Вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, вестку аб перамозе над гітлераўскай Германіяй вітала разам з усімі нясвіжцамі і Ванда Фянькоўская, маладая дзяўчына з Капыльшчыны. Нясвіж даў сіраце прытулак ў час вайны.
Да гэтага жыла яна ў працавітай шматдзетнай сям’і ў весцы Калодзезнае, на захад ад Капыля, у бок Нясвіжа. Пачаліся трывожныя дні вайны. Неяк у вёску прыехалі паліцаі, прайшліся па вуліцы, зайшлі на вячоркі, папярэдзілі, каб назаўтра ўсе заставаліся ў хатах, былі на месцы, маўляў, будуць правяраць дакументы.
Было тое 9 лютага 43 года. Уранні, па снеданні, малыя сядзелі на печы, дарослыя займаліся будзённымі клопатамі. Ванда – старэйшая з дзяцей – першая ўбачыла, што ідуць да іх. Папярэдзіла родных і ўскочала на гарышча, бо маці неаднойчы непакоілася, маўляў, малым нічога, а яе, каб не вывезлі ў Германію. Схавалася там, накінуўшы на сябе нешта, але чула стрэлы. Чула, як нехта прыадчыняў гарышча. Пасля ўчула і добра знаёмы стук брамкі – пайшлі. Вычакаўшы колькі часу, адважылася ціхенька спусціцца ў хату. Чужых не было, былі толькі родныя, але ўсе забітыя, усе да аднаго: і бабуля, і дзед, і маці, маленькія брацікі і сястрычка. Як уведала пазней, такі ж лёс напаткаў кожную сям’ю.
Ды на тым не скончылася – схавалася ў падпечак, бо пачалося рабаўніцтва. Забіралі жывёлу і што лепшае з хаты. Пасля вёску падпалілі. Сядзела дзяўчына ў тым падпечку дакуль было магчыма. Пазней, каб не сканаць у дыме і агні адважылася выскачыць праз акно ў снег, зашылася ў гурбу, каб не згледзелі. Бо кожную хату кантралявалі.
…На некаторы час далі ёй прытулак жыхары суседняй вёскі. Пасля параілі перабірацца да каго з родных. Вось і накі-равалася Ванда ў Нясвіж. Жыла ў сям’і цёткі, якая парабралася сюды яшчэ на пачатку вайны.
Пасля вызвалення працавала ў магазіне лясніцтва, у так званых Домках. Затым паступіла вучыцца, атрымала сталую прафесію і мела добрую пасаду. Жыла ў Оршы. Пасля з мужам і сям’ёй пераехала на Украіну. Прыязджала ў Нясвіж, наведвала сваё няшчаснае Калодзезнае. Сабрала попел былой сваёй хаткі і пахавала на могілках, паставіўшы адзін крыж па ўсіх родных.
Ужо за мірным часам напісала Ванда Фянькоўская падрабязныя ўспаміны пра перажытае. Трапілі яны да пісьменніка Янкі Брыля, але на той час яго кніга “Я з вогненнай вёскі” была ўжо выдадзена.
Гэтую гісторыю пачула колькі гадоў таму ад старшыні Свержанскай суполкі Нясвіжскай арганізацыі ТБМ Валянціны Холадавай: гэта яе мама была той нясвіжскай цётачкай Ванды Фянькоўскай.
Сёлета 9 траўня з клопату і старання спадарыні Валянціны зладзілі паездку на Капыльшчыну. Першы прыпынак – могілкі в. Калодзезнае. Народны мемарыял, створаны тут у 2014 годзе на дабраахвотныя ахвяраванні і сіламі людской грамады, пры актыўным старанні мясцовага актывіста Віктара Дашкевіча, не можа пакінуць абыякавым. Мастак Уладзімір Швайбовіч з Капыля рэалізаваў задуму надзіва моцнымі метафарамі. Крок, яшчэ крок – і сцежка з бялюткіх дробных каменьчыкаў ператвараецца ў чырвона-крывавую… Абпаленая да чорнага вуголля сцяна… Вышэй, як родныя браты, каталіцкі і праваслаўны крыжы… Пры іх – невялікі медны звон. Кожны, хто наведаўся сюды, можа крануць ланцуг, што вядзе да тога звона, каб сумна-жалобным рэхам засведчыць: “Я помню”.
Другі прыпынак – вёска Чарнагубава. Тут яшчэ адзін народны мемарыял, што нагадвае пра яшчэ адну народную трагедыю. “Сялянам і былой шляхце вёскі – ахвярам палітычных рэпрэсій”, – пазначана на гранітнай пліце. Пералічаны імёны тых вяскоўцаў, што былі расстраляны, вывезены за межы Беларусі, адсядзелі тэрміны ў турмах. За усіх бязвінных ахвяр выказаўся такі ж “вораг народа” паэт Сяргей Грахоўскі:
Мы тут жылі, касілі і аралі,
А нас, невінаватых, пакаралі.
За тое, што зямлю і вас любілі,
Нас больш паўсотні сейбітаў забілі
У страшны 37 год…
Жыві і сцеражыся, наш народ.
Як на могілках у Калодзезным, так і тут, у Чарнагубаве, шмат кветак, прынесеных нядаўна, пасаджаных дзень-другі таму. І гэта абнадзейвае: памяць жыве, гісторыя вучыць, яе памылкі не павінны паўтарацца.
Вольга Карчэўская.
Нясвіж.