Паважаныя кіраўнікі ўсіх партый і грамадскіх рухаў, уключна і Таварыства беларускай мовы, незалежна ад вашых светапоглядаў выразна і ясна заявіце беларускай нацыі і цывілізаванаму свету сваю пазіцыю па стратэгічнай галоўнай праблеме для яе выратавання ад поўнай асіміляцыі. І як вынік – страце рэальнага дзяржаўнага суверэнітэту. Ці падтрымліваеце вы ў Рэспубліцы Беларусь вяртанне ў Канстытуцыю артыкула аб адзінай дзяржаўнай мове ў монаэтнічнай Беларусі? Па выніках перапісу насельніцтва 2019 года ўстаноўлена: у нацыянальным складзе беларусы складаюць 84,9 %, рус-кія – 11,4%.
Пражыты беларусамі гістарычны час пасля аб’ектыўнага самароспуску СССР і адраджэння на яго развалінах суверэнных нацыянальных дзяржаў доказна засведчыў, што этнічная мова нацыі ёсць галоўная зброя для абароны рэальнага суверэнітэту ад інкарпарацыі дзяржавамі-суседзямі. Беларусь гістарычна існуе пад дзвюма знешнімі моўнымі пагрозамі – русіфікацыя і апалячванне. У часы першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь жыццядзейнасць грамадства аказалася пад агрэсіўнай унутранай русіфікацыяй на дзяржаўным узроўні. Гэта ўнікальная беларуская з’ява для сусветнай цывілізацыі цяжка вытлумачальная і пакуль што ёсць неразгаданы рэбус!
Каб нам – беларусам – быць заўважанымі ў суквецці народаў свету і паважанымі, трэба вярнуць на Бацькаўшчыну беларускамоўнае абслугоўванне ва ўсіх сферах афіцыйнага дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Навязанае ж сілай беларускай уладай у 1995 годзе так званае “двухмоўе” на сёння прывяло беларускую нацыю на мяжу нацыянальнай катастрофы: да завяршальнай асіміляцыі беларусаў. Час пасля незаконнага рэферэндуму яскрава і пераканаўча засведчыў: толькі канстытуцыйнае вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай можа спыніць і адвесці беларускую нацыю ад смяртэльнай асіміляцыі і страты рэальнага суверэнітэту дзяржавы Беларусь. Аб гэтым жа сведчыць і сусветная навука. Адвесці народ і дзяржаву Рэспубліка Беларусь ад смяртэльнай асіміляцыйнай багны здольны лідары беларускай нацыі са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю, гістарычнай адказнасцю і разуменнем сваёй персанальнай выратавальнай місіі.
У гэтым гістарычным працэсе Таварыства беларускай мовы ёсць арганічная частка беларускага грамадства. Мы пакуль што не асэнсавалі дзейнасць нашых папярэднікаў з Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй ва ўмовах вельмі агрэсіўнага апалячвання беларусаў. На жаль, апошнія 20 гадоў ліберальнае кіраўніцтва ТБМ не прыняло адэкватную стратэгію і тактыку сваёй дзейнасці ва ўмовах так званага двухмоўя і агрэсіўнай русіфі-кацыі і асіміляцыі беларускай нацыі.
Для ўмацавання нашага змагарна-выратавальнага духу прапаную ўспомніць і пастаянна помніць гістарычныя трагічныя эпахальныя даты асіміляцыі беларусаў на працягу апошніх стагоддзяў:
26 жніўня 1696 года. Усе-гульная канфедэрацыя саслоўя Рэчы Паспалітай прыняла смяротную для беларускай мовы Пастанову: беларуская мова ў Вялікім Княжстве Літоўскім выводзіцца са службовага справаводства, і пачынаецца паланізацыя (“усе рашэнні павінны складацца на польскай мове”). З афіцыйнага жыцця была цалкам выключана беларуская мова і запанавала польская.
1772 – 1793 – 1795 гады (акупацыя тры падзелы Рэчы Паспалітай). Прыйшоў у беларускі дом новы знешні акупант: Расейская імперыя. І пачалася больш, чым 140-гадовая смяротная русіфікацыя. Імперыятрыца загадала: “Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа”.
1839 год. Гвалтоўнае скасаванне нацыянальнай на той час уніяцкай царквы. З таго часу беларусы не чулі сваёй роднай мовы ні ў праваслаўных, ні ў каталіцкіх храмах.
Гісторыя пераканаўча зафіксавала, што чужыя мовы, якія панавалі на нашай тэрыторыі ў часы Рэчы Паспалітай (польская мова) і імперскай Расіі (русский язык), сталі магільшчыкамі беларускай мовы і беларускай культуры.
1917 – 1990 гады. Гістарычны час, калі беларускай мове дазвалялася пажыць спагадліва цывілізавана (БНР, БССР (міжваенная беларусізацыя); 1941-1944 гады – пакуль яшчэ намі не асэн-саваны.
Гістарычны час ад 26 студзеня 1990 года (прыняцця Закона аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове) і да 14 траўня 1995 года (правядзення крывадушнага майскага рэферэндуму) і міжваенны перыяд беларусізацыі – залатыя старонкі ў беларускай гісторыі.
Ад 14 траўня 1995 года і па сёння ідзе працэс глабальнай паралізацыі беларускага нацыянальнага арганізму без поўнакроўнага функцыянавання роднай мовы і культуры. Трэба надрукаваць пайменна прозвішчы 177 дэпутатаў з тых 185, хто галасаваў за правядзення рэферэндуму. Менавіта яны: “Пагадзіліся на ганьбаванне нашай мовы, каб сёння па кавалачках яе адраджаць і вучыць нашых дзяцей простым словам” (Аксана Колб “Новы час”, №18, 2021г.). На дзяржаўным узроўні ідзе актыўны працэс асіміляцыі беларусаў. Прывяду страшную для нас выснову К. Каўцкага: “…нацыя знікае… проста таму, што яна перастае гаварыць на сваёй мове, бо лічыць іншую мову больш для сябе мэтазгоднай”. (Каутский Карл. Национальные проблемы. Пг. 1918. С. 40).
Дзяржаўная татальная русіфікацыя – смяртэльны вораг беларускай нацыі. Пацверджанне таму:
– уладная вертыкаль з першых дзён свайго ўсталявання з самага высокага верху і да самага нізу пры выкананні сваіх канстытуцыйных функцыянальных абавязкаў спрэс не карыстаецца першай канстытуцыйнай беларускай мовай;
– юрысты і дэпутаты не пішуць Законы для беларусаў па-беларуску;
– беларускае войска, пры наяўнасці распрацаваных і зацверджаных у свой час статутаў і прафесійных слоўнікаў, жыве пад русским языком і не разумее, да прыкладу каманд РУБОН, ЗВАЖАЙ, КРОКАМ РУШ;
– сістэма адукацыі амаль цалкам зрусіфікавана. У Беларусі няма ніводнага! дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім бы беларус мог рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права атрымаць вышэйшую адукацыю ў сябе на радзіме на сваёй роднай мове.
Далей: куды не кінь – усюды клін! Алагічная сітуацыя: Канстытуцыйны суд, генеральныя пракуроры, канстытуцыйныя асобы, кіраўнікі Палаты Прадстаўнікоў і іншыя высокадзяржаўныя адказныя асобы маўчаць і невытлумачальна не хочуць акрэсліць сваю прафесійную адказную пазіцыю па сучасным катастрафічным становішчы беларускай нацыі.
Выснова: галоўнай прычынай агульнанацыянальнага і дзяржаўнага сістэмнага крызісу і сучаснай катастрофы з беларускай мовай, беларускай культурай, рэальным дзяржаўным суверэнітэтам і ўвогуле беларускай нацыяй ёсць выключна дзяржаўная палітыка Рэспублікі Беларусь з 1995 года. Гэта ў нашым летапісе самы змрочны гістарычны час.
Мікола Савіцкі,
прафесар.