У Гародні, у Занёманскай частцы горада, пражывае даволі сціплая і вельмі цікаўная да беларускага жыцця і культуры жанчына, былая настаўніца, майстрыха, якая перажывае за далейшы лёс Беларусі, за беларускую мову і культуру. Зваць спадарыню – Сафія па прозвішчы Дольская, па мужы – Вераб’ёва. Яна ў ліку першых у 80-я гады ХХ ст. далучылася да беларускамоўнай культурнай супольнасці Гародні. Нягледзячы на хваробы, яна шпацуруе каля дома, слухае і глядзіць радыё і тэлебачанне, праграму “Культура”, выпісвае і чытае газету “Наша слова”, цікавіцца беларускім культурным жыццём у Гародні, краіне і за яе межамі. Выгадавала сына-беларуса, які шмат гадоў займаўся кавальскай справай, аздобіў сваімі вырабамі прыватныя і дзяржаўныя ўстановы, храмы Беларусі, у прыватнасці, у Жыровічах. Не забываюць шаноўную бабулю і ўнукі, асабліва зараз, калі сяброўскія кантакты з-за Кавіду-19 дзеля ўласнай бяспекі былі часова прыпынены. Раней спадарыня Сафія актыўна наведвала культурныя беларускія мерапрыемствы ў горадзе, прымала ўдзел у справах мясцовага ТБМ, хадзіла на заняткі УЗВ, любіла турыстычныя вандроўкі па краіне, экскурсіі па старажытнай Гародні, яна застаецца і сёння адкрытай і шчырай да сяброў і сваіх родных, заўсёды вельмі радая гасцям…
…Нарадзілася спадарыня Сафія ў чэрвені 1931 года ў Свіслачы Гарадзенскага раёна. Мама і тата спадарыні Сафіі прыгожа казалі па-беларуску. Татка слова “мабыць” вельмі часта вымаўляў. У Свіслацкай школе вучылася таксама па-беларуску. Скончыла педвучылішча. У час вучобы памёр Сталін, і ўсе насілі жалобныя павязкі чорна-чырвона-чорныя, праз пару дзён нейкі хлопец зрабіў крытыч-ную заўвагу адной дзяўчыне, якая працягвала насіць павязку ў той час, калі ўсе іх паздымалі – з наступнага дня яго ў вучылішчы больш ніхто не бачыў. Такая была рэчаіснасць… у 50-я гады…. Потым сп. Сафія вучылася на вячэрнім аддзяленні Гарадзенскага педінстытута. Выкладаў у яе равеснік спадарыні Сафіі прафесар Аляксей Пяткевіч, сп. Гурло і іншыя. У 80-я гады ХХ стагоддзя хадзіла на “Паходню” са сваім былым вучнем, выдатным чалавекам і доктарам, светлай памяці, Міхаілам Адаміным, які працаваў ў санаторыі “Парэчча”, потым дапамагаў у час службаў святару ў Лашы. На “Паходні” муж універсітэцкай выкладчыцы Надзеі Іванаўны, беларускі вайсковец (абое родам са Случчыны) неяк ушчуваў прысутных, што не гавораць па-беларуску.
Пасля педвучылішча, спадарыня Сафія (так яе ахрысціў з яе слоў у 80-я гады сп. Мірановіч) пачынала працоўнае жыццё маладой настаўніцай у в. Рыбніца Гарадзенскага раёна і вельмі перажывала за беларускую мову, дзе сем’і вайскоўцаў і нават настаўнікі вызвалялі сваіх дзетак ад вывучэння беларускай мовы. Адчула маральныя непрыемнасці ў СШ № 2 калі пасля пераезду з вёскі ў Гародню, сына называлі “дзяроўняй” дзеці былых вайскоўцаў і зрусіфікаваныя гарадзенцы. Уладкавалася ў 80-я гады на працу прыбіральшчыцай у музей гісторыі рэлігіі і атэізму і там была вельмі ўсцешана, калі нейкі малады чалавек запытаў у музеі па-беларуску, як прайсці ў майстэрню да беларускамоўнага мастака-рэстаўратара Уладзіміра Кіслага, апошні і парэкамендаваў спадарыні Сафіі пераходзіць паступова на беларускую мову, якая без практыкі ўжо пачала забывацца. У час наведвання з Беластоку настаўнікаў і школьнікаў з мэтай пазнаёміцца з беларускай мовай у Беларусі і паслухаць экскурсію па-беларуску ў музеі не знайшлося на той час экскурсавода, знаўцы беларускай мовы. Спадарыня Сафія вырашыла паспрабаваць, кажа, нешта з гэтага атрымалася, беларусы з Польшчы пасябравалі з ёю і паехалі ў Жыровічы, дзе таксама давялося шукаць жыровіцкага семінарыста, знаўцу мовы для правядзення экскурсіі для беларусаў з Польшчы. Знайшла семінарыста Алеся Сакалова (прыехаў з Гомеля), які скончыў 2 курсы беларускага аддзялення філфака ў Гомельскім універсітэце, ведаў добра беларускую мову і выдатна правёў экскурсію па Жыровічах. Пазней прыехала экскурсія з Ленінграда і шукалі беларускамоўнага экскурсавода, зноў сп. Сафія яе правяла. Паступова налаўчылася іх праводзіць. Потым адбылося знаёмства з Данутай Янаўнай Бічэль-Загнетавай, якая дала пачытаць кніжку Ларысы Геніюш. Неяк прывезлі выставу мастака Алеся Ісачова, то сп. Сафія правяла экскурсію таксама па-беларуску, працавала ўжо ў зале. Нагледзяўшыся на сп.Сафію і Уладзіміра Кіслага, пачалі па-беларуску весці экскурсіі Ігар Ганчарук і некаторыя іншыя экскурсаводы з музея гісторыі рэлігіі і атэізму. “Вірус беларуса” пайшоў далей у людзі. Неяк былі госці з Польшчы – Яўген Мірановіч, які скардзіўся, што абышоў усю Гародню і не пачуў ніводнага беларускага слова і толькі спадарыня Сафія ў музеі правяла экскурсію па-беларуску, то ён параіў усім браць з яе прыклад… З таго часу сп. Сафія просіць сваіх сяброў яе так і называць – спадарыня Сафія!
… Напрыканцы першай дзесяцігодкі ХХІ стагоддзя, падчас нейкай сустрэчы, яна прапанавала сябрам абласной ГА ТБМ збірацца ў больш утульнай, хатняй атмасферы, тым больш, што жывём мы на адной вуліцы. Так мы і пасябравалі. Праз кароткі час, завітаўшы да спадарыні Сафіі, убачыў на сцяне вышытыя прыгожымі літарамі словы “Беларуская гасцёўня”. І хоць яна заўсёды і да гэтага была вельмі рада з любой нагоды арганізаваць прыемную атмасферу для сустрэчы сяброў, але словы “Беларуская гасцёўня” на сцяне пашыралі адказнасць перад наведвальнікамі і павышалі статус яе кватэры ў нашых вачах. Мастацкія палотна на сценах яе мужа-мастака гарманічна дапаўняюць утульнасць прасторы. У 2010 годзе яна актыўна ўдзельнічала ў самым першым наборы слухачоў “Універсітэта Залатога Веку”, вучылася ў “Акадэміі мастацтваў”, светлай памяці, у вядомага мастака Зміцера Іваноўскага.
Спадарыня Сафія заўсёды запрашае праводзіць Рады ТБМ у нефармальнай абстаноўцы. Радныя Таварыства беларускай мовы прыносілі ў “Беларускую гасцёўню” свае падарункі, з крамы, кухні, з лецішча, дапамагалі гаспадыні прыгатаваць розныя стравы. Перад такімі сустрэчамі мы часта абмяркоўвалі са спадарыняй Сафіяй нефармальную тэматыку пасля разгляду афіцыйных пытанняў ТБМ, запрашалі таксама іншых людзей беларускай культуры. Сустракаліся на Радуніцу пасля наведвання могілак адышоўшых у вечнасць нашых былых сяброў, святкавалі Дзень роднай мовы, сустракаліся ў час прыезду цікавых гасцей і пасля гарадскіх мерапрыемстваў. У “Беларускай гасцёўні” адразу знікала казённасць сустрэчаў, сціраліся ўзроставыя і прафесійныя бар’еры, людзі разнявольваліся і станавіліся больш шчырамі ў сваіх думках і справах. Спадарыня Сафія ніколі не навязвала ўласных планаў, але вельмі перажывала, каб усё было добра, старалася кожнаму дагадзіць пры падрыхтоўцы часткі стала і ўласнай прасторы, любіла паназіраць за цікавымі гутаркамі, зрэдку нешта прапаноўвала цікавае і самабытнае. Мы часта чыталі вершы любімых паэтаў, абмяркоўвалі іх, спявалі беларускія песні, глядзелі відэазапісы культурных падзей, народзінаў нашых сяброў. Хто тут толькі не пабываў! Беларускія пісьменнікі, навукоўцы, музыканты, паэты, дактары, настаўнікі і неабыякавыя да беларускай культуры беларусы. Вялікі дзякуй, што Вы ёсць разам з намі! Спадзяёмся, што некалі пандэмія скончыцца і мы будзем сустракацца часцей. Усе сябры Гарадзенскага ТБМ віншуюць Вас з юбілеем, шаноўная спадарыня Сафія! Моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця!
Ад імя сяброў ТБМ, старшыня Гарадзенскай гарадской Рады ТБМ
імя Ф. Скарыны,
Алесь Крой.