Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Памяці Аляксандра Уласава

Памяці Аляксандра Уласава

9 чэрвеня 2021, 07:36 Навука 55
Памяці Аляксандра Уласава

“Як стораж стаў  смела на варце

Радзімых запушчаных гоняў,

Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,

Што мы далей сеем сягоння.”

Я. Купала.

 

У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася навуковая  краязнаўчая канферэнцыя “Сейбіт праўды і веры”, прысвечаная памяці Аляксандра Уласава (1874-1941) – беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, выдаўца і публіцыста. Маладзечанскія бібліятэкары падрыхтавалі і выдалі матэрыялы канферэнцыі асобнай кніжкай, запрашальны білет і праграму падзеі, таму ўсе выступоўцы адразу атрымалі на памяць гэтыя цікавыя як па змесце, так па мастацкім афармленні, выданні. Асабліва парупіўся даследчык беларускай літаратуры і мастацтва Міхась Казлоўскі з Маладзечна.

Гэта, найперш дзякуючы яму, ужо 14-ы раз адбываюцца падобныя мерапрыемствы. Яны прысвячаліся Янку Купалу, Генадзю Каханоўскаму, Міколу Ермаловічу і іншым знакамітым беларусам. Удзельнікаў канферэнцыі “Сейбіт праўды і веры” шчыра віталі дырэктар бібліятэкі Марыя Стасяловіч і паэт Віктар Шніп сваёй баладай, прысвечанай Аляксандру Уласаву.

Пісьменнікі, навукоўцы і краязнаўцы Людміла Рублеўская, Андрэй Унучак, Сяргей Чыгрын, Міхась Казлоўскі, Яніна Грыневіч, Павел Каралёў цікава распавядалі пра постаць Аляксандра Уласава, пра яго як чалавека-міфа беларускага адраджэння, пра Уласава і арганізацыйнае станаўленне “Нашай нівы” (1906-1914 гг), пра шведскага місіянера Джона Віта, які быў знаёмы і сябраваў з Аляксандрам Уласавым, пра постаць Уласава ў рарытэтах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і пра іншыя тэмы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Аляксандра Уласава.

Унучатая пляменніца Аляксандра Уласава з Радашковіч Ірына Ніжанкоўская з захапленнем распавядала пра тое, што ёй некалі расказвалі маці і бабуля пра Аляксандра Уласава.

Сапраўды, Аляксандр Уласаў – асоба значная ў гісторыі Беларусі. Ён быў адным з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактарам-выдаўцом газет “Наша доля” і “Наша ніва”, часопіса “Саха”, краязнаўчага часопіса “Лучынка”, адным з заснавальнікаў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. Яму прысвяціў кнігу “Волат з Мігаўкі” пісьменнік Уладзімір Содаль.

Падрыхтавала Э. Дзвінская,

фота Аксаны Шпак.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5917
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0416
Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Грамадства

Касцёл на Беларусі прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

9 ліпеня 2024, 19:3215
Далучайцеся да нас