Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Спявай, маё сэрца, у родную мову ўлюбёнае…

Спявай, маё сэрца, у родную мову ўлюбёнае…

7 ліпеня 2021, 20:51 ТБМ 43
Спявай, маё сэрца, у родную мову ўлюбёнае…

6 ліпеня спаўняецца 80 гадоў сябру Валожынскай суполкі ТБМ, настаўніцы, арганістцы касцёла Адведзінаў Найсвя-цейшай Дзевы Марыі ў Вішневе, творчай асобе Трапашцы Марыі Іосіфаўне.

З нагоды шаноўнага юбілею мы, сябры Валожынскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны, віншуем Вас, спадарыня Марыя, жадаем ласкі Божай, моцнага здароўя і здзяйснення творчых задум на дабро людзям і Бацькаўшчыне. 

 

Нарадзілася юбілярка ў в. Навасёлкі Вішнеўскага с-с Валожынскага р-на ў простай, працавітай сям’і Гаўрысоў, дзе выхаванне ішло строга, без патакання. Змалку запомніліся паходы ў Вішнеўскі касцёл, дзе маці Браніслава Антонаўна любіла спяваць падчас святой імшы. А спявала хораша, з пачуццём. Здольнасць і цяга да музыкі ад маці перадаліся і дзецям. Брат Баляслаў  майстраваў струнныя музычныя інструменты, на якіх сястра Марыя вучылася іграць. Відаць, з таго часу і з’явілася мара звязаць свой лёс з музыкай, з песняй. І да здзяйснення сваіх мар яна ідзе настойліва і мэтанакіравана: вучоба ў вячэрняй школе, курсы баяністаў, вучоба ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, дзе асвоіла ігру на фартэпіяна, любіла спяваць у хоры. Потым вучоба на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, праца ў клубе, школе… 

Асаблівую асалоду прыносяць спевы і ігра на аргане ў касцёле. Тут, у храме, душа найбольш адчувае ўзвышэнне і супакой, бо бліжэй да Бога, тут  чалавек найлепш разумее сэнс свайго прыходу на гэты свет і настройваецца на рэалізацыю Божага дару. А дар юбілярка мае і музычны, і паэтычны. Яшчэ з юнацтва захапляецца паэзіяй, піша вершы на роднай мове, любоў да якой глыбока запала ў сэрца. Падбірае мелодыю да ўласных твораў і твораў іншых паэтаў, як землякоў-аматараў, так і масцітых творцаў, такіх, як Ніл Глевіч, М. Дукса і інш. Робіць пераклады з іншых славянскіх моў, апрацоўвае традыцыйныя беларускія касцёльныя песні…

Галоўны накірунак яе творчасці ярка выражаны –  беларуская духоўная песня, напоўненая ціхай радасцю, супакоем, а часам  шчымлівым болем і трывогай… Яе творы – гэта сінтэз, сугучча мелодыі, слова, веры, якія кранаюць сваёй шчырасцю, сардэчнасцю, пранікнёным лірызмам. Гэта тое, што даецца ад Бога.  А каб упэўніцца ў гэтым, варта пагартаць  зборнікі – плён яе высакароднай працы, іх чатыры: першы – Зборнік рэлігійных песень (словы і музыку напісала сама), які, дзякуючы намаганням Гая дэ Пікарда, выйшаў у Лон-дане і які зараз у нас выкарыстоўваюць у касцёлах, прыгадаю хоць бы песню “Не спі, абудзіся”; зборнік рэлігійных песень на вершы Віталя Кунашкі (ураджэнец Вішнеўшчыны) “Дакраніся да неба”; парафіяльны спеўнік “Багаславі нас, Маці”, прысвечаны святой памяці ксяндза Чарняўскага; зборнік песень  “Надзеі прамень” (на ўласныя вершы, вершы іншых творцаў), прысвечаны народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу.

Марыя Трапашка заўсёды ў творчым пошуку новых паэтычных радкоў, мелодый, якія сілкуюць яе жыццё, надаюць сілы, наталяюць душу… Адразу ж рэагуе на знакавыя падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Як шчырая  патрыётка і глыбока  веруючы чалавек, яна моцна перажывае за лёс Бацькаўшчыны, за лёс кожнага добрага чалавека. Вялікім болем і журбою адгукнулася яе чуйнае сэрца на смерць Рамана Бандарэнкі: нарадзілася песня “Ты выйшаў не ў двор ” як рэквіем па ўсіх загінуўшых (песню можна знайсці ў інтэрнэце). І ўвогуле, Марыя Іосіфаўна заўсёды была ў гушчыні  падзей, якімі віравала жыццё 80-90 гг. Перажывала за стан беларускай  мовы і пры патрэбе станавілася ў яе абарону. Хва-лявала пытанне адносна роднай мовы ў храмах Беларусі. З аднадумцамі падтрымлівала ксяндза Чарняўскага ў справе беларушчыны, уступіла ў грамадскую арганізацыю БКГ (беларуская каталіцкая грамада), у ТБМ імя Ф. Скарыны была з самага пачатку, яшчэ пры старшынстве Н. Гілевіча.

Працуючы ў Валожынскай школе-інтэрнаце, цяпло свайго сэрца аддавала дзецям-сіротам, клапацілася аб іх духоўнасці: многіх  давяла да першай споведзі, пахрысціла. З імі ж са спевамі ездзіла па Валожыншчыне, спявала ў храмах сталіцы, паспяхова выступала на песенным фестывалі хрысціянскай песні і музыкі ў Магілёве “Магутны Божа”, потым у Гер-маніі.  Марыя Іосіфаўна – мудры педагог і таленавіты мастацкі кіраўнік. Хоры, якімі яна кіравала (як дарослымі, так і дзецьмі), заўсёды станавіліся пераможцамі розных конкурсаў. Творчасцю яе цікавяцца і прафесійныя калектывы. Яе песні гучаць у выкананні Беларускай Дзяржаўнай капэлы, хору імя Г. Цітовіча. У далёкай Англіі, Германіі і, канешне ж, у сваім родным Вішнеўскім касцёле. І адметныя яны сваёй самабытнасцю, напеўнасцю, лёгкасцю ўспрымання мелодыі, што ўласціва традыцыйнай народнай беларускай песні.

Вось так усё сваё жыццё – разам з добрымі людзьмі, родным словам і песняй, аб чым сама аўтарка і гаворыць: “Спявай, маё сэрца, у родную мову ўлюбёнае…”

Людвіка Таўгень,

старшыня Валожынскай

суполкі ТБМ.

 

Маёй настаўніцы, калезе, духоўна багатаму чалавеку…

У жыцці кожнага знойдзецца чалавек, які пакідае свой значны след і добры ўспамін. Лёс звёў мяне з такім чалавекам неаднойчы. Першы – калі Марыя Трапашка прыйшла працаваць настаўнікам у Няроўскую школу ў далёкія 60-я гады. Маладая, узнёслая, незвычайна прыгожая, яна адразу заваявала нашы сэрцы. Як жа было не захапляцца, калі з-пад яе рукі пяшчотна лілася мелодыя, якая злівалася з мілагучным голасам. Дзякуючы ёй, мне ўдалося засвоіць музычную грамату і тэхніку ігры на баяне, што потым вельмі спатрэбілася. Другі – у Валожынскай школе-інтэрнаце, ужо калегамі. Ізноў нас з’яднала песня. І ўрэшце – у ТБМ, як аднадумцы, сябры…

 

Гучыць мая родная мова,

І вочы натхнёна гараць.

Мне хочацца цёплыя словы

За добрую працу сказаць.

 

За тое, што нам падарылі

Сугучнасць мелодый цішы,

Якія ўзнёсла ўсхвалілі

Бясконцасць і сціпласць Душы.

 

Заўсёды паслухаць прыемна,

Як песня ляціць у прасцяг,

І голас ліецца напеўна,

І сэрца шчыміць у грудзях.

 

Бо сэрца не можа іначай,

Яно не шукае спакой.

Са шчырай любоўю, душою гарачай

Вас бачым заўсёды такой.

 

Няхай жа гучыць наша мова

І вочы натхнёна гараць,

А цёплыя, шчырыя словы

Заўжды на Ваш адрас гучаць.

Галіна Гражынская,

сябра Валожынскай суполкі ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Свята ручніка ў Ваверцы
Культура

Свята ручніка ў Ваверцы

18 жніўня 2024, 06:2315
Творчасці чароўныя ніці нас з’ядналі ў дружную сям’ю
Культура

Творчасці чароўныя ніці нас з’ядналі ў дружную сям’ю

12 красавіка 2023, 22:2115
Далучайцеся да нас