Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён усё прадбачыў наперад…

Ён усё прадбачыў наперад…

11 мая 2021, 19:38 Грамадства 18
Ён усё прадбачыў наперад…

1 траўня спаўнілася 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931-2008). Пры жыцці Алег Лойка напісаў і выдаў 101 кнігу. Гэта зборнікі паэзіі, крытыкі, літаратуразнаўчых артыкулаў, перакладаў, падручнікі для студэнтаў-філолагаў і г.д. Сярод выданняў свет пабачылі яго кнігі пра Янку Купалу і Францыска Скарыну, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа… Апошнія гады жыцця мой зямляк правёў у родным Слоніме. Гэты горад ён называў сваім першым светам, прасторам і любоўю. Ён так і пісаў: “Ды я не ведаю, рос я ў горадзе ці ў вёсцы, бо з кожнай вуліцы і вулічкі гэтага, лёгшага абапал Шчары гарадка, відаць на ўзгоркавым небасхіле сінія лясы, відаць разлогія палі: вясною – у руні, летам – у спелых нівах, восенню – у срабрыстым павуцінні…”. Алег Лойка любіў родны Слонім, любіў людзей, якія жывуць і жылі ў ім, ці, як ён называў, у “гэтай Шчаравай даліне”. Ён заўсёды ўсёй душой быў з родным горадам. Любы Слонім ён шчыра насіў у сэрцы. А Першамай (нарадзіўся 1 траўня) у Слоніме для Алега Антонавіча быў найвялікшым днём, які збіраў усіх яго сяброў і сваякоў за адным сталом. Збіраў у бацькоўскай хаце на Зялёнай вуліцы, ці ў цешчынай хаце на Віленскай вуліцы. Пасля Менска ён вярнуўся ў Слонім назаўсёды. Жыў у цешчынай хаце, спачатку з жонкай Лілеяй, а потым, калі яе не стала, жыў адзін. У апошнія гады жыцця знакамітага слонімца, мне некалькі разоў прыйшлося з ім разам сустракаць Першамай – гэта значыць святкаваць дзень яго нараджэння. Сябра-зямляк Алега Антонавіча – энцыклапедыст і літаратуразнавец са слонімскай вёскі Вялікая Кракотка Янка Саламевіч (1938-2012) таксама часта гасціў у яго слонімскай хаце на Віленскай вуліцы. А на дзень нараджэння свайго сябра, спадар Янка спяваў народныя песні. А яму дапамагаў Алег Антонавіч. Як яны разам землякі-слонімцы спявалі народныя песні!.. О, гэта трэба было бачыць і чуць! А колькі яны іх ведалі – дзясяткі, сотні… А ці мы сёння зможам за сталом праспяваць хоць адну беларускую народную песню?.. А?.. Праспяваць ад пачатку да канца… А яны спявалі бясконца – адна за адной, якія толькі прыходзілі на памяць. Я і сёння іх бачу разам, чую іх, слухаю іх, яны – перада мной, як жывыя, мае славутыя землякі… Прайшло трынаццаць Першамаяў без Алега Лойкі. Цяпер я разумею, чаму ён свае апошнія кнігі так і назваў: “Плач зямлі”, “Дрэва жыцця”, “Галгофа”, “Неўміручасць”, “Ушанаванне”. Алег Антонавіч быў не толькі таленавітым, але і мудрым, мужным чалавекам. Ён усё прадбачыў наперад, адчуваў час, і са шчырым спачуваннем хацеў нам пры жыцці дапамагчы:

Не дабягу – дайду,

Не дайду – дапаўзу

У кожную бяду,

У кожную слязу…  

Сяргей Чыгрын,

Беларускае Радыё Рацыя.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы
Мова

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

10 сакавіка 2020, 17:1515
Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая
Культура

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Доме Таўлая

6 чэрвеня 2024, 23:1915
Далучайцеся да нас