам славутым на ўсю Беларусь, гарачым прыхільнікам беларускай мовы, літаратуры і культуры, а потым прачытаў шэраг сваіх баек і вершаў, сярод якіх быў верш пад назвай “Вішня”, прысвечаны памяці маці аўтара:

 

Прыгожая вішня расце каля брамы,

То памяць матулькі, ад нашае мамы.

Бялёсую травень адзене сукенку

І вішаньку зробіць чароўнай паненкай.

 

Красуе букетам яна каля бруку,

Страчае з дарогі і гладзіць нам рукі.

Улетку прывабіць гасцінцам прахожых,

Твар дзецям фарбуе і зробіць прыгожым.

 

Вітае здаля сваім сонечным плодам –

Ласунак суседзям і нашаму роду.

Тут ветрык вішнёвай галінкай ад мамы

Штодзённа вітае і шле тэлеграмы.

 

Варэннем зімою нас вішня частуе,

Нібы ад хваробы нас мама ратуе.

Пладовыя дрэвы садзіце ля хаты.

Нясуць яны памяць і будням, і святам.

 

Потым выступала паэтка, пісьменніца, журналістка Тамара Мазур. Яна расказала пра сваю новую кнігу “Скідляне, скідзельцы, скідзельчане”, пра гісторыю яе напісання, пра герояў выдання, а таксама пра вялікі ажыятаж, што выклікала кніга ў скідзельскага чытача. Далей Тамара Мазур прачытала прысутным падборку сваіх лірычных вершаў. Пра паэтычны твор “Паланэз Агінскага” Тамара Міхайлаўна гаварыла асобна, і зазначыла, што яго трэба чытаць пад музыку гэтага знакамітага кампазітара:

 

О, Паланэз! Залессе… баль…

Я тут – у зорнасці мелодый.

І хоць няма для свят нагоды,

І сэрца зноў ахутаў жаль,

Я тут – ва ўлонні асалоды.

 

У гэту непагадзь з дажджом,

У буру, што сасну зламала,

Ступіць сюды пашанцавала,

Як быццам гэта быў мой дом…

Ах, як яго мне не ставала!

 

О, Паланэз – працяг жыцця!

І ўжо зусім няма прычынаў,

Каб не сказаць пра тое сыну,

Што час не гасіць пачуцця

 

Любві да велічнай Айчыны.

Любоў – нязгасны наш агмень,

Яна ў ліцвінскіх моцных жылах,

Ад нашых продкаў, іх магілаў,

З калень што ўздымуць кожны дзень…

Любоў – узмах магутных крылаў.

 

О, Паланэз! Залессе… баль…

 

Напрыканцы літаратурнай імпрэзы ў Гудзевіцкім музеі Вячаслаў Корбут падзякаваў прысутных і супрацоўнікаў музея за добры прыём і пажадаў і надалей працягваць традыцыі захавання роднай спадчыны, закладзеныя славутым Алесем Мікалаевічам Белакозам.

Але для пісьменнікаў, прыехаўшых у Гудзевічы, на гэтым канцэртная праграма не завяршліся. Выступоўцаў запрасілі ў мясцовую бібліятэку, што знаходзіцца побач з музеем, дзе ўсіх прывітала бібліятэкар Валянціна Уладзіміраўна Пронька. Там нашыя аўтары выступілі перад чытачамі бібліятэкі, распавялі пра свае творчыя здабыткі, падзяліліся ідэямі і ўражан-нямі ад наведвання Гудзевічаў, выканалі свае творы. Прычым, Тамара Мазур і Інга Вінарская чыталі пераважна лірычныя вершы, а Вячаслаў Корбут і Мікалай Іваноўскі радавілі і смяшылі прысутных сваімі гумарыстычнымі творамі. Завяршылася сустрэча ў бібліятэцы агульнай фотасесіяй.

Пасля гасцей-літаратараў чакала цікавая і змястоўная экскурсія па залах і будынках Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, дзе выступоўцы змаглі дакрануцца да глыбінь жыцця беларускага народа, роднага краю. Правяла экскурсію асабіста дырэктар музея Вікторыя Сяргееўна Палойка. 

Пісьменнікаў уразіла сабараная багатая літаратурная калекцыя музея, цікавы расповед пра этнаграфічныя экспанаты, ткацтва, выраб дываноў, пра захоўванне традыцый продкаў. Вялікую цікавасць для літаратараў прадставіў агляд старажытнай сялянскай хаты канца ХVІІІ стагоддзя, дзе госці падрабязна пазнаёміліся з побытам беларускіх сялян, традыцыямі і звычкамі нашых продкаў, умовамі жыцця і выкарыстаннем сродкаў побытавага характару.

Адметна тое, што ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчага музея ў Гудзевічах была рэалізавана ў жыццё як самім Алесем Мікалаевічам Белакозам, так і рупнымі намаганнямі ягоных вучняў і супрацоўнікаў установы. У музеі можна атрымаць звесткі пра асноўныя вехі развіцця беларускай нацыянальнай культуры, тут арганічна прадстаўлена інфармацыя пра літаратараў і мастакоў Гарадзеншчыны. Усяго ва ўстанове культуры створана дзесяць залаў, частка з якіх прысвечана літаратурнай спадчыне, а частка – гісторыі ткацтва і ткацкіх вырабаў. Дарэчы, у музеі знаходзіцца некалькі сапраўдных кроснаў, прычым усе яны ў працоўным стане: на іх вырабляюцца тканыя вырабы ў розных тэхніках. Асаблівай увагі заслугоўвае адноўленая ў Гудзевічах тэхналогія падвойнага ткацтва дываноў, прычым гэтай тэхналогіі тут могуць навучыць усіх ахвочых. За ткацтва ў музеі адказвае старшы навуковы супрацоўнік Лілея Іосіфаўна Рэйшаль, якая, дарэчы, віртуозна спраўляецца з усімі відамі кроснаў і ткацтва.

Напрыканцы змястоўнай экскурсіі прыехаўшыя аўтары і супрацоўнікі музея абмяняліся падарункамі, кнігамі, паштоўкамі, аўтографамі, пажадаўшы адзін аднаму плёну, поспехаў і новых добрых сустрэч на ўдзячнай Гудзевіцкай зямлі.

Паэты, пісьменнікі, журналісты

Інга Вінарская і Вячаслаў Корбут.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас