15 ліпеня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння беларускай грамадска-культурнай дзеячкі, пісьменніцы, асветніцы, педагога, выдаўца Алаізы Пашкевіч (Цёткі, 1876-1916).
Алаіза Пашкевіч належыць да таго пакалення беларускіх дзеячаў апошняй чвэрці XIX – пачатку XX стагоддзяў, якое ўнесла вялікі ўклад у айчынную культуру і літаратуру. У сваіх творах пісьменніца сфармулявала грамадскія ідэалы, выразна акрэсліла невычэрпны патэнцыял і веліч беларускага народа, гатоўнасць пераадольваць любыя перашкоды на шляху да лепшага жыцця.

Нарадзілася Цётка ў фальварку Пешчын Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер Шчучынскі раён) у шляхецкай сям’і. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю і ў 1894 годзе паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча Прозаравай. Пасля заканчэння шасці класаў з 1901 года настаўнічала. А пасля вучылася на курсах Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, потым экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі. Вярнуўшыся ў Вільню, Алаіза Пашкевіч працавала фельчарам у Нова-Вілейскай бальніцы. У час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў Цётка арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала з прамовамі па-беларуску на нелегальных сходах і мітынгах, пісала вольналюбівыя вершы. У траўні 1905 года яна была выбрана дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’езд жанчын у Маскве. Каб пазбегнуць арышту, у канцы 1905 года эмігрыравала ў Галіцыю, якая тады была ў складзе Аўстра-Венгрыі. Жыла ў Львове, дзе стала вольнай слухачкай гуманітарнага аддзялення філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта. У 1906 годзе ў Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага манастыра былі выдадзены зборнікі яе вершаў “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”, у якіх выкарыстаны паэтыка фальклорных твораў, народна-песенная сімволіка (вобразы музыканта, скрыпкі, дудкі). Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню, удзельнічала ў выданні газеты “Наша доля”. З 1908 па 1909 год беларуска жыла ў Кракаве. Вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Каб атрымаць навуковую ступень, напісала працу “Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай”, потым – брашуру “Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі” (1910). Некаторы час Цётка знаходзілася ў Закапанэ (Польшча), дзе праходзіла курс лячэння ад туберкулёзу, выязджала ў Германію, вандравала па Італіі.
У 1911 годзе паэтка вярнулася на Радзіму. У Вільні актыўна ўключылася ў грамадска-асветніцкую дзейнасць. З тэатрам Ігната Буйніцкага выступала як актрыса ў розных кутках Беларусі (удзельнічала ў спектаклях “Па рэвізіі” М. Крапіўніцкага і “У зімовы вечар” паводле Э. Ажэшкі). У 1914 годзе ў Менску заснавала і рэдагавала першы беларускі часопіс для дзяцей і моладзі “Лучынка”.

Падчас Першай сусветнай вай-ны Цётка працавала сястрой міласэрнасці ў Вільні, удзельнічала ў стварэнні дзіцячых прытулкаў, чытала педагогіку, гігіену і іншыя прадметы на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку студзеня 1916 года яна прыехала на пахаванне бацькі і засталася ў вёсцы. Лячыла землякоў у час эпідэміі тыфу, захварэла сама і 17 лютага памерла. На магіле пісьменніцы ў 1936 годзе быў устаноўлены помнік.
Літаратурнай дзейнасцю Цётка пачала займацца ў 1902 годзе пад уплывам творчасці Францішка Багушэвіча. Пісала пад рознымі псеўданімамі (Мацей Крапіўка, Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.). Самымі раннімі лічацца вершы “Лета” і “Восень” (датаваны 1902-1903 гг., упершыню апублікаваны ў зборніку “Скрыпка беларуская”). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты вясковай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У “Каляднай пісанцы на 1904 год” і “Велікоднай пісанцы” (1904) былі надрукаваны вершы “Мужыцкая доля”, “Мужык не змяніўся”, “Нямаш, але будзе”, “Музыкант беларускі”, прасякнутыя спачуваннем да цяжкай долі селяніна. Для яе твораў 1905-1907 гадоў характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы “Мора”, “Хрэст на свабоду”, “Вера беларуса”, “Пад штандарам” заклікалі на барацьбу з царызмам.

Асобным перыядам у літаратурнай дзейнасці Цёткі сталі 1908-1914 гады. Сярод вершаў, напісаных у гэты час, вылучаюцца “З чужыны”, “Грайка”, “На магіле”, “На чужой старонцы”, “Арлы-брацця, дайце скрыдлы”, “Сірацінка”, “Вясковым кабетам”, “Гаданне”. У іх пераважаюць матывы грамадзянскай журбы і смутку, тугі па Радзіме.
Цётка з’яўляецца адной з пачынальніц беларускай прозы. Яе творы адлюстроўваюць цяжкі вясковы по-быт (“Навагодні ліст”, 1908), настроі студэнцкай моладзі (“Зялёнка”, 1913), гаротны лёс дзяцей (“Міхаська”, 1914) і іншыя. У кнігу “Першае чытанне для дзетак беларусаў” увайшлі апавяданні, загадкі, прыказкі, прымаўкі для юных чытачоў. Асобную старонку яе творчасці складаюць дарожныя нататкі і нарысы, што з’явіліся пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю і Германію.
Літаратурная спадчына Цёткі – яркая старонка ў гісторыі беларускай культуры. Яе самабытны талент заўважыў Янка Купала і ў 1907 годзе прысвяціў верш “Аўтарцы “Скрыпкі беларускай””.

Творы Цёткі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, чэшскую, літоўскую, нямецкую і іншыя мовы. Да яе вобраза звярталіся многія прадстаўнікі айчыннай культуры і мастацтва. У гонар Цёткі пастаўлены помнікі ў Шчучыне, гарадскім пасёлку Астрына, вёсцы Хадзілоні Шчучынскага раёна, адкрыта мемарыяльная дошка ў Менску. Яе імем названа Астрынская сярэдняя школа (у 1982 г. там быў адкрыты музей), Шчучынская раённая бібліятэка, бібліятэка № 15 г. Менска, вуліцы ў Менску, Гародні, Лідзе, Маладзечне, Шчучыне.


***
Анекдот з вуліцай Цёткі ў Лідзе
У слаўныя і далёкія 80-90-я гады, калі раптам у краіне прайшлі альтэрнатыўныя выбары, у Лідскі гарсавет прайшло некалькі нацыянальнаарыентаваных дэпутатаў. Калі па краіне пайшоў рух па перайменаванні савецкіх вуліц, лідскія нацыянальныя дэпутаты таксама вырашылі надаць некаторым вуліцам імёны нацыянальных дзеячаў, у тым ліку, і імя Цёткі. Але супраць выступілі камуністы, якія заявілі:
– Нашто нам нейкая Цётка, у нас ужо ёсць Цэткін.
Ну здаецца б і ўсё. Можна смяцца. Аднак не – рана.
Справа ў тым, што і тады, і цяпер у Лідзе была і ёсць вуліца Алаізы Пашкевіч (злучае вуліцы Баграціёна і Гастэлы), але дэпутаты ці пра гэта не ведалі, ці Алаізу Пашкевіч з Цёткай не звязвалі.
Паводле СМІ.

