Home
Культура

Людміла Кебіч: “Будзем сустракацца і надалей”

Людміла Кебіч:  “Будзем сустракацца і надалей”

У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, якое праходзіла ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, адбылася сустрэча членаў літаб’яднання з дэлегацыяй пісьменнікаў з Гародні: старшынёй Гарадзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людмілай Кебіч, намеснікам старшыні Дзмітрыем Радзівончыкам, дзіцячай пісьменніцай Ганнай Скаржынскай-Савіцкай. Пісьменнікі пазнаёмілі членаў “Суквецця” са сваёй творчасцю, са сваімі новымі кнігамі, якія выйшлі ў 2020-2021 гадах.

Нягледзячы на пандэмію каранавіруса, гэтыя гады аказаліся плённымі для пісьменнікаў Гарадзеншчыны. Только за паўгода выйшла 19 аўтарскіх кніг членаў Гарадзенскага абласнога аддзялення СПБ. Сустрэч з чытачамі ў гэты перыяд было меней, але з вясны бягучага года яны пачалі праводзіцца часцей.

Яшчэ ў 2019 годзе ўбачыла свет кніга вершаў Людмілы Кебіч “Бэзавы дом”, у якую ўвайшлі вершы пераважна пра радзіму, малую і вялікую, пра горад Гародню, пра дзяцінства паэтэсы. У другую прадстаўленую Людмілай Антонаўнай кнігу ўвайшлі такія вершаваныя формы, як трыялеты, тэрцыны, рандэлі. Азнаёміла паэтэса і з дзвюма сваімі новымі кнігамі для дзяцей: “У Марьяны сто фантазий” і “Про Алешку”.

Дзмітрый Радзівончык расказаў пра сваю паэтычную кнігу “Река безбрежная”, якую лічыць вяршыняй сваёй творчасці, а таксама пра кнігу крытычных артыкулаў “Навстречу попутному ветру”. Ганна Скаржынская-Савіцкая азнаёміла са сваімі новымі кнігамі для дзяцей: “Маме я несу букетик”, “А ў нас зорны час” (у гэтай кнізе ў даступнай і цікавай дзецям форме тлумачацца многія беларускія фразеалагізмы), “Сёма і адзінка”. Дарэчы, ілюстрацыі да сваіх кніг Ганна Іосіфаўна малюе сама.

Адзін экзэмпляр кнігі Дзмітрыя Радзівончыка “Навстречу попутному ветру” і 6-ы нумар літаратурнага альманаха “На нёманскай хвалі” былі падораны гасцямі з Гародні лідскаму літаратурнаму аб’яднанню на памяць аб сустрэчы. Прадстаўленыя кнігі пісьменнікаў у час сустрэчы лідскія паэты маглі набыць, і многія скарысталіся гэтай магчымасцю (хтосьці набыў нават некалькі кніг). Выкарысталі паэты Лідчыны і магчымасць пачытаць свае вершы гасцям з абласнога цэнтра, на месцы атрымаць кансультацыю ад прафесійных творцаў.

Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і літаб’яднанне “Суквецце” будуць працягваць супрацоўнічаць, і сустрэчы прадстаўнікоў аддзялення з паэтамі Лідчыны будуць перыядычна ладзіцца і  надалей. Госці заклікалі лідскіх творцаў наведваць сайт СПБ, удзельнічаць у творчых конкурсах і праектах грамадскага аб’яднання, па магчымасці прыязджаць у Гародню на творчыя кансультацыі.

Аляксей КРУПОВІЧ,

г. Ліда.

Previous article Дзейнасць Лідскай друкарні вачыма школьнікаў
Next article Вянок і кветкі Міхалу Валовічу

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201918
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202416
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016