У летнім культурна-турыстычным праекце “Замкавы гасцінец”, як і раней, задзейнічаны і Дом Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Асноўным мерапрыемствам дома-музея ў рамках “Замкавага гасцінца” сёлета стане музейна-адукацыйная праграма “Музейная вітрына “Прамова прадметаў”” – перайначаная праграма “Літаратурны куфэрак “Любі, браток, родны куток””, якая праводзілася пазамінулым летам. Ідэя “Музейнай вітрыны” належыць куратару Дома Таўлая Алесю Хітруну, адказная за яе правядзенне – наглядальнік літаратурнага музея Ганна Драб.
– Новая музейна-адукацыйная праграма, – расказвае Алесь Хітрун, – з’яўляецца свайго роду рэпетыцыяй перад запланаванай выстаўкай, прысвечанай адначасова беларускаму алфавіту, словам беларускай мовы і прадметам побыту беларусаў – асобным прадметам з музейных фондаў. Кожны экспанат на выстаўцы будзе ўвасабленнем канкрэтнага беларускага слова, якое пачынаецца з той ці іншай літары. Некаторыя з гэтых назваў сёння ўжываюцца рэдка і не вядомыя маладому пакаленню. Наведвальнікі адчуюць прыгажосць роднай мовы і ў той жа час азнаёмяцца з гісторыяй прадметаў. Але гэта ў больш аддаленай перспектыве. А пакуль, на працягу лета, будучую выстаўку мы будзем апрабоўваць два разы ў месяц у двары Дома Таўлая, як бы разбіўшы яе на асобныя міні-выстаўкі, кожная з якіх будзе прысвечана канкрэтнай літары (або адразу дзвюм літарам) беларускага алфавіта. Паглядзім, як ацэняць новы праект наведвальнікі, ці будзе ён запатрабаваны. У выпадку дажджу “вітрыну” будзем пераносіць з двара ў калідор літаратурнага музея, а ўваходныя дзверы адчынім. Музейная вітрына “Прамова прадметаў” будзе дзейнічаць пры любым надвор’і. Вулічныя міні-выстаўкі будуць мець беларускае адценне, будуць знаёміць мінакоў з народным побытам. Праводзіць мы іх будзем праз суботу, з 10 да 13 гадзін.
Першая музейная вітрына “Прамова прадметаў” працавала ў двары Дома Таўлая ў мінулую суботу. Галоўнымі “героямі” міні-выстаўкі былі два прадметы на літару “А” – абрус і андарак (разнавіднасць спадніцы). Прысутнічалі і экспанаты, назвы якіх пачынаюцца з іншых літар: бохан хлеба, хлебная лапата, каласы, кляновы ліст. Аднак усе яны мелі прамое ці ўскоснае дачыненне да абруса і андарака, і аб гэтай сувязі апавядала наведвальнікам адказная за выстаўку Ганна Драб, як і аб гісторыі і прызначэнні кожнага прадмета. Планавалася змясціць на “вітрыне” і альбомы (таксама на літару “А”): сямейны, альбом прадпрыемства. Але ў выпадку дажджу альбомы б намоклі і пашкодзіліся, таму было вырашана абысціся без іх.
Наведвальнікам прапаноў-валася самім вызначыць на выстаўцы прадметы на літару “А” і назваць іх па-беларуску. Не кожны змог адразу, без падказак гэта зрабіць (асабліва вызначыць і назваць андарак). Тыя, каму гэта ўдалося, змаглі бясплатна наведаць экспазіцыю ў самім доме-музеі. Мінакам таксама прапаноўвалася сфатаграфавацца з прадметамі-“героямі” вулічнай міні-выстаўкі.
– Гэты абрус быў перададзены ў фонды нашага музея з Астравецкага раёна, – знаёміць з экспанатамі Ганна Мікалаеўна. – Арнамент на ім называецца “Багач” і сімвалізуе багацце, урадлівасць, таму невыпадкова на выстаўцы прысутнічаюць каласы, хлеб. А вось гэты андарак вытканы з воўны. Прадстаўлены на “вітрыне” і яшчэ адзін абрус – хлебны (на яго клалі хлеб). Пры выпечцы хлеба ў нашай мясцовасці выкарыстоўвалі кляновы ліст (каб хлеб не прыліп да лапаты, а яшчэ ліст надаваў хлебу асаблівы пах).
А яшчэ тыя, хто прыходзіў да музейнай вітрыны, даведваліся, што загорнуты ў абрус гарачы хлеб гаспадыня выкарыстоўвала ў якасці своеасаблівага праса для таго ж андарака. Такая вось сувязь паміж экспанатамі выстаўкі, прысвечанай літары “А”.
На наступнай музейнай вітрыне, якая будзе ладзіцца праз суботу, плануецца прадставіць асобныя музычныя інструменты – барабан, баян (на літару “Б”), – будуць і іншыя прадметы. А ўвогуле, музейна-адукацыйная праграма “Музейная вітрына “Пра-мова прадметаў”” будзе дзейнічаць да канца лета. Алфавіт за гэты час будзе прадстаўлены часткова – астатнім літарам, магчыма, будзе ўдзелена ўвага ў наступным сезоне “Музейнай вітрыны” – у рамках “Замкавага гасцінца” ўжо 2022 года.
Аднак не толькі вышэйзгаданай праграмай прыцягне наведвальнікаў Дом Таўлая на “Замкавым гасцінцы”. Бліжэйшыя праекты літаратурнага музея на гэтае лета – музычная хвілінка “Гучыць рэтрапласцінка” (5 чэрвеня, адказная – Дыяна Палубінская), “Хроніка падзей Вялікай Айчыннай вайны: агляд калекцыі выстаўкі “Ад плаката да парада”” (12 чэрвеня, адказная – Анастасія Каладзяжная). Кожную нядзелю для дзяцей будзе арганізоўвацца наведванне мемарыяльнага пакоя з своеасаблівай назвай “У Таўлая пабываем…” з гульнямі, забавамі (адказны – Алесь Хітрун).
Словам, гайда ў летнія выхадныя ў Дом Таўлая, не абмініце яго на “Замкавым гасцінцы”! Работнікі дома-музея запэўніваюць: будзе цікава і пазнавальна!
Аляксей КРУПОВІЧ,
г. Ліда.