Мікалай Паўленка нарадзіўся ў Расіі. Са снежня 1943 года па жнівень 1949-га служыў у Савецкай Арміі. Будучы вайскоўцам, атрымаў сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры завочнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Праз год, дэмабілізаваўшыся, перавёўся на стацыянар.
У 1954 годзе Мікалай Паўленка, як лепшы выпускнік са схільнасцямі да навуковай работы, быў рэкамендаваны ў аспірантуру па кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства. З кастрычніка 1957 года ён працаваў на гэтай кафедры выкладчыкам, старшым выкладчыкам, затым дацэнтам, прафесарам.
Кандыдацкую дысертацыю аб словаўтварэнні ў беларускай мове назоўнікаў пры дапамозе суфіксаў -ств- і -осць (-асць) абараніў у 1958 годзе. Словаўтварэннем актыўна займаўся і пазней, вынікам чаго з’явілася доктарская дысертацыя аб развіцці беларускага субстантыўнага словаўтварэння (фемінінатывы XIV-70-х гг. ХХ стст.), якую абараніў у 1979 годзе.
Пры жыцці Мікалай Паўленка апублікаваў звыш 130 навуковых прац. Найбольш значныя былі прысвечаны дэрываталогіі. Манаграфія “Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове” (1978) атрымала высокую ацэнку спецыялістаў. Ён з’яўляўся аўтарам вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ, суаўтарам хрэстаматыі па ўводзінах у мовазнаўства, якая выдавалася некалькі разоў.
У 1985 годзе Мікалай Паўленка быў камандзіраваны ў Чэхаславакію ў якасці дырэктара філіяла Інстытута рускай мовы ў Празе. Там нечакана і памёр.
Мікалай Паўленка не толькі на высокім прафесійным узроўні чытаў лекцыі ў БДУ, праводзіў практычныя і семінарскія заняткі, але і вельмі ўмела кіраваў навуковай работай студэнтаў і выпускнікоў. Некалькі яго аспірантаў паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Тысячы яго студэнтаў сёння працуюць у Беларусі і ў іншых краінах свету.
Мікалай Паўленка не абмяжоўваецца толькі вучэбнымі і навуковымі абавязкамі. Ён прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: з’яўляўся членам двух спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, добрасумленна выконваў многія разавыя даручэнні, у прыватнасці па арганізацыі і правядзенні ва ўніверсітэце навуковых канферэнцый і сімпозіюмаў. Баявыя і працоўныя заслугі Мікалая Паўленкі былі адзначаны медалямі за ўдзел у Другой сусветнай вайне, Граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі.
Паводле СМІ.

