Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Такі халодны – цёплы дзень. Прэзентацыя альманаха “Літаратурны экватар” № 9 (11)

Такі халодны – цёплы дзень. Прэзентацыя альманаха “Літаратурны экватар” № 9 (11)

18 мая 2021, 10:44 Культура 128
Такі халодны – цёплы дзень. Прэзентацыя альманаха “Літаратурны экватар” № 9 (11)

Дзень чацвёртага траўня 2021 года ў беларускай сталіцы па надвор’і выдаўся зусім не вясновым – было вельмі холадна. Прахалодна было і ў бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога, таму прыйшоўшыя на святочнае мерапрыемства госці не надта спяшаліся распранацца. Але добраму настрою сабраўшыхся ўвесь гэты холад не надта перашкодзіў: было шмат радасці, іскрыстага смеху і апладысментаў. А віталі ў той дзень у першай сталічнай бібліятэцы альманах “Літаратурны экватар” № 9 (11).

Гэты нумар выдання пабачыў свет у самым канцы мінулага 2020 года, але нешта ўсё перашкаджала зрабіць яму годную прэзентацыю. І вось – нарэшце. Дарэчы, наконт таго амаль зімовага холаду ў траўні шэф-рэдактар альманаха Інга Вінарская нават пажартавала: маўляў, пакуль альманах не адпрэзентуем, што ўзімку выйшаў, сапраўдная вясна ўвогуле не наступіць і цяпло не прыйдзе. Жарты-жартамі, але на наступны пасля прэзентацыі дзень, пятага ўжо траўня, у сталіцы значна пацяплела…

Ды вернемся ад містыкі ў рэальнасць, а дакладней, да прэзентацыі чацвёртага траўня. Распачала імпрэзу загадчыца бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога Лола Іназемцава. Яна звярнулася да прысутных са шчырай прамовай. Асабліва Лолу Юр’еўну парадавала вялікая колькасць моладзі на мерапрыемстве, а сабраліся ў той дзень на імпрэзу прадстаўнікі трох сталічных каледжаў у суправаджэнні сваіх выкладчыкаў. Спадарыня Лола расказала, што бібліятэку № 1 з літаратурным клубам “Экватар” звязвае доўгае і шчыльнае супрацоўніцтва, чаму яна вельмі рада.

Далей слова перайшло да непасрэднага вядоўца святочнай імпрэзы – да кіраўніка “Экватара”, пісьменніка і журналіста Вячаслава Корбута. Ён распавёў прысутным, што літаратурнаму клубу “Экватар” ужо адзінаццаць гадоў, і аб’ядноўвае суполка пад сваім дахам каля пяцідзесяці літаратураў рознага ўзросту і ўзроўню, прычым не толькі тых, хто жыве ў беларускай сталіцы, але і прадстаўнікоў ўсіх шасці абласцей Беларусі. Спадар Вячаслаў, узяўшы ў рукі асобнік альманаха, расказаў сабраўшымся, што на вокладцы выдання змешчана графіка знакамітага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Што ж тычыцца дызайну вокладкі, то рыхтаваўшая яго Інга Вінарская пастаралася ўпрыгожыць альманах каларытнымі беларускімі ўзорамі, што вельмі пасуе да ахраматычнай гамы выдання. І канешне, Вячаслаў Корбут прачытаў для аўдыторыі шэраг сваіх паэтычных твораў з новага нумара, сярод якіх быў і наступны верш:

Суніцаў пах і водар ліпы,

Спусціўся на зямлю жаўрук,

Усе паснулі, дуб са скрыпам

Пачуе ад чыгункі грук.

 

Успыхне зорка там на ўсходзе,

І знікне горыч дзён былых,

Залева ноччу луг адродзіць,

Маланкі не спужаюць слых.

 

Не спіцца… Кола часу ладзіць

Чарговую жыцця скрыжаль,

І лес прыціх, як на парадзе:

Хваінкі з жаху не дрыжаць.

 

І мне ўзгадаецца дзяцінства,

Як быццам там згубіўся свет,

Свет мараў, вобразаў адзінства,

Дзе мела ўсё заўжды сакрэт…

 

Шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская зазначыла, што пакіне за дужкамі ўсе тыя праблемы, якія суправаджалі выхад у свет новага нумара альманаха, бо не хоча пра гэта казаць на святочным мерапрыемстве. Але, па меркаванні спадарыні Вінарскай, нягледзячы ні на што, з кожным годам усё больш важкім становіцца “экватарыяльны” зборнік твораў. У нейкі момант з залы паступіла пытанне, чаму альманах мае падвоены нумар? У адказ спадпрыня Інга зрабіла спасылку на супрацоўніц Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія парэкамендавалі рэдакцыі альманаха ўказваць не толькі колькасць нумароў з міжнародным кодам ISSN, але і ўсю агульную колькасць выдадзеных нумароў. І тут справа ў тым, што да таго, як альманах атрымаў код ISSN у Парыжы, выйшла яшчэ два нумары без гэтага кода. Таму цяпер у выдання падвоены нумар. Потым Інга Вінарская прачытала прысутным некалькі вершаў з альманаха “Літаратурны экватар” № 9 (11).

Пераможаш – сцягнуць перамогу,

Не прызнаюць – вось такі пасаж.

Не заўважаць і спяюць замнога

Па загадзе гідкіх песняў марш.

 

Стаў вядомы, папулярны ў свеце,

Толькі на Радзіме – не залік:

Тут свае куміры ў дамкі мецяць,

Штучныя без палачкі нулі.

 

Што рабіць?

             Так жыць альбо змагацца?

Абыйсці як-небудзь гэты гной,

Заляпіць акенца брудам, здацца,

Каб акенца не было душой.

 

Альбо вылезці на барыкады,

Крыкнуць: libertе, еgalitе*…

І паслухаць, назавуць як гадам.

Вось тебе за ўсё – fraternitе**…

 

Ці мо з’ехаць, і пляваць на сродкі,

На бацькоўскай памяці цяжар…

Не вярнуць дзяцінства смех салодкі,

Толькі… ты не знічшыш продкаў дар.

___________________

*Свабода, роўнасць (франц.).

**Братэрства (франц.).

 

Малады, але ўдумлівы выканаўца ўласных песень пад гітару Кірыл Бандзерс захапіў аўдыторыю з першых акордаў. Яго музычна-паэтычныя творчасць – рамантычная, філасофская, узнёслая, але адначасова дастаткова жорсткая і супярэчлівая. У яго творчасці, як ні дзіўна, адчуваецца нейкі дух сярэднявечных балад і гераічных падзей. Музыка вельмі рытмічная, насычаная духоўнай праў-дай і пошукамі ісціны. Для прысутных спадар Кірыл выканаў шэраг сваіх песень пад уласны акампанемент шчырым і пранікнёным голасам.

Вясёлы і эпатажны, спрактыкаваны ў мастацкім слове паэт Глеб Ганчароў уцягнуў аўдыторыю ў свет сваіх творчых сюжэтаў, фантазій, разважанняў. Ягоныя паэтычныя творы вельмі інтэлектуальныя, насычаныя гістарычнымі падзеямі і ўласнымі аўтарскімі разважаннямі з элементамі іроніі і жарту. Але ў кожным паэтычным опусе адчуваецца сур’ёзны настрой і сувязь з цяперашнім часам. На заканчэнне свайго выступлення, напэўна, пад уплывам майскіх халадоў Глеб Ганчароў прачытаў верш “Снег”:

Снег вар’яваўся да зары,

Да дахаў, брам i раздарожжаў,

Паўсюль развесiўшы махры,

Якiх нiхто не растрывожыў.

 

Ён не спыняўся анiяк,

Падобны да смугi бяскроўнай,

I горад – белы, як мярцвяк –

Адпачываў пад ватнай коўдрай.

 

Снег падкрадаўся з глыбiнi,

З надхмар’я, з паднябеснай проднi;

У белым блiскалi агнi,

На дзень i ноч дзялiўшы соднi.

 

Снег засыпаў i засыпаў –

З напорам згубцы, лiхадзея…

Пужлiва горад засыпаў

Каханне, веру i надзею.

 

I знiклi ў свеце ўсе сляды

Ў маштабе даўняй эпапеi;

Снег падаў доўга – назаўжды,

Як попел падаў на Пампеi.

 

Паэт Вячаслаў Данілаў – даўні сябар літаратурнага клуба “Экватар”, чалавек, улюбёны ў мастацкае паэтычнае слова, таленавіты, разважлівы, удумлівы аўтар. Яго творы вы-значаюцца кароткай формай і вельмі насычаным, глыбокім сэнсам. Вячаслаў – паэт класічнага напрамку, добры, ветлівы і адкрыты чалавек. На прэзентацыі чацвёртага траўня Вячаслаў Данілаў чытаў свае новыя вершы і адказваў на пытанні зацікаўленых маладых слухачоў.

Наступны выступоўца Ігар Яўгенавіч Шыршоў, маючы шырокі досвед у філасофскай навуцы, паколькі ён кандыдат філасофскіх навук, літаральна заваражыў прысутных глыбокімі паэтычнымі разважаннямі пра рэаліі сучаснага непрадказальнага жыцця, пра яго сэнс і прызначэнне. А яшчэ Ігар Яўгенавіч – вялікі прыхільнік жанчын, і многія ягоныя вершы прысвечаны тэме кахання, сярод якіх і твор “Маленне”, што таксама прагучаў на майскай імпрэзе, прысвечанай альманаху “Літаратурны экватар”:

Пазаві, пазаві, пазаві!

Хоць на дзень, на гадзіну, на міг.

У свой час ты мяне адарві

Ад яшчэ не чытаных тых кніг,

 

Ад артыкулаў, дораць што сум,

І ад вольных ды дробных задум.

А яшчэ папрашу: не грашы,

Не разводзь дзве аблудных душы –

 

Яны стрэнуцца. Доля трымціць:

Дзве душы Бог з’яднае навек.

Дык чаму ж сэрца зноўку баліць?!

Ён без Бога слабы – чалавек…

 

Паэт Юрась Нераток – добры сябар “Экватара”, стваральнік розных творчых праектаў. Ён з цікаўнасцю ставіцца да новых паэтычных формаў і напрамкаў. Спадар Юрась – паэт-эксперыментатар, паэт-наватар. Ён прыхільнік вельмі каларытных колераў у адзенні і яркіх гальштукаў. На імпрэзе чацвёртага траўня Юрась Нераток выканаў шэраг сваіх новых твораў, чым вельмі зацікавіў моладзь.

Закрывала творчую імпрэзу даўняя сяброўка літаратурнага клуба “Экватар”, таленавітая паэтка і навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Таццяна Барысюк. Яна распавяла прысутным пра свой удзел у альманаху “Літаратурны экватар” і творчых праектах клуба. Таццяна адзначыла грунтоўнасць працы рэдакцыйнай калегіі альманаха, вызначыла высокі ўзровень яго літаратурнай і інфармацыйнай частак. Яна пажадала аўтарам, укладальнікам і рэдактарам альманаха “Літаратурны экватар” творчага плёну і ўдачы ў развіцці праекта. Напрыканцы Таццяна Барысюк прачытала некалькі сваіх вершаў з нізкі “Платанічнае каханне”.

Дарэмна пустымі спадзевамі жыць!

Магчыма ж ужо!

                      Ды, здаецца, не трэба.

Дождж доўгачаканы

                                 не хоча імжыць

На гэту сасмяглую, прагную глебу.

 

Апалена сонцам бязбожным, ліхім.

Вампірыць яно найапошнія сілы.

Паслана мне ўсё за якія грахі?

Люблю цябе, Божа! Кахаю Вас, мілы!

 

О марныя мары! Мне ўсё – для чаго?

Каб я зразумела ілюзію шчасця?

Не хоча згасаць вераломны агонь,

І целам каханага чар прычашчацца.

 

Мой любы! Вы згуба!

                            Кармічны мой кат!

За Вамі пайду я і ў рай, апраметнаю.

Па мне застанецца

                           шмат вершаў і згад

Аб тым,

     як шукала я шчасце – адметнае.

 

Кожнага з выступоўцаў сабраўшыяся віталі апладысментамі. У бібліятэкі каледжаў, чые навучэнцы прысутнічалі на святочнай імпрэзе, былі падараваны экземпляры альманаха “Літаратурны экватар” № 9 (11). На заканчэнне мерапрыемства вядовец Вячаслаў Корбут пажадаў моладзі поспехаў у вучобе, плёну ў жыцці, асабістай рэалізаціі ў абраных прафесіях, кахання і вясновага настрою.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў святочнай імпрэзы, прысвечнай альманаху “Літаратурны экватар” № 9 (11).

Інга Вінарская,

Вячаслаў Корбут.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вечар беларускай культуры ў Вялікім
Грамадства

Вечар беларускай культуры ў Вялікім

6 лістапада 2018, 10:3719
Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў беларускамоўнай школе
Навука

Універсітэт імя Ніла Гілевіча ў беларускамоўнай школе

30 кастрычніка 2018, 13:1818
Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні
Грамадства

Беларускія і польскія гісторыкі абмяркоўваюць складаныя пытанні

4 снежня 2018, 16:0918
Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш
Грамадства

Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш

8 лістапада 2018, 13:1918
Далучайцеся да нас