Важны ўнёсак у справу перамогі над агрэсарам унёс і беларускі народ. На франтах вайны супраць Германіі ваявалі 1,3 млн беларусаў. Каля 400 выхадцаў Беларусі сталі генераламі і адміраламі. Многія з іх камандавалі ў ваенны час буйнымі злучэннямі арміі і флота: 1 – франтамі, 21 – арміямі, каля 50 – карпусамі, звыш 100 – дывізіямі. Сярод генералаў і адміралаў, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, – сталінскі маршал № 2, камандуючы Параду Перамогі Маршал Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі, легендарны кавалерыйскі генерал Л.М. Даватар, генералы Ф.І. Кузняцоў, А.І. Антонаў, Л.С. Бярэзінскі, В.Н. Бібікаў, В.Р. Вашкевіч, В.С. Галушкевіч, С.А. Красоўскі, Б.А. Пігарэвіч, віца-адмірал В.П. Дрозд, контр-адміралы П.А. Трайнін і Г.Н. Халасцякоў, генералы (пасля Маршалы Савецкага Саюза) В.Д. Сакалоўскі і І. І. Якубоўскі і многія іншыя.
Мужна ваявалі сыны беларускай зямлі і супраць японскіх мілітарыстаў. Так, выхадзец з Ляхавіцкага раёна генерал-маёр Г. Здановіч камандаваў дывізіяй, якая здзейсніла прарыў на глыбіню больш за 1000 км. Пры разгроме Квантунскай арміі праславіліся палкоўнік М. Барташоў, камандзір батальёна марской пяхоты Т. Пачтароў і інш.
На акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі ваявала з ворагам 374 тыс. беларускіх партызан і звыш 70 тыс. падпольшчыкаў. Дзейнічала 1255 партызанскіх атрадаў, з іх 997 уваходзілі ў склад 213 брыгад. За гады вайны партызаны і падпольшчыкі забілі і паранілі каля 0,5 млн гітлераўцаў і іх памагатых, знішчылі 11 128 варожых эшалонаў і 34 бронецягнікі, больш за 18 700 аўтамашын, разграмілі 29 чыгуначных станцый, 948 варожых штабоў і гарнізонаў, падарвалі і спалілі 819 чыгуначных і 4710 іншых мастоў, разбурылі звыш 7300 км тэлефонна-тэлеграфных ліній сувязі, больш за 300 тыс. рэек, збілі і спалілі на аэрадромах 305 самалётаў, падбілі 1355 танкаў і бранемашын, знішчылі 438 артылерыйскіх гармат, 939 ваенных складоў.
Актыўны ўдзел прымалі беларусы ў антыфашысцкім руху еўрапейскіх краін – Францыі, Італіі, Бельгіі. Так, на тэрыторыі Францыі дзейнічаў партызанскі атрад “Ягуар”, які ўзначальваў выхадзец з Магілёўшчыны В. Мяшкоў. Вядомасць атрымалі жаночы партызанскі атрад “Радзіма” на чале з мянчанкай Н. Лісавец, падпольная група мазырца В. Антоненкі і інш.
Змагаліся з ворагам выхадцы Беларусі і ў шэрагах войскаў саюзнікаў. Толькі ў складзе знакамітай арміі Андэрса, якая праславілася пры вызваленні Італіі, ваявала звыш 3 тыс. беларусаў. Нямала прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ваявала ў шэрагах амерыканскіх і ангельскіх экспедыцыйных войскаў.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў варожым тыле, каля 300 тыс. выхадцаў з нашай рэспублікі былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. 408 (441) выхадцаў Беларусі ганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. 65 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. 4 беларусы атрымалі званне Героя за ўдзел у разгроме мілітарысцкай Японіі.
У савецкім тыле на эвакуяваных прадпрыемствах працавалі 1,5 млн жыхароў Беларусі. Не шкадуючы сіл, яны ўносілі свой унёсак у справу разгрому ворага. Так, беларускія чыгуначнікі працавалі больш, чым на 40 магістралях краіны. З тэрыторыі БССР у глыб СССР было вывезена 120 буйных прадпрыемстваў і 14 прамысловых арцеляў, 60 навукова-даследчых інстытутаў, доследных гаспадарак, 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў і інш. Важныя для абароннай прамысловасці даследавання праводзілі беларускія навукоўцы Б. Ерафееў, А. Розін, С. Ліпатаў, А. Пракапчук, С. Дробных і інш.
Вікіпедыя.